Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
05.08.2020

Лукашэнка: наступная пяцігодка павінна стаць пяцігоддзем маладой Беларусі

Наступная пяцігодка павінна стаць пяцігоддзем маладой Беларусі. Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт адзначыў, што заўсёды з вялікай цікавасцю ставіцца да думак і ідэй, якія выказваюць прадстаўнікі маладога пакалення. "Галоўнае, каб яны рухалі нашу краіну наперад, - падкрэсліў ён. - Лічу, што будучая пяцігодка павінна стаць пяцігоддзем маладой Беларусі. Равеснікі незалежнасці, тыя, каму сёння 25-30 гадоў, - самае актыўнае і перспектыўнае пакаленне, здольнае надаць магутны імпульс развіццю краіны, зрабіць яе канкурэнтаздольнай і паспяховай у самых розных сферах. Сфарміраваць аблічча новай Беларусі, накіраванай у будучыню".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў адкрытасць сучаснага свету, дзе актыўна перамяшчаецца ўсё: тавары, грошы, людзі - пераважна моладзь, як самая актыўная і рухомая частка любога грамадства. "Пры гэтым кожная дзяржава хоча ўтрымаць самых таленавітых у сябе. Мы не выключэнне. Беларуская дзяржава заўсёды падтрымлівала і будзе падтрымліваць моладзь", - запэўніў Прэзідэнт.

У Беларусі ёсць магчымасць атрымаць не толькі бясплатную сярэднюю і вышэйшую адукацыю, але і гарантаванае першае працоўнае месца. "А ў сучасным свеце гэта дарагога каштуе. А колькі яшчэ будзе каштаваць..." - заўважыў беларускі лідар. Ён нагадаў пра сітуацыю, у якой апынуліся некалькі тысяч студэнтаў, якія вучыліся ў Польшчы. З-за пандэміі каранавіруса іх вымусілі пакінуць гэту краіну. "І яны папрасіліся назад, у "несвабодную" краіну, да "дыктатара". "Дыктатар" іх прыняў і за гэта атрымаў - яны ўсе посцяцца і хайпуюць. Але нічога - я перажыву. Галоўнае, каб мы з вамі гэта перажылі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Вядома, вельмі важна стварыць умовы для запатрабаванасці моладзі тут, у Беларусі, і мы гэта робім", - прадоўжыў ён. У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў стварэнне шырокіх магчымасцей для навучання па розных спецыяльнасцях у такіх сучасных галінах, як ІТ-тэхналогіі, атамная энергетыка, асваенне космасу. "Работы шмат у сябе дома. Але калі ты ўбачыў доўгі рубель за межамі краіны, мы цябе прывязваць не будзем. Але павінен заўсёды помніць: ты сюды абавязкова вернешся, рана ці позна, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Таму што тут твае карані. Таму, бываючы там, за межамі нашых граніц, нашай светлай Беларусі, ніколі не паказвай пальцам у яе бок. Яна цябе вырасціла, узгадавала і дала адукацыю, таму ты такі круты за межамі гэтай краіны".

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.