Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
26.08.2021

Аб перазагрузцы, школе і палітыцы і за што могуць паляцець галовы. Галоўнае з выступлення Лукашэнкі на педсавеце

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 жніўня прыняў удзел у пленарным пасяджэнні Рэспубліканскага педагагічнага савета, які на працягу двух дзён праходзіў у Мінску. Папярэдні раз такое мерапрыемства Прэзідэнт наведваў чатыры гады таму. Тады ўдзельнікі форуму абмеркавалі і прынялі Канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі на кароткатэрміновы (да 2020 года) і доўгатэрміновы (да 2030-га) перыяды. З улікам усіх змяненняў і падзей, якія адбыліся не толькі ў свеце, але і ў Беларусі за апошні час, расставіць на вышэйшым узроўні дадатковыя акцэнты ў пытаннях, хто і як вучыць маладое пакаленне, было зусім не лішнім. Тым больш што ў Палаце прадстаўнікоў цяпер на разглядзе знаходзіцца праект абноўленага Кодэкса аб адукацыі - своеасаблівая канстытуцыя ў названай сферы. У сувязі з гэтым і даручэнне Прэзідэнта: перад другім чытаннем у парламенце гэтай восенню яшчэ раз канцэптуальна звярнуць увагу на магчымыя спрэчныя моманты. Каб потым рукамі не разводзілі, што недзе нешта ўпусцілі, і, як заўсёды, будзе ў гэтым вінаваты Прэзідэнт, прадметна растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Урокі засвоены. Трэба будзе перазагрузіць сістэму адукацыі Бадай што самай гучнай заявай Прэзідэнта на праведзеным педагагічным форуме стала навіна аб маючай адбыцца перазагрузцы сістэмы адукацыі. "Урокі засвоены. Падзеі, што здарыліся, прадвызначылі глабальнасць тых пытанняў, якія мы вынеслі на гэты педсавет. Нам трэба будзе перазагрузіць сістэму адукацыі. Сёння гэта пытанне дзяржаўнай важнасці", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб старажытнай мудрасці: пасля хлеба самае важнае для народа - гэта школа. "Не прымяншаючы ролю сям'і, мы ўсе з вамі добра разумеем, што менавіта выхавальнік і настаўнік стаяць ля вытокаў фарміравання народа як адзінай нацыі. Навука гэта называе нацыянальнай ідэнтычнасцю. Па-простаму гэта патрыятызм", - сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што ў гэтым паняцці шмат сэнсаў: любоў да Радзімы, павага да дасягненняў мінулага, прыхільнасць да традыцый, шанаванне старэйшых пакаленняў і гонар за поспехі сучаснікаў, імкненне ўнесці свой уклад у гісторыю краіны. Паводле слоў беларускага лідара, час ставіць перад сістэмай адукацыі беспрэцэдэнтны па сваёй сур'ёзнасці выклік. Асабліва за апошнія два гады было шмат выпрабаванняў: гэта і пандэмія, і палітычныя падзеі, якія закранулі работнікаў сістэмы адукацыі не менш, чым сілавікоў і дзяржаўных служачых. "І сёння я дзякую тым, хто не пахіснуўся, і ў вашай асобе ўсёй нашай педагагічнай супольнасці за прафесіяналізм, адданасць сваёй справе і грамадзянскую пазіцыю, ад якой залежала шмат", - падкрэсліў Прэзідэнт. "Вы чарговы раз пацвердзілі, што адукацыя - гэта не сфера паслуг, не бізнес, а аплот нашай дзяржаўнасці, сацыяльна значная галіна эканомікі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы зрабілі ўсё, каб нашы дзеткі вучыліся, калі мы нічога не ведалі пра вірус і было страшна выходзіць на работу. Ведаю, якія пагрозы сыпаліся ў ваш адрас, калі пачаліся бунты і бліцкрыг, асабліва ў Мінску. Ва ўмовах цкавання вы мужна праводзілі сваю работу: вучылі, выхоўвалі, цярпліва размаўлялі з агрэсіўна настроенымі бацькамі". Будучы год прысвецяць адукацыі "Давайце загарымся адной ідэяй - давайце нашу краіну абаронім. Гэта краіна для вашых дзяцей. Вось яе