21.08.2021
Аб "накатах", звядзенні разлікаў, чыстых руках і пераходзе ў палітыку - галоўныя мэсэджы Лукашэнкі бізнесу
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння правёў рабочую сустрэчу з міністрам па падатках і зборах Сяргеем Налівайкам і старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Васілём Герасімавым. І хоць профільнай тэмай было пытанне збіральнасці падаткаў, адміністравання і ўдасканалення падатковай сістэмы, большая частка сказанага кіраўніком дзяржавы датычылася работы бізнесу ў Беларусі. Прэзідэнт развеяў некаторыя апасенні і насцярожанасць і падкрэсліў, што ніхто ні з кім не збіраецца зводзіць разлікі. Галоўнае - выконваць законы і добра разумець, што бізнес і палітыка - гэта розныя рэчы. БЕЛТА сабрала галоўнае са сказанага Аляксандрам Лукашэнкам.
Ва ўладу трэба ісці з чыстымі рукамі
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што апошнім часам, у тым ліку зыходзячы з урокаў мінулага года, пачалі прынцыпова патрабаваць ад бізнесменаў выплаты падаткаў і нават проста нармальных паводзін. Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане адразу зрабіў рэмарку: "Я не маю на ўвазе, што бізнесмен - гэта бяспраўны чалавек і не мае права на ўласнае меркаванне. Абсалютна не. Але заўсёды падкрэсліваў і думаю, што разумныя бізнесмены мяне пачулі, што палітыка і бізнес - гэта рэчы розныя".
Любы бізнесмен, які хоча займацца палітыкай, павінен строга прытрымлівацца закону, падкрэслівае беларускі лідар. Пры гэтым законы павінны выконваць усе: і палітыкі, і бізнесмены. Але ні ў якім разе не спрабаваць прыкрыць палітычнай дзейнасцю нейкія махінацыі на ніве бізнесу і прадпрымальніцтва. "Некаторыя сядзельцы, якія сёння там знаходзяцца (у месцах зняволення. - Заўвага БЕЛТА), так сябе і паводзілі. Вось гэта будзе спыняцца адназначна. І не трэба на ўладу крыўдзіцца, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта не значыць, што бізнесменам, кіраўнікам кампаній забаронена ісці ва ўладу. Можна. Але для гэтага ёсць выбары. Ідзіце, змагайцеся і будзьце непадкупнымі. Рабіце так у жыцці, каб не было за што цябе зачапіць. Як тут адзін з карцінамі і іншым: накраў мільёны долараў і пайшоў на выбары. Чаго пайшоў - зразумела, трэба было гэта ўсё прыкрыць".
"Калі ты недзе там замазаўся і ідзеш у палітыку, і яшчэ рвешся да ўлады, цябе высвецяць, раздзенуць да трусоў і пакажуць, хто ты ёсць. Так яно заўсёды адбываецца. Таму ва ўладу трэба ісці з чыстымі рукамі", - рэзюмаваў беларускі лідар.
З сумленных бізнесменаў не павінен упасці ні адзін волас
Перад бізнесам, які працуе строга ў адпаведнасці з законам, клапоціцца пра сваіх работнікаў і выконвае сацыяльныя гарантыі, у Беларусі адкрыты ўсе дзверы. І тут, як адзначае Прэзідэнт, не трэба дзейнічаць агулам: "Мы апошнім часам вельмі прынцыпова, у адпаведнасці з законам ставімся да тых, хто павінен плаціць падаткі, хто займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Хачу вас папрасіць і папярэдзіць: мы пад гэту марку ні ў якім разе не павінны пакрыўдзіць людзей, якія сумленна працуюць, якія займаюцца ў адпаведнасці з законам бізнесам, прадпрымальніцтвам".
