ЗАЛОГ ПАСПЯХОВАЙ БУДУЧЫНІ БЕЛАРУСІ - У ПАСТУПАЛЬНЫМ І ДЫНАМІЧНЫМ РАЗВІЦЦІ КРАІНЫ
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
Паважаныя запрошаныя!
Сёння пачынае работу чацвёртая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.
У міжсесіённы перыяд ключавой падзеяй сталі выбары кіраўніка дзяржавы. Электаральная кампанія праходзіла ў няпростых умовах. Мы сталі сведкамі непрыкрытага знешняга націску на нашу краіну і нагнятання нездаровай грамадскай абстаноўкі ўнутранымі дэструктыўнымі сіламі.
Народ зрабіў свой выбар у падтрымку дзеючага Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. На карысць стабільнасці, міру, спакою, праводзімай у краіне палітыкі, у цэнтры якой чалавек.
Разам з тым прадаўжаецца беспрэцэдэнтная інфармацыйная атака на Беларусь з боку заходніх дзяржаў. Распаўсюджваецца непраўдзівая і недакладная інфармацыя аб краіне. Адкрытыя фэйкі і домыслы маюць на мэце падарваць згоду ў грамадстве, пасеяць недавер'е да ўлады і сфарміраваць пратэсны рух.
Мы, члены Савета Рэспублікі, рашуча асуджаем грубае і бесцырымоннае ўмяшанне Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны і іншых замежных краін ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь.
Намі прыняты заявы, у якіх падкрэслена, што беларускі народ самастойна будзе вырашаць лёс сваёй краіны, прадоўжыць працаваць над эвалюцыйным развіццём эканомікі, палітычнай сістэмы, сацыяльнай і гуманітарнай сфер. І для гэтага ў рэспубліцы ёсць добрая форма народаўладдзя, аб якой сказаў Прэзідэнт на сустрэчы з палітычным актывам нашай краіны, - Усебеларускі народны сход.
Менавіта на гэтай пляцоўцы, з удзелам прадстаўнікоў усяго беларускага грамадства, у фармаце адкрытага дыялогу, будуць выкрышталізаваны актуальныя напрамкі ўдасканалення дзяржаўнага і грамадскага ладу ў рамках канстытуцыйнай рэформы. Яна прадвызначыць развіццё краіны на дзесяцігоддзі наперад.
Акрамя таго, удзельнікі гэтага маштабнага мерапрыемства вызначаць стратэгічныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы на бліжэйшую пяцігодку.
Сярод задач, якія патрабуюць вырашэння ў сярэднетэрміновай перспектыве, - уваходжанне краіны ў шосты тэхналагічны ўклад. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, далейшае эканамічнае развіццё Беларусі будзе грунтавацца на ўласнай энергетыцы, экалагічнай і канкурэнтаздольнай вытворчасці, найвышэйшай, на ўзроўні сусветных стандартаў, якасці беларускай прадукцыі.
Да вырашэння гэтых і іншых актуальных задач я прашу падключыцца ўсіх членаў Савета Рэспублікі.
Упэўнена, што беларускі народ здольны самастойна, без націску звонку знайсці адказы на ўсе хвалюючыя яго пытанні. Асабліва ў год 75-годдзя Перамогі мы павінны выразна разумець, што мір і спакой, чым заўсёды ганарылася наша краіна, павінны быць захаваны. І ўлада забяспечыць парадак і бяспеку, абароніць чалавека і яго права на мірнае і дастойнае жыццё.
Паважаныя калегі!
Парадак дня бягучай сесіі вельмі насычаны.
Плануецца работа над больш як 30 законапраектамі ў розных сферах дзейнасці дзяржавы і грамадства.
На працягу сесіі трэба разгледзець праекты Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Асаблівы акцэнт у іх зроблены на гуманізацыі адміністрацыйнай адказнасці, узмацненні прафілактычнага складніка і выключэнні норм, якія выйшлі з ужытку і незапатрабаваны.