трэба для дзяцей захаваць. Калі мы з такім пачуццём прыйдзем у школу, мы зробім справу і вырашым тыя праблемы, якія стаяць перад намі сёння", - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Будучы год мы прысвецім адукацыі. Мы павінны разгледзець усё - ад прыёму ў школу". Дарэчы, не выключана, што 2022 год можа быць аб'яўлены Годам настаўніка і адукацыі - такая прапанова прагучала на форуме. Прэзідэнт у цэлым не супраць, але абяцаць пакуль нічога не стаў: раптам потым "прынясуць яшчэ нейкую цудоўную прапанову, і яна будзе лепшая за гэту". Асобную ўвагу, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, плануецца ўдзяліць будаўніцтву і размяшчэнню школ у гарадах. Праблем у гэтым нямала, адзначыў кіраўнік дзяржавы. "У нас хапае школ, але ўзнікла праблема. Дапусцім у Мінску, у цэнтры, свабодны дзіцячыя сады і школы (насельніцтва ўжо старэйшае, не нараджаюць), а моладзь, якая нараджае, жыве на ўскраіне, і мы пачынаем штампаваць там школы. А гэта каласальныя грошы". Такія пытанні ўзнікаюць і ў рэгіёнах, калі ў сельскіх школах не хапае вучняў, а педагогам з-за недахопу педагагічных кадраў даводзіцца весці некалькі прадметаў. Такія школы давялося закрываць. Але быў арганізаваны падвоз вучняў з вёсак у райцэнтры. "Ад мяне патрабуюць школу не закрываць. Дык мы што, для птушкі дзяцей у школу адпраўляем? Яны ж за ведамі ідуць. А якія будуць веды, калі адзін настаўнік адначасова вядзе тры ўрокі ў адным класе, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэтак жа і ў Мінску. Чаму мы баімся падвезці, калі трэба, асобныя маршруты арганізаваць? Гэта будзе значна танней". Школа не можа быць па-за палітыкай "Пытанне, якое сёння, як кажуць, вісіць у паветры: ці павінна школа ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны? Адказ адназначны: школа не можа быць па-за палітыкай. Наогул палітыкі не бывае без школы. Але палітыка там павінна быць толькі адна - дзяржаўная. Сцяг і гімн - дзяржаўныя. І давайце спынім размовы на гэту тэму", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт адзначыў, што такую ж дзяржаўную палітыку праводзяць ва ўсіх краінах, якія паважаюць сябе, - ад ЗША да Кітая, уключаючы Расію. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што прафесіяналы гэта разумеюць. "Як разумеюць і тое, што грамадзянская і жыццёвая пазіцыя педагога, яго ўдзел у грамадскім або палітычным жыцці краіны - гэта прыклад, на якім выхоўваюцца не толькі вучні, але і настаўнікі. Школа выхоўвае не толькі вучняў, але і перавыхоўвае многіх бацькоў. Бо мы з вамі цудоўна ведаем, што любыя фундаментальныя веды павінны пацвярджацца прыкладамі з жыцця. У размове з дзецьмі не пазбегнуць аналізу падзей мінулага і сучаснага, іх ацэнкі з пазіцыі інтарэсаў дзяржавы, у якой жывём. Што гэта, калі не палітыка?" - запытаў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт. На яго думку, у гэтым пытанні не мае значэння, які прадмет выкладае настаўнік. "Можна і задачу па хіміі сфармуляваць так, што дзіця будзе ганарыцца сваёй краінай. І наадварот, - перакананы ён. - Чаму так стаўлю пытанне? Таму што частка нашай моладзі, атрымаўшы адукацыю тут, імкнецца паехаць за мяжу. Не ўсе, але тэндэнцыя насцярожвае. Бо тыя, хто выязджае, адрываюцца - гэта самае страшнае - ад сваіх каранёў. Добра, калі едуць за новым вопытам, ведамі, каб прымяніць іх на Радзіме. І тое трэба ўважлівей паглядзець, хто і чаму іх там вучыць". Прэзідэнт адзначыў, што, з аднаго боку, беларускія педагогі выпускаюць са школ перспектыўных студэнтаў і рыхтуюць высакакласных спецыялістаў, якія