Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

«Бюджэт накіраваны на праблемы, якія трэба неадкладна вырашаць»

17.01.2024
На сесіі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў зроблены акцэнт на інвестыцыях і жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці сфарміраваны з удзелам экспертаў Міністэрства эканомікі і Міністэрства фінансаў Беларусі. Большая частка бюджэту датычыцца сацыяльнай сферы. Разам з тым адным з актуальных кірункаў з'яўляецца развіццё інвестыцыйнай дзейнасці.

На сесіі было адзначана, што бюджэт вобласці крыху вырас, што сведчыць пра станоўчую дынаміку развіцця рэгіёна. Выконваюцца ключавыя параметры эканомікі, якія забяспечваюць прырост. Добра спрацавалі прамысловасць, транспарт, гандаль. Пакуль недацягваюць сельская гаспадарка і будаўніцтва, але і ў гэтых сферах намецілася станоўчая тэндэнцыя.

— Бюджэт — гэта закон вобласці. Трэба сказаць, што ў рэгіёна дастаткова амбіцыйныя планы, і для гэтага ёсць падстава — рост валавога рэгіянальнага прадукту — 103 %, — адзначыў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Міцкевіч. — Сёлета дэпутаты будуць накіраваны на павелічэнне фінансавання рознага роду сацыяльных праграм, інфраструктуры, каб жыццё стала больш камфортным. У прыватнасці, у Лідзе прадугледжаны рамонт і будаўніцтва бальніцы, там ёсць такая праблема.

Расходы ў большасці будуць скіраваны менавіта на развіццё сацыяльнай сферы. Гэта і ахова здароўя, і адукацыя, сацыяльнае і пенсійнае забеспячэнне — усё тое, што робіць краіну сацыяльна арыентаванай дзяржавай. У вобласці на гэтыя мэты будзе выдаткавана 70 % бюджэту.

— Дэпутаты зацікаўлены ў тым, каб усе сродкі выкарыстоўваліся рацыянальна, максімальна эфектыўна. Каб расходная частка папаўнялася, важнае значэнне мае інвестыцыйная дзейнасць, бо інвестыцыі — гэта і заработная плата, і экспарт, і новыя прадпрыемствы, і праблема занятасці, — падкрэсліў старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук.

Менавіта інвестыцыі павінны вызначыць далейшае развіццё рэгіёна. Сёлета вобласць плануе атрымаць вынікі ад папярэдніх праектаў і закласці аснову будучага. Таму гэты працэс пад асобым кантролем як дэпутатаў, так і выканаўчай улады. Усяго ў вобласці сфарміравана больш за 300 інвестыцыйных праектаў, але ёсць прыярытэтныя. Па словах старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова, асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца чатыром асноўным праектам, якія ўваходзяць у пералік 35 найважнейшых праектаў рэспублікі. Гэта АЭС, азотны комплекс, цэментны завод і шклозавод «Нёман». Усе яны павінны выйсці на рэнтабельную работу.

— Завяршаецца буйны праект — будаўніцтва АЭС, якая ўводзіцца ў 2020 годзе, і пачнецца рэалізацыя новага значнага праекта — будаўніцтва азотнага комплексу коштам больш за мільярд долараў. Ёсць усе перадумовы, каб прыступіць да будаўніцтва сёлета і да канца пяцігодкі атрымаць вынік, — падкрэсліў Уладзімір Краўцоў.

Увогуле размеркаванне бюджэту накіравана на праблемы, якія неабходна неадкладна вырашаць. Значнае месца адводзіцца праблемам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у першую чаргу вострым пытанням па чыстай вадзе ў сельскай мясцовасці. Гэтая работа цяпер актыўна вядзецца, летась пабудавана 45 станцый абезжалезвання, сёлета запланавана запусціць яшчэ 42 станцыі. Такім чынам за некалькі гадоў праблема чыстай вады будзе вырашана ва ўсіх аграгарадках вобласці, запэўніў кіраўнік рэгіёна.

Таксама ў сістэме ЖКГ будзе працягвацца работа па замене цепласетак, што дазволіць паменшыць страты цяпла да 10 %. Будзе заменена 125 ліфтаў, якія адпрацавалі свой тэрмін, — гэтая работа апошнім часам значна актывізавалася. Дэпутаты адзначылі, што менавіта праблема ЖКГ выклікае нямала пытанняў і скаргаў з боку жыхароў, асабліва пытанні, якія датычацца капітальных рамонтаў. Таму сёлета плануецца адрамантаваць больш квадратных метраў, чым летась. Частковае фінансаванне работ па энергазберажэнні і рамонце будзе весціся за кошт рэсурсаў міжнароднага Банка рэканструкцыі і развіцця.

Паколькі Гродна — прыгранічны рэгіён, важна, каб тут развіваліся інфраструктурныя праекты, у тым ліку, транспартныя. Адзін з іх — будаўніцтва трасы М6 — амаль завершаны. Разам з тым ёсць нямала праблем і па мясцовых дарогах, пра што сведчаць звароты жыхароў. Як адзначыў Уладзімір Краўцоў, самы аўтамабілізаваны рэгіён павінен мець добрыя дарогі. Згодна з урадавай праграмай, у вобласці адрамантавана і пабудавана 900 кіламетраў дарог. На гэтую работу закладзены значныя сродкі і сёлета.

Што датычыцца сацыяльнай сферы, куды пойдзе большасць бюджэтных сродкаў, дык тут галоўная задача — павысіць зарплату работнікаў. Мяркуецца, што яе памер будзе павялічаны на 16 %.

Прадугледжана і стварэнне цэнтраў аховы здароўя. Такія цэнтры пачнуць працаваць у чатырох гарадах — Гродне, Лідзе, Ваўкавыску і Астраўцы. Тут будуць выдаткаваны сродкі на мадэрнізацыю абсталявання, што дазволіць выконваць складаныя тэхналагічныя аперацыі. Ёсць супольная праграма з Міністэрствам аховы здароўя, у якой закладзены значныя сродкі на гэтыя мэты.

Маргарыта УШКЕВІЧ
 
Па матэрыялах сайта газеты "Звязда".
 
© Ваўкавыскі раённы выканаўчы камітэт, 2024.