Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
17.01.2021

ФПБ унесла ва ўрад пакет прапаноў па ўдасканаленні пенсійнай сістэмы

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўнесла ва ўрад пакет прапаноў па ўдасканаленні пенсійнай сістэмы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ФПБ. Для абмеркавання магчымых змяненняў Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі сумесна з прадстаўнікамі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны стварыла пляцоўку, дзе акумулююцца прапановы ўсіх зацікаўленых. Сёння ў нацыянальным прафцэнтры прайшло першае абмеркаванне ўнесеных прафсаюзамі ініцыятыў. "Пытанне аб неабходнасці ўдасканалення пенсійнай сістэмы мы ўздымалі на VIII З'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў у лютым 2020 года. Тады кіраўнік дзяржавы падтрымаў нашу ініцыятыву і падкрэсліў, што існуючая пенсійная сістэма адназначна патрабуе свайго развіцця, - сказаў старшыня ФПБ Міхаіл Орда. - Адна з асноўных праблем цяпер у тым, што дзейнічае, так скажам, ураўняльны прынцып. Гэтыя падыходы, на наш погляд, трэба мяняць. Кожны чалавек павінен быць упэўнены, што пенсія будзе адпавядаць яго працоўным заслугам". Накіраваныя ва ўрад прапановы па ўдасканаленні пенсійнай сістэмы нацэлены на вырашэнне пытанняў, якія хвалююць сёння працоўныя калектывы. У прыватнасці, для дыферэнцыяцыі пенсійных выплат прапануецца больш актыўнае выкарыстанне дадатковага пенсійнага страхавання. Прычым гаворка ідзе пра больш шырокі ўдзел у такіх праграмах як бізнесу, так і непасрэдна работнікаў. Пры гэтым павінна захавацца і салідарная сістэма пенсійнага забеспячэння, якая дзейнічае ў краіне. Спалучэнне двух гэтых механізмаў дапаможа вырашыць пытанне павышэння выплат і максімальнага ўліку працоўных заслуг работніка пры назначэнні пенсіі. Акрамя таго, даволі часта ў працоўных калектывах закранаецца неабходнасць удасканалення падыходаў па вылічэнні страхавога стажу. У прыватнасці, цяпер у страхавы стаж не залічваюцца перыяды, звязаныя з цяжарнасцю і родамі, доглядам дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў. "На сённяшні дзень у страхавы стаж залічваюцца, напрыклад, перыяды тэрміновай ваеннай службы. Такі ж падыход, на нашу думку, павінен прымяняцца і ў адносінах да жанчын пры нараджэнні дзяцей", - расказалі ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. ФПБ адзначыла, што паступовае павелічэнне неабходнага для налічэння працоўнай пенсіі страхавога стажу прыводзіць да таго, што некаторыя грамадзяне ў прынцыпе не могуць атрымаць працоўную пенсію, прычым часта не па сваёй віне. Так, напрыклад, бывае, калі чалавека звальняюць у сувязі са скарачэннем колькасці або штату і ў яго адсутнічае патрэбны страхавы стаж (ад некалькіх месяцаў да нязначнай колькасці гадоў). Пры гэтым працаўладкавацца ў перадпенсійным узросце складаней, чым у больш маладым узросце. Узнікаюць таксама сітуацыі, калі ў сувязі з эканамічнай неплацежаздольнасцю арганізацыі за работнікаў не выплачваюцца страхавыя ўзносы або работнікі пераводзяцца на няпоўны працоўны дзень або адпраўляюцца ў водпускі без захавання заработнай платы. Усё гэта прыводзіць да выключэння перыядаў са страхавога стажу. У якасці рашэння такіх праблемных сітуацый ФПБ прапануе ўвесці альтэрнатыўныя механізмы набыцця застрахаванай асобе страхавога стажу, якога не хапае, і змякчыць некаторыя ўмовы вылічэння стажу. Яшчэ адно актуальнае пытанне - памер пенсійных выплат працуючым пенсіянерам. Цяпер, калі работнік прадаўжае працаваць пасля дасягнення пенсійнага ўзросту, памер яго пенсіі не пералічваецца, незалежна ад таго, колькі ён яшчэ прапрацаваў на пенсіі. Пры гэтым работнік па-ранейшаму адлічвае страхавыя ўзносы. "Гэта пытанне абмяркоўваецца ў многіх працоўных калектывах, - падкрэслілі ў Федэрацыі прафсаюзаў. - Мы прапануем усталяваць тут больш справядлівы падыход і праводзіць пераразлік пенсіі з улікам стажу работы пасля яе назначэння. Альтэрнатыўны варыянт - адмяніць у дачыненні да такіх работнікаў узносы ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ў памеры 1 працэнта заработнай платы". З улікам паступовага павышэння пенсійнага ўзросту ўсё больш актуальнай становіцца занятасць людзей сталага ўзросту. Для абароны інтарэсаў такіх работнікаў прапануецца ўвесці на заканадаўчым узроўні паняцце перадпенсійнага ўзросту, устанавіць яго парог на ўзроўні 5 гадоў да надыходу агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. "Сёння Працоўным кодэксам прадугледжана, што наймальнік са згоды работніка абавязаны прадоўжыць тэрмін дзеяння кантракта або заключыць новы кантракт з добрасумленным работнікам, якому да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту застаецца не больш за два гады, - не менш чым да дасягнення названага ўзросту, - растлумачылі ў нацыянальным прафцэнтры. - З улікам развіцця лічбавай эканомікі, мадэрнізацыі вытворчасці людзям сталага ўзросту ўсё цяжэй на роўных канкурыраваць на рынку працы. Таму прапануецца распаўсюдзіць гэтыя гарантыі Працоўнага кодэкса на асоб, якім да надыходу пенсійнага ўзросту засталося 5 гадоў". Акрамя таго, некаторыя прапановы ФПБ датычыцца налічэння пенсій за асаблівыя ўмовы працы, прафесійнай і льготнай пенсій асобным катэгорыям работнікаў. Па матэрыялах сайта БЕЛТА.