цэняцца за мяжой. З другога - ёсць прабелы ў выхаваўчай функцыі ўстаноў адукацыі. "Якую ацэнку мы з вамі павінны паставіць сабе за патрыятычнае выхаванне дзяцей? Напэўна, да 10 мы з вамі не дацягваем. Аб гэтым гавораць факты", - дадаў ён. У школу трэба прыходзіць як у храм Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў навесці ў школах парадак чаго б гэта ні каштавала. "Хачу сказаць вам і міністру перш за ўсё - усім тым, хто сёння адказвае за школу. Гэта маё цвёрдае патрабаванне як чалавека (не толькі Прэзідэнта), які свае першыя крокі рабіў у школе - сельскім настаўнікам. Школа - гэта храм. І туды трэба прыходзіць як у храм. Парадак і дысцыпліна ў гэтым храме залежаць не толькі ад прыхаджан, але і ад тых, хто адказвае за стан гэтага храма, гэта значыць настаўнікаў", - сказаў ён. "Навядзіце парадак у школе, чаго б гэта нам ні каштавала. І пагледзіце: праз год-два школа будзе зусім іншая і статус настаўніка, аб якім мы гаворым, будзе зусім іншы. Я нават сказаў бы больш: выкарыстоўвайце любыя метады, але навядзіце парадак у школе", - запатрабаваў Прэзідэнт. У час сустрэчы зайшла размова аб навядзенні парадку ва ўстановах адукацыі, абнаўленні школьнага стандарту. "Павінен быць парадак. Настаўнік павінен быць настаўнікам, а школа павінна быць храмам. Вось на гэтым будзе грунтавацца стандарт, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Калі ў школе навядзём парадак, у нас у дзяржаве будзе заўсёды парадак". Пакуль жа, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ёсць нямала прыкладаў, калі настаўнікі выглядаюць не лепшым чынам на фоне вучняў. Аўтарытэт настаўніка павінен быць бясспрэчным Кіраўнік дзяржавы назваў вельмі актуальным пытанне аб статусе педагога. "Мы ўсе зацікаўлены ў тым, каб аўтарытэт настаўніка быў бясспрэчны. І ў вачах вучняў, і сярод бацькоў, у грамадстве. Без гэтага нават сэнсу няма гаварыць аб вырашэнні глабальных задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі", - падкрэсліў беларускі лідар. Нараўне з гэтым Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што статус настаўніка - гэта і яго аўтарытэт, які не прадаецца і не купляецца ні за якую зарплату і грошы. "Шмат, калі не ўсё, залежыць ад асобы, характару, кампетэнтнасці і прафесіяналізму самога педагога. Упэўнены, вы гэта разумееце. І на сваім, дзяржаўным узроўні мы павінны бачыць такіх людзей. І рабіць для іх усё магчымае - ад дзяржаўных узнагарод да заработных плат, жылля і гэтак далей", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Будуць грошы - апошнюю капейку мы аддадзім настаўніку "У нас ёсць усё для таго, каб дзеці атрымлівалі нармальную адукацыю і ўладкоўваліся ў жыцці. Усё, што залежыць ад улады, паверце, мы зробім для вас па максімуму. Будуць грошы - апошнюю капейку мы аддадзім настаўніку", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што гаворыць аб гэтым не таму, што выступае цяпер перад педагогамі: ліслівасці ён сам не любіць. "Проста без настаўніка няма краіны, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Не дазволена на настаўніка не тое што кулак падняць, пальцам паказаць. І гэта будзе заўсёды". Кіраўнік дзяржавы даручыў з 1 студзеня 2022 года знайсці магчымасць значна прастымуляваць у матэрыяльным плане работу класных кіраўнікоў і куратараў груп устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Неабходна таксама падумаць і далажыць, як можна падтрымаць спецыялістаў дашкольных устаноў. "Усё, што мы зможам сабе дазволіць, улічваючы магчымасці эканомікі краіны, мы зробім", - запэўніў