"Хачу, каб разумелі: ні адзін волас з прадпрымальніка і бізнесмена, які сумленна працуе, упасці не павінен. Мы ні ў якім разе не павінны ператварыць у моду - задушыць нейкага прадпрымальніка і бізнесмена. Гэта людзі, якія працуюць на дзяржаву і прыносяць ёй карысць. Толькі адзінае: падаткі трэба плаціць, людзей, якія ў цябе працуюць, не крыўдзіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Адначасова кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ні ў якім разе нельга беспадстаўна "накатваць" на бізнес і спецыяльна шукаць для гэтага падставу. "Мы ні ў якім выпадку не павінны "накатваць". Хоць і гадка сябе павялі некаторыя іпэшнікі, айцішнікі і іншыя. Нельга проста ўзяць і іх за нешта пакараць. Не трэба шукаць падставу, прычыны і гэтак далей. Няхай працуюць у адпаведнасці з законам. Парушыў закон - па поўнай няхай адказваюць", - папярэдзіў беларускі лідар.
Ніхто з бізнесменамі разлікі зводзіць не будзе
Аляксандр Лукашэнка асобна акцэнтаваў увагу на тым, што ў краіне могуць спакойна працаваць і тыя, хто па тых ці іншых прычынах памыліўся або проста "заблудзіўся". І тут зноў працуе прэзідэнцкі тэзіс, што не так важна, якіх поглядаў быў чалавек, галоўнае, каб усё было ў адпаведнасці з законам, на карысць дзяржавы і народа.
"Я хачу, каб бізнесмены мяне пачулі, што ніхто з імі зводзіць разлікі не будзе. Нехта памыліўся, нехта заблудзіўся, нехта няправільна зразумеў нешта. Трэба з імі перагаварыць. Я гатовы нават на маім узроўні гэта рабіць, калі вы знойдзеце адпаведную форму. Але тых, хто працаваў сумленна ў нас, тых, хто хоча да нас прыйсці працаваць, мы павінны прымаць як сваіх людзей, якія ствараюць карысць для народа і дзяржавы. Перагібаў нельга дапускаць ні ў якім разе. Я не бачу такіх перагібаў, але не хачу, каб яны былі ў будучым", - заявіў беларускі лідар.
"Разумець трэба адно: дзяржава і народ - гэта ўсё, усе мы павінны на гэта працаваць. Хто гэтага не разумее, гэта іх праблемы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка
Не набіваць кішэні за кошт сваіх жа работнікаў
Кіраўнік дзяржавы нагадаў і аб сацыяльнай справядлівасці: зарабіў сам - дай зарабіць іншым. Або, іншымі словамі, проста плаці людзям, якія працуюць на цябе, дастойную зарплату.
"Нельга, каб ты набіваў свае кішэні, а людзі вялі напаўжабрацкае існаванне. Вы памятаеце, напярэдадні выбараў я ставіў жорстка пытанне, што нам трэба ўстанавіць сярэднюю заработную плату, ніжэй за якую нельга, і наогул бізнесмены, прыватныя структуры павінны крыху вышэй, чым сярэдні заработак, плаціць. Гэта ой як не спадабалася бізнесу: "Як гэта я аддам грошы?!" Дык гэтыя ж людзі на цябе працуюць, прыносяць табе грошы. Гэта ж не значыць, што ты, груба кажучы, 10 працэнтаў ім аддаў, а 90 працэнтаў сабе ў кішэнь паклаў. Такі бізнес нікому не патрэбны", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
У гэтым плане ён заклікаў звярнуць увагу на палітыку Кітая. "Кампартыя Кітая, Сі Цзіньпін заявілі аб тым, што багатыя павінны дапамагчы бедным. Трэба дзяліцца: вы значна зарабілі - дапамажыце бедным. Павінна быць грамадства сярэдняга дастатку. Нядаўна яны абвясцілі гэты тэзіс - мудрыя кітайцы, вельмі багатая краіна. А мы заўсёды праводзілі гэту палітыку: калі ты зарабіў, ну, падзяліся з тымі, хто на цябе працуе, і плаці падаткі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Па матэрыялах сайта БЕЛТА.