Трэба адзначыць, што ў праекты ўключаны ў тым ліку навацыі, прапанаваныя членамі Савета Рэспублікі.
Просьба ўдзяліць гэтым знакавым дакументам самую пільную ўвагу ў працэсе іх разгляду.
Па даручэнні кіраўніка дзяржавы цяпер пачата маштабная заканатворчая работа па ўдасканаленні Крымінальнага, Крымінальна-працэсуальнага і Крымінальна-выканаўчага кодэксаў.
Упэўнена, што члены Савета Рэспублікі прымуць у ёй самы актыўны ўдзел і ўнясуць аргументаваныя прапановы, накіраваныя на ўдасканаленне механізма рэалізацыі крымінальна-прававой палітыкі дзяржавы.
Аднымі з важнейшых на гэтай сесіі будуць законапраекты аб рэспубліканскім бюджэце і бюджэце Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на 2021 год.
Асноўныя патрабаванні да гэтых дакументаў вызначаны Прэзідэнтам нашай краіны. Бюджэт павінен быць арыентаваны перш за ўсё на развіццё. Гэта асабліва актуальна ў кантэксце актывізацыі работы па прыцягненні ў эканоміку краіны замежных і ўнутраных інвестыцый.
Паспяховы старт новай пяцігодкі шмат у чым залежыць ад збалансаванасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, эфектыўнасці бюджэтных расходаў. Таму нам неабходна з асаблівай уважлівасцю падысці да разгляду законапраекта аб бюджэце.
Для павышэння якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі, забеспячэння аховы здароўя насельніцтва плануюцца змяненні ў законы ў сферы аховы здароўя.
Законапраект "Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі" накіраваны на максімальную інтэграцыю ў грамадскае жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Упершыню на заканадаўчым узроўні будуць урэгуляваны пытанні абароны персанальных даных.
Павышэнню інвестыцыйнай прывабнасці і спрашчэнню парадку правядзення мытных аперацый будзе садзейнічаць законапраект "Аб мытным рэгуляванні ў Рэспубліцы Беларусь".
Паважаныя калегі!
Важнейшым прыярытэтам нашай дзейнасці з'яўляецца работа з насельніцтвам і зваротамі грамадзян. Такі напрамак на гэтым этапе развіцця краіны набывае асаблівую актуальнасць.
У міжсесіённы перыяд членамі Савета Рэспублікі разгледжана больш за тысячу зваротаў, а за дзевяць месяцаў бягучага года - больш за тры тысячы.
Апошнім часам паступае вялікая колькасць зваротаў, у якіх грамадзяне падтрымліваюць Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку і праводзімы ім курс дзяржаўнай палітыкі.
Па-ранейшаму нямала слоў удзячнасці ў пісьмах адрасавана членам Савета Рэспублікі за дапамогу ў вырашэнні канкрэтных пытанняў. Напрыклад, грамадзяне выказалі ўдзячнасць Сяргею Міхайлавічу Сіўцу і Алегу Алегавічу Румо.
Пры гэтым, як паказвае практыка, члены Савета Рэспублікі часта аказваюцца апошняй інстанцыяй, дзе людзям рэальна дапамагаюць у вырашэнні іх праблем. А яны ж павінны вырашацца органамі ўлады і дэпутатамі на месцах.
Як вы думаеце, няўжо для прадаўжэння аўтобусных зносін у Пружанскім раёне неабходна было ўмяшанне Савета Рэспублікі? Хіба мясцовым уладам гэта не па сілах? На жаль, такіх прыкладаў нямала.
Хачу нагадаць, што мясцовыя Саветы дэпутатаў - гэта сувязнае звяно паміж уладай і народам. Паўнамоцтваў у іх дастаткова. Аднак дэпутаты карыстаюцца імі часам нясмела. Сацыяльныя сеткі не заўсёды задзейнічаюцца для стасункаў з людзьмі.
