16 верасня ў Ваўкавыскай раённай бібліятэцы ў рамках тыдня народнага адзінства прайшла сустрэча з нашым паэтам-земляком, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалаем Пятровічам Іваноўскім
25.09.2024
Сустрэча з паэзіяй — гэта заўсёды свята. А калі паэт, аўтар выдатных радкоў пра твой горад, малую радзіму, знаходзіцца побач, сам чытае свае творы — гэта сапраўдная святочная падзея.
16 верасня ў Ваўкавыскай раённай бібліятэцы ў рамках тыдня народнага адзінства, які праводзіцца ў бібліятэках краіны, прайшла сустрэча навучэнцаў Ваўкавыскага каледжа УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. Я. Купалы» з цікавым чалавекам, нашым паэтам-земляком, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалаем Пятровічам Іваноўскім.
Мікалай Пятровіч — аўтар кнігі «Нашчадкі роду Іваноўскіх», паэтычнага зборніка «Пяром і сэрцам», кніг для дзяцей «Загадкі на ўсе выпадкі», зборнікаў вершаў «Сцяжынка дзяцінства», «Кроплі расы», «Вострым зрокам».
З непадробнай цікавасцю і ўвагай падлеткі слухалі М. Іваноўскага, яго расказ аб нараджэнні сваіх вершаў. Прысутныя даведаліся пра дзяцінства паэта, гадах вучобы, працы на заводзе, пра сям’ю.
Мікалай Пятровіч прадставіў слухачам вершы, напоўненыя глыбінёй і сэнсам, пранізаныя духам велізарнай любові да роднага краю і людзей, якія жывуць побач, прыроды. Чытаў свае творы аб роднай зямлі, аб подзвігу людзей у гады вайны. Прагучалі вершы: «Дарогу маладым», «Вясковыя замалёўкі», «Пачастуем па-беларуску», «Пагутарым пра мову», «Казаў мне Купала» і іншыя.
У вершах Іваноўскага гучыць шчырая адданасць роднай зямлі і сваімі пачуццямі аўтар падзяліўся з чытачамі. Мікалай Пятровіч нарадзіўся ў вёсцы, тэма прыроды заўсёды была блізкая яму, ён услаўляе прыгажосць навакольных краявідаў, захапляецца зменай пор года, радуецца прыходу вясны і сумуе аб адыходзячай восені, захапляецца снежнай завірухай. Паэта хвалюе і ваенная тэма, яго вершы прысвечаны подзвігу людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны, аўтар хоча данесці да чытача неабходнасць захавання міру на зямлі, выступае супраць вайны.
Разам з Мікалаем Пятровічам юнакі і дзяўчаты разважалі аб такіх паняццях, як Радзіма, адзінства, гонар, патрыятызм, годнасць. Яны атрымалі добрыя пажаданні ад паэта-земляка. Сустрэча нікога не пакінула абыякавым. Творчасць Мікалая Іваноўскага — гэта свет яго душы, адлюстраваны ў словах. Трывога, боль, сумненні, роздум пра перажытае, пра сяброўства, пра каханне — у кожным радку вехі жыццёвага шляху, і ў кожнага верша ёсць свая гісторыя, якой аўтар ахвотна дзяліўся са слухачамі.
Прысутныя падзякавалі Мікалаю Пятровічу Іваноўскаму і пажадалі далейшых творчых поспехаў і новых сустрэч. Сустрэча атрымалася па-хатняму добрай і душэўнай. Такія мерапрыемствы важна і трэба праводзіць як мага часцей, каб мясцовых паэтаў, якія пражываюць сярод нас, землякі ведалі не толькі па кнігах, але і асабіста.
Па матэрыялах сайта БЕЛТА.