Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Па абавязку памяці

23.04.2024
Па абавязку памяці
2020 год — юбілейны для дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 1 г.п. Рось” Ваўкавыскага раёна. Золатам вялікіх спраў, здзяйсненняў, адкрыццяў адсвечвае гэта дата. Настаўнікі, вучні, бацькі, выпускнікі — кожны заклаў сваю цаглінку ў падмурак 100-гадовага юбілею. Гэта яны стваралі гісторыю школы і пракладвалі сваімі ведамі, дбайнасцю, шчырасцю, узнёслай духоўнасцю шлях на карысць роднай Бацькаўшчыне.

Чалавечае жыццё не бясконцае, працягнуць яго можа толькі памяць, якая адна перамагае час. Наша памяць — не проста магчымасць помніць, але ўласцівасць душы і сэрца захоўваць былое, берагчы тую тоненькую нітачку, якая ідзе ад чалавека да чалавека, ад пакалення да пакалення.

Набліжаецца значная дата — 75-гадовы юбілей Вялікай Перамогі. Не забываць жудасныя гады Вялікай Айчыннай вайны — наш абавязак перад тымі, хто набліжаў Перамогу. Яны заслугоўваюць таго, каб мы памяталі ўсіх пайменна і кожнага трэцяга ў Беларусі, кожнага, хто набліжаў дзень, які “порахам прапах”.

Цікава, ці падлічваў хтосьці, колькі настаўнікаў прымала ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне? Магчыма, такая лічба існуе. А калі і няма яе, то ў кожным раёне, упэўнена, сваіх педагогаў-ветэранаў вайны памятаюць. Дык вось, сярод іх велічна ўзвышаецца постаць Міхаіла Ануфрыевіча Мельнікава, былога франтавіка, а потым дырэктара сярэдняй школы гарадскога пасёлка Рось.

Нарадзіўся Міхаіл Ануфрыевіч 5 снежня 1922 года ў вёсцы Санюкі Ельскага раёна Палескай (зараз Гомельскай) вобласці. Да вайны скончыў сем класаў Санюкоўскай школы і ў 1938 годзе паступіў на вучобу ў Мазырскае педвучылішча. Вучоба давалася лёгка, вучыцца было цікава. Прафесія настаўніка ў той час была вельмі прэстыжнай, таму бацькі ганарыліся сынам і як маглі яго падтрымлівалі. Але марам аб шчаслівым будучым немагчыма было здзейсніцца, іх перапыніла вайна.

Да 1943 года Міхаіл са сваімі блізкімі жыў на акупаванай тырыторыі, займаўся сельскай гаспадаркай. Час быў суровы, даводзілася не адзін раз хавацца, каб фашысты ў выніку чарговай аблавы не адправілі на працу ў Германію. А ў 1943 годзе яго прызвалі ў армію. Службу пачаў у 68-м стралковым палку ў якасці стралка-кулямётчыка. Ваяваў на Першым Украінскім фронце. Быў камандзірам кулямётнага разліку, які заўсёды дзейнічаў безадказна. У школьным музеіі захоўваецца ўдзячнае пісьмо камандзіра часці Л.М. Казлова: “Поздравляю Вас, товарищ Мельников, с боевым достижением. Вы оказали большую помощь товарищам в отражении вражеских атак. Ваш подвиг служит образцом выполнения Приказа Верховного Главнокомандующего”.

У 1944 годзе Міхаіл Ануфрыевіч быў пераведзены ў 188 Аргунскі стралковы полк. Ваяваў на тэрыторыі Польшчы, Чэхаславакіі, удзельнічаў у вызваленні гэтых тэрыторый. У адным з баёў быў паранены ў левую нагу. Так што Перамогу сустрэў у шпіталі. Раненне не прайшло бясследна. Яно час ад часу напамінала пра сябе, таму салдата перавялі пісарам штаба палка. Хутка вайсковая часць была перадыслацыравана ў Рось. Тут яго і дэмабілізавалі. За заслугі перад Айчынай Мельнікаў быў узнагароджаны медалём “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”.

У другі пасляваенны год Міхаіл Ануфрыевіч паступіў у Гродзенскі педагагічны інстытут на філалагічны факультэт. У 1951 годзе ён атрымлівае прызначэнне на пасаду інспектара аблана, але адмаўляецца і просіць, каб яго накіравалі ў Рось, дзе праходзіў вайсковую службу. 32 гады Міхаіл Ануфрыевіч прысвяціў школе, 20 з іх — з’яўляўся яе дырэктарам. Пад яго кіраўніцтвам вучні пасадзілі дрэвы ў скверы, пладовы сад каля школы. Доўгія гады ён кіраваў пошукавай дзейнасцю. З яго дапамогай былі ўстаноўлены імёны тых, хто загінуў пры вызваленні нашага пасёлка.

Міхаіл Ануфрыевіч заўсёды і ва ўсім праяўляў актыўную жыццёвую пазіцыю. Вялікую ўвагу надаваў грамадскай дзейнасці, з’яўляўся дэпутатам пасялковага Савета, вёў асветніцкую прапаганду сярод насельніцва. За шмтгадовую плённую працу ў 1989 годзе быў узнагароджаны граматай Міністэрства адукацыі БССР, атрымаў званне і нагрудны знак “Выдатнік народнай адукацыі”.

Жыццёвы шлях Міхаіла Ануфрыевіча Мельнікава — прыклад мужнасці і гераізму Салдата, а таксама добрасумленнай, самаадданай працы Настаўніка і Чалавека.

Імкліва, няўмольна бяжыць час. Усё далей і далей у мінулае сыходзяць суровыя і гераічныя гады апошняй вайны. Усё менш і менш застаецца ў жывых тых, хто ўзваліў на сябе непамерна цяжкую ношу: не проста выжыць, а перамагчы. Час усё далей аддаляе нас ад тых падзей, але знікнуць зусім з памяці яны не могуць дзеля таго, каб жыццё на зямлі працягвалася.

Валянціна СЛУЦКАЯ, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства СШ № 1 г.п. Рось

Па матэрыялах сайта раённай газеты "Наш час".
 
© Ваўкавыскі раённы выканаўчы камітэт, 2024.