Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
02.10.2020

Экспарт беларускай сельгаспрадукцыі па выніках года можа скласці каля $5,8 млрд - Багданаў

Экспарт беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання па выніках года можа скласці каля $5,8 млрд. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў на XXX Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы "Белагра". "У цэлым за сем месяцаў бягучага года экспарт беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання павялічыўся на 6,5 працэнта, пастаўлена тавараў на суму $3,2 млрд. Мы планавалі завяршыць год з тэмпам росту больш за 4 працэнты, пакуль гэты паказчык нават апярэджваем, таму па выніках года ў планах дасягнуць сумы $5,7-5,8 млрд", - сказаў Аляксей Багданаў. Як адзначыў прадстаўнік Мінсельгасхарча, дыверсіфікацыя экспарту застаецца адным са стратэгічных напрамкаў. "Беларускія прадукты харчавання ў студзені-ліпені пастаўляліся ў 101 краіну (у мінулым годзе за гэты перыяд было 92 краіны). Гэта работа будзе працягвацца і далей", - падкрэсліў ён. Што датычыцца Расіі, у бягучым годзе ў гэту краіну экспартавана прадукцыі на суму $2,4 млрд. "Доля захоўваецца даволі высокай - 75 працэнтаў. Гэта наш асноўны партнёр, мы будзем і далей пашыраць і паглыбляць супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй, выбудоўваць канструктыўныя гандлёва-эканамічныя адносіны, таму што беларускія тавары карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў рэгіёнах РФ", - растлумачыў Аляксей Багданаў. Гаворачы пра Кітай, эксперт адзначыў, што шмат прадпрыемстваў мясной, рыбнай галіны адкрытыя для паставак у КНР, таксама сертыфікаваны амаль усе прадпрыемствы малочнай галіны. Па выніках работы за сем месяцаў бягучага года экспарт у гэты рэгіён склаў $135 млн. "Кожны год кітайскі напрамак рос у разы. Калі параўноўваць з аналагічным перыядам мінулага года, то аб'ём экспарту ў КНР павялічыўся ў 2,7 раза. Драйверам росту сталі малочныя і мясныя прадукты. Напрыклад, пастаўкі мясной прадукцыі (ялавічына і мяса птушкі) выраслі ў чатыры разы, малочнай - у два", - адзначыў ён. Акрамя таго, з Беларусі ў Кітай пастаўляецца льновалакно, рапсавы алей, кандытарскія вырабы, алкагольныя напіткі. "У перспектыве мы хочам нарасціць як аб'ёмы паставак, таму што рынак КНР глабальны і вельмі вялікі, так і пашырыць асартымент. Асаблівы ўпор будзем рабіць на тыя тавары, якія непасрэдна трапляюць на паліцы магазінаў", - дадаў Аляксей Багданаў. Паводле яго слоў, пандэмія асабліва не паўплывала на экспарт. "У самы разгар пандэміі мы адчувалі невялікія цяжкасці з праходжаннем меж, а таксама з вялікім кантролем. Гэта натуральна. Усе ўдзельнікі рынку да гэтага ставіліся з разуменнем. Мы загадзя павялічылі тэрміны заказу і падачы заявак на прадпрыемствы ад нашых партнёраў, таму значных праблем не адчулі", - канстатаваў ён. Па матэрыялах сайта БЕЛТА.