беларускі лідар. Калі пытанні не вырашаны, паляцяць галовы Аляксандр Лукашэнка ўжо не раз гаварыў аб тым, што педагогаў трэба максімальна вызваліць ад выканання неўласцівых ім функцый, скараціць дакументаабарот. Іншымі словамі, даць больш часу для работы па профілі - вучыць дзяцей і моладзь. "Пра функцыі, неўласцівыя педагогам, залішні дакументаабарот нават і гаварыць сёння не хачу. Калі пытанні не вырашаны, паляцяць галовы. Перш за ўсё з міністра адукацыі і профільнага віцэ-прэм'ера. Я вам больш аб гэтым гаварыць не буду. Запомніце!" - папярэдзіў беларускі лідар. Усе - ад Прэзідэнта да нянечкі - адказныя за развіццё дзяцей "Я скажу так: ад Прэзідэнта краіны да нянечкі ў дзіцячым садзе - мы ўсе: грамадства, школа, бацькі - адказваем за маральнае і духоўнае развіццё дзяцей. Іншых варыянтаў няма і быць не можа", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, калі чалавек выбірае прафесію настаўніка, ён, як гаварыў вядомы савецкі педагог Васіль Сухамлінскі, павінен аддаць дзецям сваё сэрца. "Калі вы ўжо набылі гэта імя - настаўнік, аддавайце сваё сэрца. Сапраўдны настаўнік ніколі не будзе раздзяляць адказнасць за дзіця паміж школай і сям'ёй. Ён і бацькоў уключыць у працэс, зробіць іх саюзнікамі на перыяд усяго навучання, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - А тое, што адбываецца сёння, нікуды не варта. Некаторыя бацькі раптам вырашылі, што могуць глядзець на навучальны працэс і на выхаванне дзіцяці збоку. Не крыўдуйце, але сярод настаўнікаў ёсць такія, хто зводзіць урок да механічнай адпрацоўкі тэмы, перакладаючы ўсё астатняе на бацькоў". У Беларусі пачынаюць развіваць праект "Бацькоўскія ўніверсітэты". Гэта вядомая форма работы з бацькамі. "Ну а хто ім дапаможа ў пытаннях выхавання дзіцяці, калі не настаўнікі з прафесійнымі ведамі педагогікі, псіхалогіі, дыдактыкі? Такую практыку трэба распаўсюдзіць на ўсю сістэму. І бацькі, якія прывыклі стаяць ля парога настаўніцкай і высвятляць адносіны з настаўнікамі, няхай ідуць на тэматычныя сходы і пачынаюць працаваць са школай у тандэме. Вучоба дзіцяці, яго адаптацыя, сацыялізацыя ў школе - гэта ж і адказнасць бацькоў", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Вельмі шмат залежыць ад сям'і, бо стаўленне да вучобы і настаўніка фарміруецца там, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт лічыць, што дзіцяці заўсёды будзе камфортна і ў дзіцячым садзе, і ў сценах школы, калі бацькі першапачаткова настроены да выхавальнікаў і педагогаў пазітыўна. "Але, перш чым патрабаваць нешта ад настаўніка, бацькі няхай спачатку адкажуць на пытанне, што яны зрабілі для школы, у якой дзіця іншым разам праводзіць больш часу, чым дома. Чытай: што яны зрабілі для свайго дзіцяці", - заўважыў беларускі лідар. Ён таксама заклікаў бацькоў з належным разуменнем аднесціся да патрабаванняў школы ў пытаннях бяспекі дзяцей. Прэзідэнт выказаўся і пра работу з моладдзю. Апошнія падзеі ў Беларусі прымусілі звярнуць увагу на адну з галоўных функцый адукацыйнага працэсу - выхаваўчую. У той жа час кіраўнік дзяржавы адзначыў: сур'ёзных, катастрафічных праблем у гэтай сферы няма: "Моладзь ва ўсе часы аднолькавая - бунтарская, часам радыкальная, але ў большасці - канструктыўная. Усё гэта маладосць". Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што няма мэты шукаць вінаватых, бо стаіць глабальная задача - знайсці і запоўніць прабелы ў выхаваўчым і адукацыйным працэсе. "Шчыра прызнацца, дзе мы недапрацавалі. Закасаць рукавы і зрабіць усё, каб нам не страшна было перадаваць краіну тым, хто заўтра выйдзе за парог школы, тэхнікума або ВНУ", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Аб падручніках, настаўніках-блогерах, ашалелай гонцы за дыпломамі ВНУ і мэтавым наборы У сваім выступленні кіраўнік дзяржавы ўзняў і шмат іншых практычных і вельмі важных для адукацыі пытанняў. