“Мацвееўскі карагод” закружыў усіх аматараў і прыхільнікаў традыцыйнай культуры на свяце фальклору, якое адбылося ў аграгарадку Мацвееўцы
28.08.2024
“Мацвееўскі карагод” закружыў усіх аматараў і прыхільнікаў традыцыйнай культуры на свяце фальклору, якое адбылося ў аграгарадку Мацвееўцы. Гэтае мястэчка даўно стала жамчужынай фальклорнай спадчыны Ваўкавышчыны. Тут жывуць у сваім самабытным выглядзе традыцыі, абрады, песенная спадчына, якія адраджаюць, захоўваюць і транслююць удзельнікі народнага фальклорнага гурту “Чараўніцы” Мацвееўскага Дома культуры.
Арганізатарам мерапрыемства выступіў Мацвееўскі Дом культуры Ваўкавыскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Сёлета ў аснову свята лягло прадстаўленне фрагмента традыцыйнага вясельнага абраду. Як у даўнія часы, малады з маладой ды ўсёй вясельнай грамадой пад’ехалі на вясельнай павозцы да ўрачыстай пляцоўкі, дзе іх сустракалі бацькі і хросныя. Госці ўдзельнічалі ў традыцыйных вясельных гульнях “Мост” і “Знаёмства”, частаваліся традыцыйнымі вясельнымі стравамі, адорвалі маладых.
Асобным пунктам святочнай праграмы быў конкурс каравайніц “Вясельны абярэг”: канкурсанткі прадстаўлялі караваі, прыгатаваныя па мясцовых рэцэптах с захаваннем рэгіянальных традыцый. Жыхарка Ятвязі Тамара Іванаўна Карнацэвіч з’яўляецца носьбітам элемента нематэрыяльна-культурнай спадчыны “Комплекс уменняў вырабу вясельнага каравая на Ваўкавышчыне”, які прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь. Яна прадставіла традыцыйны вясельны каравай Ваўкавышчыны, упрыгожаны двума галубамі, што сімвалізуюць мір і сямейную вернасць.
Жыхарка аграгарадка Мацвееўцы Надзея Аляксееўна Талашка пераняла ўменні вырабу вясельнага каравая ад Яўгеніі Міхайлаўны Прохар з вёскі Маісеевічы. Каравай Надзеі Аляксееўны быў упрыгожаны традыцыйнымі шышачкамі і вылучаўся памяркоўнасцю дэкаратыўных элементаў.
Іна Фёдараўна Дуброўская з вёскі Багдзі пераняла веды ад сваёй матулі Зінаіды Іванаўны Міронь, жыхаркі вёскі Жорнаўка. На конкурс яна прадставіла двух’ярусны каравай, упрыгожаны барвінкам, шышачкамі і кветкамі, якія ўвасабляюць красу роднага краю.
Вясельны каравай і сёння не страціў сваю сакральную функцыю. Ён — сімвал дабрабыту і багацця маладых, працягу роду і даўгалецця шлюбнага саюзу, якімі маладыя дзеляцца з гасцямі. А пасля таго, як кожны госць атрымаў свой кавалак, а каравайніцы — дыпломы і падарункі, настала пара прыскокаў і прыпевак. І ў завяршэнні свята ўсіх гасцей і ўдзельнікаў закружыў карагод побытавых танцаў.
Па матэрыялах сайта раённай газеты "Наш час".