Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
28.08.2021

Чаму Лукашэнка меў рацыю, калі адчытваў чыноўнікаў, і ці хопіць у Беларусі збожжа. Віцэ-прэм'ер раскрыў дэталі

У Беларусі ўмеюць рабіць усё, але бязладнасць, недысцыплінаванасць і невыканальнасць - гэта катастрофа. З такога строгага пасылу чыноўнікам Аляксандр Лукашэнка напярэдадні пачаў сваё наведванне Лагойскага раёна, дзе ў полі сімвалічна адзначылі 25-годдзе з моманту прыняцця знакавага для краіны рашэння развіваць айчыннае збожжаўборачнае камбайнабудаванне. Пра дэталі прэзідэнцкай паездкі БЕЛТА падрабязна інфармавала, аднак тэма прэзідэнцкай крытыкі тады засталася на другім плане інфармацыйнага парадку дня, уступіўшы месца больш значнай нагодзе. Калі думаеце, што ўсё будзе дарма праходзіць, проста памыляецеся Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу чыноўнікаў на пытанні навядзення парадку ў некаторых сельгасарганізацыях і не толькі. "Паўтараць я больш не буду па 10 разоў. Везяце ў нейкую кропку, вакол нешта тут прылізваеце... А крыху далей? Людзі ж гэта бачаць. І як яны гавораць, мы ж за гэтым сочым: а чаго гэта Прэзідэнт сюды не прыехаў? Як быццам я замест вас павінен ездзіць і наводзіць парадак", - падкрэсліў беларускі лідар. Прэзідэнт не змог абмінуць і негатыўныя моманты, адзначыўшы факты безгаспадарчага стаўлення да тэхнікі і ўраджаю ў час уборачнай. Аб адпаведных фактах яму далажылі да пачатку мерапрыемства. "Страты, якія там сфатаграфаваны, я вам ніколі гэтага не дарую. Я вас папярэджваў: адрамантуйце камбайны, навядзіце парадак, адрэгулюйце, каб не было страт. Вунь, не трэба сеяць нічога, - пасля таго як убралі рапс, там двайная норма высеву (засталася на полі. - Заўвага БЕЛТА). Вы прабачце ўжо за такі тон, але калі вы думаеце, што ўсё будзе праходзіць дарма, вы проста памыляецеся", - жорстка паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка. "Мы ўмеем усё рабіць, але гэта бязладнасць, недысцыплінаванасць, невыканальнасць - гэта катастрофа. З гэтым трэба заканчваць", - строга папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. Па збожжы недабор, але Беларусь будзе з хлебам Усяго праз суткі пасля прэзідэнцкай рабочай паездкі тэма збожжа, а канкрэтней уведзенай урадам забароны на яго экспарт з Беларусі - у топе навін. Журналісты пацікавіліся ў профільнага віцэ-прэм'ера Аляксандра Субоціна, якія ў краіне разлікі на ўраджай збожжавых. "Па збожжы можна сказаць, што горш, чым мы планавалі раней. Недзе мы недабіраем больш за мільён тон менавіта па збожжавым палетку. Але даволі нядрэнная стаіць кукуруза. І частка нават пасеваў пераводзіцца ў зерне (размова аб тым, што частку пасеваў кукурузы ўбяруць не на сілас, а менавіта на зерне. - Заўвага БЕЛТА). За кошт кукурузы мы чакаем, што будзе 1,5-1,8 млн т кукурузнага зерня - вышэй, чым у мінулым годзе. І мы частку гэтага дэфіцыту перакрыем", - расказаў віцэ-прэм'ер. Тым не менш усё роўна будзе пэўны дэфіцыт фуражнага збожжа. "Менавіта фуражнага. Мы не гаворым, што будзе нейкі дэфіцыт харчовага збожжа, для дзяржзаказу. Тут можна быць зусім спакойнымі. Ужо дзяржзаказ выкананы на 93 працэнты, па-мойму, на сённяшнюю раніцу. Таму мы будзем з хлебам. Гэта 100 працэнтаў", - запэўніў Аляксандр Субоцін. Што датычыцца патрэб жывёлагадоўлі, то адзначаецца дэфіцыт свежага збожжа. "Але ў нас ёсць пераходны астатак 560 тыс. т, макуха, якую мы атрымаем ад перапрацоўкі алейнага семя рапсу, у нас ёсць жамерыны ад цукровых буракоў, якія пойдуць. Вось гэтымі пазіцыямі мы ўсе нястачы перакрыем", - супакоіў віцэ-прэм'ер. Іншымі словамі, катастрофы няма, беларускія аграрыі ў цэлым спрацавалі добра, і ніякіх чэргаў за хлебам нават блізка чакаць не трэба. Але вынік не той, якога чакалі. Недзе аб'ектыўна не