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў спыніць эксперыменты з падручнікамі і прывёў у прыклад савецкі перыяд, калі сапраўды якасныя і правільна складзеныя навучальныя дапаможнікі часам вытрымлівалі больш за два дзясяткі перавыданняў. Пры гэтым да сучасных падручнікаў прэтэнзій па-ранейшаму процьма. "Давядзіце да розуму тое, што напісана, і тады ўжо будзеце даваць справаздачы. Спадзяюся, што на маім узроўні размова пра падручнікі апошняя", - падкрэсліў беларускі лідар. Прэзідэнт асобна выказаўся аб падручніках па гуманітарных дысцыплінах - гісторыі, грамадазнаўстве. "Пара паставіць кропку ў пытаннях ацэнкі гістарычных эпох і персаналій. Мы павінны дакладна вызначыць, хто герой, хто гістарычная асоба, а хто здраднік свайго народа", - заявіў ён. Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваёй размове са студэнтамі-гісторыкамі 3 ліпеня на Кургане Славы. Яны тады выступілі з ініцыятывай падрыхтаваць падручнік аб вайне, які быў бы цікавы моладзі, выказалі гатоўнасць прыняць самы актыўны ўдзел у яго распрацоўцы. "Разлічваю, што ў новым падручніку з улікам фактаў, якія адкрыліся, будуць расстаўлены ўсе акцэнты і па генацыдзе беларускага народа, і па калабарацыі, і па іншых вострых тэмах, аб якіх мы раней мала гаварылі", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт упэўнены, што ніякія гаджэты і "лічба" не заменяць у адукацыі і тым больш у школе падручнікі і настаўнікаў. "Падручнік і настаўнік - гэта галоўнае", - сказаў ён. Разам з тым, дадаў кіраўнік дзяржавы, лічбавыя магчымасці павінны служыць адукацыйным мэтам, а не забаўляць навучэнцаў. "Настаўнік на ўроку не блогер, не юцьюбер або інфармацыйны аніматар. Гэта пытанне прафесійнай прыгоднасці і іміджу. Дарэчы, і статусу таксама", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Была ўзнята і тэма прэстыжу рабочых прафесій, да якіх цяпер часам без ведання дакладных навук, камп'ютара і сучасных тэхналогій не падступішся. Але іх патэнцыял па-ранейшаму многія недаацэньваюць і імкнуцца так ці інакш забяспечыць паступленне сваіх дзяцей у ВНУ. "Да гэтага часу мы назіраем ашалелую гонку за дыпломамі аб вышэйшай адукацыі. Атрымліваюць іх дзеці, а потым, як цяпер модна гаварыць, усё жыццё шукаюць сябе. То зарплата не тая, то статус не той, то дабірацца далёка да работы і гэтак далей", - канстатаваў Прэзідэнт. Ён упэўнены, што ўсё пачынаецца са школы - з якасці прафарыентацыйнай работы. "Упэўнены, што вы - педагогі, выкладчыкі, міністры, якія прысутнічаюць тут, - разумееце, што ў першую чаргу на такіх спецыялістах трымаецца эканоміка краіны. Мы разам павінны падумаць, што трэба зрабіць, каб прэстыж гэтых прафесій быў высокім. Гэта стратэгічная задача", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Што ж датычыцца ВНУ, то ім кіраўнік дзяржавы прадказаў жорсткую канкурэнцыю паміж сабой, бо такіх устаноў у Беларусі ў 2-3 разы больш, чым у супастаўных па тэрыторыі і колькасці насельніцтва Швейцарыі, Даніі, Фінляндыі або Ізраілі. "Будзьце на грэбені прагрэсу. Дасце краіне вучоных, інжынераў, канструктараў, іншых спецыялістаў, здольных ствараць новыя прадукты і тэхналогіі, - будзеце працаваць. Не - падпадзяце пад натуральны адбор", - папярэдзіў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы