Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
14.12.2020

Кунцэвіч: на гісторыю і сучаснасць нельга глядзець праз Telegram-каналы

На гісторыю і сучаснасць нельга глядзець праз Telegram-каналы, заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч падчас круглага стала "Патрыятычнае выхаванне як фактар процідзеяння нацызму і экстрэмізму" на базе Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Перш за ўсё мне хацелася б адзначыць актыўнасць нашых парламентарыяў і іх гатоўнасць абмяркоўваць на сваіх пляцоўках найбольш актуальныя праблемы развіцця грамадства і дзяржавы. Я лічу, што тэма сённяшняга круглага стала ў іх ліку. Нам, сапраўды, усім разам неабходна больш прадметна паглядзець на пытанні патрыятычнага і грамадзянскага выхавання, якое дазваляе беларусам адчуваць і ўсведамляць сябе адзіным народам, ганарыцца сваёй багацейшай гісторыяй і разам з'яднацца вакол ідэі пабудовы першай у гісторыі суверэннай беларускай дзяржавы, разам будаваць Беларусь будучыні", - сказаў Андрэй Кунцэвіч. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў, што шлях беларусаў да ўласнай дзяржаўнасці быў няпросты і доўгі. "І кожны крок, пройдзены нашым народам на гэтым шляху, заслугоўвае павагі і дастойнага стаўлення цяперашняга пакалення беларусаў. Гэта ўсё наша гісторыя, і не важна, пра які перыяд ідзе размова. Эпоха гэта Полацкага княства або савецкі перыяд - гэта наша агульная дзяржаўная біяграфія, з якой нельга проста так вырываць старонкі дзеля нечых інтарэсаў і навязаных звонку стэрэатыпаў", - падкрэсліў ён. Андрэй Кунцэвіч лічыць, што ў сувязі з гэтым патрабуе далейшай рэалізацыі дзяржаўная гістарычная палітыка, накіраваная на замацаванне нацыянальнай канцэпцыі гістарычнага мінулага, беларускай мадэлі памяці. "Некаторыя сёння незадаволены, што мы шмат увагі ўдзяляем перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Так, сапраўды, гісторыя Беларусі пачалася не ў 1941-м і не ў 1945-м. Але яна магла б закончыцца ў гэтыя гады, калі б не мужнасць і самаахвярны гераізм усяго савецкага народа і беларусаў у прыватнасці. На розных франтах змагаліся 1,3 млн нашых суайчыннікаў, больш за 300 тыс. з іх адзначаны баявымі ўзнагародамі, ордэнамі і медалямі. Ад 2,5 млн да 3 млн беларусаў сталі ахвярамі той вайны. І тое, што сёння нам прапануюць забыць гэта, зрабіць малазначным перыядам нашай гісторыі, - я лічу, што з такой трактоўкай мы не маем права згаджацца", - дадаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Андрэй Кунцэвіч упэўнены: сумесная прадметная работа парламентарыяў, гісторыкаў, грамадскіх работнікаў дасць магчымасць не скаціцца беларусам да забыцця падзей тых гадоў, не дапусціць пераасэнсавання тэмы калабарацыянізму, абялення сімволікі памагатых фашыстаў. "На гісторыю, на мінулае, як і на сучаснае, трэба глядзець шырока раскрытымі вачамі, а не праз Telegram-каналы", - сказаў ён. Паводле слоў намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, больш сістэмны характар павінны мець ужо існуючыя формы патрыятычнага выхавання. На яго погляд, глыбей вывучыць гераічную гісторыю краіны моладзі дае магчымасць наведванне месцаў і мемарыялаў баявой славы. "Чамусьці наведванне такіх мясцін перастае быць абавязковым у праграме. Напрыклад, у мінулым годзе толькі кожны 11-ы беларускі школьнік наведаў Брэсцкую крэпасць-герой, толькі кожны 15-ы змог пакланіцца ахвярам Хатыні, а ў 2020 годзе па аб'ектыўных прычынах гэтыя лічбы яшчэ меншыя. Упэўнены: хто хаця б раз пабываў у Хатыні і іншых такіх мясцінах, задумаецца, ці варта яму станавіцца пад сцягі калабарацыяністаў, пад сцягі, якія заплямлены крывёй тваіх суайчыннікаў", - адзначыў Андрэй Кунцэвіч. Круглы стол "Патрыятычнае выхаванне як фактар процідзеяння нацызму і экстрэмізму" арганізаваны Пастаяннай камісіяй па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў. Ён аб'яднаў парламентарыяў, прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, а таксама Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага архіва Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі і Нацыянальнага гістарычнага музея. "Хочацца верыць, што ў далейшым гэта размова дасць магчымасць парламентарыям напрацаваць матэрыялы для далейшай нарматворчай дзейнасці", - сказаў на заканчэнне намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Па матэрыялах сайта БЕЛТА.