пашанцавала з надвор'ем - Беларусь усё ж такі зона рызыкоўнага земляробства. Але недзе недабралі менавіта ў выніку бязладнасці і недысцыплінаванасці, пра якія гаварыў Прэзідэнт. Вынік - фінансавыя страты сельгаспрадпрыемстваў. Згодна з апошняй актуальнай інфармацыяй Мінсельгасхарча, на 26 жніўня збожжавыя і зернебабовыя культуры ўбраны ў Беларусі з 96,4 працэнта плошчаў. Намалочана амаль 6,3 млн т збожжа. Мінулагодні намалот на гэты момант складаў амаль 7,5 млн т. Ніжэй у гэтым годзе і сярэдняя ўраджайнасць - 30,8 ц/га супраць 37,3 ц/га ў мінулым годзе. Пастаўкі збожжа ў лік дзяржзаказу, паводле даных міністэрства, выкананы больш як на 90 працэнтаў. Аляксандр Субоцін расказаў, што крыху збожжа давядзецца закупляць у Расіі. Гэта звязана з увядзеннем у строй вытворчасцей Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. "Там будзе паглыбленая перапрацоўка зерня - атрыманне вітамінаў, ферментаў, крухмалу і гэтак далей. І каб выпускаць усю лінейку прадукцыі, патрэбна зерне, якое ў нас проста не расце фізічна па шэрагу параметраў: не тая тэмпература, клейкавіна. Таму нязначную частку мы будзем закупляць у Расіі. Ну а ў цэлым абыдземся тым, што нарасло ў нас", - растлумачыў ён. Дык навошта Беларусь увяла забарону на экспарт збожжа? "Такая забарона была па вясне і цяпер. Гэта мера часовая", - сказаў журналістам віцэ-прэм'ер. Аляксандр Субоцін растлумачыў, што такі крок не супярэчыць міжнароднаму заканадаўству, у тым ліку абавязацельствам Беларусі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. "Мы забараняем вываз збожжа на экспарт, каб насыціць унутраны рынак. Калі мы будзем бачыць, што ўсё пазітыўна складваецца, мы тады, зразумела, прыадкрыем гэту "заслону" і падкарэкціруем. Але пакуль вось так. Прыярытэт - унутраны рынак, нашы людзі". Ён таксама акцэнтаваў увагу на тым, што хоць фуражнае збожжа само па сабе з'яўляецца высокадаходнай экспартнай пазіцыяй, але яно ў канчатковым выніку ідзе на корм для птушкі і жывёлы, у выніку чаго атрымліваецца значна больш маржынальны прадукт. "Гэты ланцужок даволі доўгі. І мы робім стаўку на тое, каб максімальна больш прыбытку зарабіць і пакінуць у нас у краіне", - сказаў Аляксандр Субоцін. Як паведамлялася БЕЛТА, Савет Міністраў устанавіў забарону на вываз некаторых відаў збожжавых за межы краіны. Гэта прадугледжана пастановай Саўміна ад 24 жніўня 2021 года нумар 482, якая сёння афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У прыватнасці, у бліжэйшыя месяцы за мяжу Беларусі будзе забаронена вывозіць пшаніцу, мяслін, жыта, ячмень, авёс, кукурузу, грэчку і іншыя злакавыя. Новаўвядзенне таксама закране парадак правозу насення рапсу. Часовая забарона распаўсюджваецца на вываз некаторых збожжавых за межы Беларусі, а таксама ў дзяржавы - члены ЕАЭС. Акрамя гэтага, дакумент забараняе правоз злакавых і за межы саюза. Сярод іншага, уведзеныя меры будуць распаўсюджвацца на тавары, якія змешчаны пад мытныя працэдуры ў Беларусі да ўступлення ў сілу гэтай пастановы і фактычны вываз якіх за межы краіны ў адпаведнасці з мытнымі працэдурамі ажыццяўляецца пасля ўступлення ў сілу гэтага дакумента. Ёсць і некаторыя выключэнні. Так, напрыклад, забарона не будзе дзейнічаць на гуманітарныя грузы з гэтымі таварамі, якія накіраваны на дапамогу замежным дзяржавам на падставе рашэнняў урада, а таксама ў якасці прыпасаў; на тавары, якія перамяшчаюцца ў рамках міжнародных транзітных перавозак, якія пачынаюцца і заканчваюцца за межамі мытнай тэрыторыі ЕАЭС; на тавары, змешчаныя пад мытныя працэдуры ў дзяржаве - члене ЕАЭС, што перамяшчаюцца транзітам праз беларускую тэрыторыю. Пастанова ўступае ў сілу з даты яе афіцыйнага апублікавання і будзе дзейнічаць на працягу наступных шасці месяцаў. Па матэрыялах сайта БЕЛТА.