таксама бачыць неабходнасць пашырыць практыку мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў у ВНУ. "Усе добра ведаюць, што лепшай формы забеспячэння дзяржзаказу, чым мэтавы набор, на сённяшні дзень не прыдумана. Такая форма работы сябе абсалютна апраўдала", - сказаў Прэзідэнт. Школьны этыкет, патрабаванні да знешняга выгляду вучняў і настаўнікаў рэгламентуюць Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, трэба будзе вырашыць прынцыповыя пытанні, ад якіх залежыць паспяховасць адукацыйнай сферы. "А гэта не толькі кодэкс, аб якім мы гаварылі. Таму што ў кодэксе ўсё не прапішаш. Як і ў іншых нарматыўных актах, якія мы павінны будзем прыняць. Асабліва ў тых, якія датычацца школаўладкавання", - заўважыў беларускі лідар. У сувязі з гэтым ён даручыў выпрацаваць стандарт і замацаваць у ім дакладныя патрабаванні. "Пачынаючы ад арганізацыі ўрока, выканання школьнага этыкету і завяршаючы знешнім выглядам вучня і настаўніка, - заявіў Прэзідэнт. - І ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу павінны будуць прытрымлівацца палажэнняў гэтага дакумента беспярэчна. Гэта, дарэчы, будзе дапамогай у навядзенні парадку ў школе і рабоце з бацькамі. Гэта робіцца для таго, каб зняць усе спрэчныя пытанні або недастатковае разуменне паміж сям'ёй і школай". Мы ўмеем рабіць усё. Але страшная бяда - цяганіна, бюракратызм і фармалізм На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў вялікую ролю педагогаў у развіцці краіны і грамадства: "Мы ўмеем рабіць усё: ратаваць жыцці людзей, здзяйсняць гераічныя ўчынкі, мы ўмеем вырашаць вялікія эканамічныя задачы. Гэта вы - настаўнікі і выкладчыкі ВНУ. Але і негатыўнае, "касякі" нашага жыцця - гэта таксама вы. Таму давайце зробім так, каб гэтых "касякоў" было як мага менш і будзем у гэтым напрамку працаваць". Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, ён часта гаворыць аб тым, што свет ашалеў і звар'яцеў. І тое, што ёсць магчымасць збірацца разам і праводзіць у тым ліку такія агульнарэспубліканскія мерапрыемствы, як педсавет, характарызуе тое, што ў Беларусі людзі жывуць спакойна і нармальным жыццём. "Іншыя краіны гэта сабе дазволіць не могуць. Таму што яны ўжо ваююць, а некаторыя рыхтуюцца да вайны. Нас Бог выратаваў. Ну і мы самі не драмалі - абаранілі сваю краіну. Таму давайце будзем цаніць тое, што ёсць. І давайце зробім так, каб не было горш, каб мы збераглі тое, што ў нас цэніцца, і тое, што народ наш лічыць здабыткам", - заклікаў беларускі лідар. Ён таксама падкрэсліў, што заўсёды важна не толькі ў планах, але і на справе дасягаць намечаных арыенціраў і задач. "Ведаеце, што самае галоўнае: мы ж разумныя людзі, выдатна бачым, што адбываецца, аналізуем, робім высновы і ў адпаведнасці з гэтым ставім перад сабой задачы. Але страшная бяда - цяганіна, бюракратызм і фармалізм. Задачы паставілі, сказалі, што будзем вырашаць у пэўныя тэрміны, і забылі, што іх трэба вырашаць. Таму мы бачым, што трэба зрабіць. Давайце проста гэта зробім. Таму што, калі мы гэта не робім, бяда. А калі робім не своечасова - вельмі дорага", - падкрэсліў Прэзідэнт. "Таму давайце зробім тое, пра што дамовіліся. І тое, пра што гаварылі прамоўцы. Гэта ж ужо зроблена ў некаторых калектывах (размова аб тых ці іншых перадавых практыках і пазітыўных прыкладах у адукацыі. - Заўвага БЕЛТА). Давайце гэта паўторым. І калі мы з гэтым падыходам будзем вырашаць нашы праблемы, мы іх вырашым. Без праблем і без войнаў", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. Па матэрыялах сайта БЕЛТА.