Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
22.07.2021

"Яны нас душаць, а мы іх будзем абараняць?" - Лукашэнка адказаў на папрокі па тэме барацьбы з нелегальнай міграцыяй

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па прыярытэтах знешняй палітыкі на сучасным этапе адказаў на папрокі ў адрас Беларусі па тэме барацьбы з нелегальнай міграцыяй, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Беларусь за ўласныя грошы праводзіць на граніцы мерапрыемствы па спыненні проціпраўнай дзейнасці, у тым ліку змагаецца з нелегальнай міграцыяй, пастаўкамі наркотыкаў, зброі. У былыя гады фінансаванне на гэтыя мерапрыемствы паступала ў тым ліку з боку Еўрасаюза. "Еўропа павярнулася да нас тварам, мы атрымлівалі нейкае фінансаванне, няхай нязначнае. Дарэчы, своечасова заўсёды разлічваліся з імі. Яны цанілі нас за міралюбнасць. Нават стварылі ў Мінску перагаворную пляцоўку па спыненні вайны на ўсходзе Украіны. І, дарэчы, дзякуючы гэтаму вайна спынілася. Няхай не вырашаны ўсе праблемы, але вайны няма той, калі гінулі тысячы чалавек або сотні", - адзначыў беларускі лідар. "І раптам нешта здарылася ў мінулым годзе. Ведаеце што. І супраць нас увялі санкцыі і нас папракаюць у тым, што Лукашэнка садзейнічае нелегальнай міграцыі", - сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка выказаў неразуменне, як можна, з аднаго боку, уводзіць у адносінах да Беларусі санкцыі, а з іншага - патрабаваць ад яе абароны на пагранічных рубяжах: "Яны нас душаць, а мы іх будзем абараняць? Слухайце, ці не наіўна гэта? Ужо звар'яцелі да таго, што пачынаюць патрабаваць тое, што наогул не трэба вымаўляць услых". "У нас жа невялікая колькасць АМАПа, унутраных войскаў. На нашу краіну - усяго нічога. Я вымушаны быў з граніцы ўзяць людзей і накіраваць, асабліва на заходні напрамак, да Украіны, асабліва Пінск. І даручыў ім забяспечыць бяспеку грамадзян. Яны разам з АМАПам, унутранымі войскамі, асобнымі падраздзяленнямі Узброеных Сіл паставілі ўсіх на месца на працягу месяца-паўтара і кантралююць сёння сітуацыю", - расказаў беларускі лідар. "Сёння Беларусь з'яўляецца самай бяспечнай дзяржавай у свеце, - падкрэсліў Прэзідэнт. - І што? Яны хочуць, каб я цяпер павялічыў у пяць разоў органы пагранічнай службы, пагранічныя войскі і вывеў на граніцу? Плаціць хто будзе за гэта? Ва ўмовах удушэння нашага народа і нашай дзяржавы хто будзе плаціць?" Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што рост патокаў мігрантаў у Еўропу ў значнай ступені справакаваны палітыкай шэрага краін ЕС. Такія дзяржавы, як Літва, зацікаўлены ў прытоку рабочых з-за мяжы, паколькі карэннае насельніцтва імкліва скарачаецца. "У Літве было ў савецкія часы (я гэта памятаю) 4 мільёны насельніцтва, сёння, паводле розных ацэнак, ад 1,5 да 2 мільёнаў. Літва, квітнеючы край у савецкія часы, ператварыўся ў пустыню. Зразумела, патрэбны рабочыя рукі. Збеглыя нашы прыязджаюць туды, каб займацца палітыкай, так сказаць, каб пляваць на Беларусь. Такіх там і так хапае", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Вы іх паклікалі - забяспечце іх усім неабходным, пастаўце іх у роўныя ўмовы са сваім грамадзянамі", - прадоўжыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, значная колькасць мігрантаў едзе ў Еўрасаюз з рэгіёна Блізкага Усходу, Цэнтральнай Азіі, Афрыкі, і яны выбіраюць розныя маршруты, у тым ліку і праз Беларусь. "Зразумела, павялічылася колькасць міграцыі праз Беларусь. Але няхай палічаць, колькі ідзе праз Украіну і іншыя краіны? Там, праз Міжземнае мора, плывуць і гінуць сотнямі і тысячамі", - звярнуў увагу беларускі лідар. Ён канстатаваў, што для барацьбы з нелегальнай міграцыяй трэба ліквідаваць арганізаваныя злачынныя групы ў Літве, Польшчы і іншых краінах, якія за грошы запрашаюць туды мігрантаў і прымаюць іх на граніцы. "І другі напрамак. Вы ж разбурылі там гэтыя краіны. Вы ж дэмакратыю туды неслі. Дык вы паедзьце цяпер і ў гэтых дэмакратычных дзяржавах (Афганістане, Іраку, Сірыі, Лівіі, іншых) стварыце рабочыя месцы. Зрабіце так, каб людзі там працавалі і кавалак хлеба для сваіх дзяцей маглі зарабіць. Рэцэпт зразумелы. Але ж трэба працаваць, трэба варушыцца. Раз дапусцілі памылку, злачынную памылку, злачынства вы там учынілі, ідзіце, кайцеся і рабіце ўсё, каб адтуль не было гэтага патоку мігрантаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Па матэрыялах сайта БЕЛТА.