Менавіта таму на сучасным этапе надзвычай важна прадоўжыць удасканаленне форм і метадаў работы мясцовых Саветаў дэпутатаў з насельніцтвам. Дэпутатам усіх узроўняў неабходна максімальна выкарыстоўваць магчымасці інтэрнэт-прасторы. Таксама трэба актывізаваць, а магчыма і перафармаціраваць дзейнасць органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.
Гэтыя пытанні застануцца ў цэнтры ўвагі Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання і Прэзідыума Савета Рэспублікі.
Дарэчы, зусім нядаўна з выездам на месца мы вывучылі дзейнасць органаў мясцовага самакіравання пярвічнага ўзроўню на прыкладзе Смілавіцкага сельскага Савета дэпутатаў. Па выніках падрыхтаваны канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні работы названых органаў у галіне сацыяльнай абароны насельніцтва, забеспячэння занятасці, павышэння якасці жыцця людзей, добраўпарадкавання тэрыторый і іншых сферах.
Прынята рашэнне праводзіць выязныя пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі не радзей як два разы ў месяц.
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
Літаральна некалькі дзён таму завяршыў сваю работу VII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі на тэму "Гістарычная спадчына Вялікай Перамогі як аснова развіцця сацыяльна-эканамічных і духоўных сувязей народаў Беларусі і Расіі".
Мы яшчэ раз пераканаліся ў тым, што агульнасць пройдзенага гістарычнага шляху, перажытыя разам эпахальныя падзеі з'яўляюцца важным кансалідуючым фактарам, які садзейнічае з'яднанасці і ўмацаванню адзінства беларусаў і расіян.
У мэтах далейшага збліжэння нашых народаў, забеспячэння стабільнасці і бяспекі дзяржаў надзвычай важна максімальна выкарыстоўваць багаты і разнапланавы патэнцыял супрацоўніцтва.
Гэта асабліва актуальна ў сучасным свеце, калі гістарычныя факты, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, усё часцей скажаюцца і фальсіфікуюцца. У сувязі з гэтым падрастаючаму пакаленню вельмі складана разабрацца ў дакладнасці той ці іншай інфармацыі, зрабіць правільныя вывады. Таму нам неабходна ўдзяляць вялікую ўвагу адстойванню гістарычнай праўды і яе дакладнаму асвятленню.
Па выніках форуму яго ўдзельнікі пацвердзілі намеры дзвюх краін процідзейнічаць спробам перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны. Асаблівую ўвагу акцэнтавалі на важнасці захавання міру і бяспекі, а таксама на неабходнасці патрыятычнага выхавання моладзі.
У рамках форуму падрыхтавана каля 70 пагадненняў аб супрацоўніцтве і камерцыйных кантрактаў на суму звыш $700 млн. Усё гэта стварае вялікі задзел для далейшага ўмацавання сувязей паміж рэгіёнамі дзвюх краін.
У бліжэйшы час мы прадоўжым наша ўзаемадзеянне з замежнымі калегамі ў рамках Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў - удзельніц СНД, Парламенцкай асамблеі АДКБ, Міжпарламенцкага саюза.
Відавочна, што гэтыя пляцоўкі неабходна шырэй выкарыстоўваць для аб'ектыўнага інфармавання аб сітуацыі ў Беларусі, пашырэння парламенцкімі метадамі знешнепалітычных і знешнеэканамічных інтарэсаў дзяржавы.
Мы не раз пераконваліся ў эфектыўнасці парламенцкай дыпламатыі, таму ў цяперашніх умовах яе значэнне надзвычайна ўзрастае. Нам, парламентарыям, трэба максімальна поўна выкарыстоўваць яе патэнцыял.
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
Для вырашэння задач, што стаяць перад намі, па ўмацаванні суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, павышэнні дабрабыту яе грамадзян работа парламентарыяў павінна быць максімальна прадметнай, канкрэтнай і эфектыўнай. Галоўнымі складнікамі яе поспеху будуць з'яўляцца высокі прафесіяналізм і актыўная грамадзянская пазіцыя кожнага з нас.
Жадаю ўсім плённай работы.
Дзякую вам за ўвагу!