Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
04.08.2020

Перамены павінны прыносіць карысць краіне - Лукашэнка

Перамены павінны прыносіць карысць краіне, умацоўваючы яе, а не разбураючы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ажыццяўляючы "перамены", трэба ісці ад людзей і станка. Перамены павінны прыносіць карысць краіне, умацоўваючы яе, а не разбураючы. Беларускі шлях рэформ - гэта цярплівае, удумлівае ўдасканаленне той вытворчасці, якая створана ў нашай краіне і заснавана на ўласных сыравіннай базе, навуцы і кампетэнцыях. Трэба займацца тым, што ты ўмееш рабіць перш за ўсё", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар падкрэсліў, што заклік "альтэрнатыўшчыкаў" ажыццявіць "перамены" праз вяртанне да ліхіх 90-х і вярнуць Канстытуцыю 1994 года - гэта падарунак крыміналу і крымінальнаму бізнесу. "Таму ніякага вяртання ў ліхія 90-я быць не можа. Гэта будзе "добрай", мутнай умовай для правядзення тых "рэформ", пра якія сёння талдычаць нашы "альтэрнатыўшчыкі". Вярнуўшы Канстытуцыю 1994 года, мы адродзім безуладдзе, абязлічым адказнасць кадраў. Тым, хто стаіць за гэтымі заявамі, патрэбна неразбярыха ў краіне, каб "распілаваць", парэзаць дзяржуласнасць, дзяржаўныя прадпрыемствы і "прыхватызаваць", як раней казалі, іх. Увесці прыватную ўласнасць на зямлю і пазбавіць народ таго, на чым ён стаяў, стаіць заўсёды і стаяць будзе", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што рэформы - гэта не кампанія, а працэс, часам цяжкі і балючы. "Нездарма ў народзе кажуць: "Не дай бог жыць у перыяд рэформ і перамен". Але калі не ажыццяўляць перамены, яны пройдуць без нас і міма нас. Таму, трымаючы руку на пульсе, трэба своечасова заўважыць імкненне грамадства да рэальных перамен і адрэагаваць. Шлях "разбурыць ушчэнт, а затым..." - не наш шлях. Ліміты рэвалюцый і разбурэнняў беларускі народ вычарпаў у мінулым стагоддзі", - заявіў беларускі лідар.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.