Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
08.11.2020

Лукашэнка: мы прымем новую Канстытуцыю, але без усякай ломкі і катастроф

Новая Канстытуцыя будзе прынята ў Беларусі без ломкі і катастроф. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам у час наведвання Беларускай атамнай электрастанцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Новую Канстытуцыю мы прымем, жыццё ў нас будзе рухацца наперад. Але без усякай ломкі і катастроф - беларусам гэта не патрэбна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што работа над новай Канстытуцыяй вядзецца не першы год. Прэзідэнту былі прадстаўлены два праекты, аднак ён адхіліў іх: паводле яго слоў, яны былі "вельмі мяккімі" і не адпавядалі запытам грамадства. "Я прапанаваў, каб змяненні былі больш радыкальнымі, і мы падышлі да трэцяга варыянту. Ніякі Пуцін, ніякая Расія мяне не штурхалі да гэтага. Мы працуем над новай Канстытуцыяй ужо тры ці чатыры гады. Хто нас куды штурхаў? Яны ніколі не ўмешваліся ў нашы справы. Лукашэнку ніхто нікуды не штурхаў за чвэрць стагоддзя і нікуды не штурхне, і гэта ўсе павінны добра разумець", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для абмеркавання магчымых змяненняў у Канстытуцыю ў краіне праходзілі дыялогавыя пляцоўкі. І ён сам быў прыхільнікам іх правядзення на ўзроўні рэгіёнаў, у працоўных і маладзёжных калектывах. "Каб людзі не проста пагаварылі, а ўнеслі свае прапановы. А мы адчулі, чым жыве народ", - дадаў ён. Пры гэтым, канстатаваў Прэзідэнт, у час дыялогавых пляцовак людзі ўзнімалі і іншыя пытанні: запуск атамнай электрастанцыі і цэны на электрычнасць, амерыканскія выбары, падзеі ў суседніх краінах. "Мы цяпер фарміруем план нашых далейшых дзеянняў, збіраем усю інфармацыю. І калі мы яе збяром да Усебеларускага народнага сходу, мы яе павінны абмеркаваць з экспертамі. І павінны ўжо быць намёткі новага праекта Канстытуцыі. Але для гэтага трэба стварыць новую рабочую групу спецыялістаў, што я цяпер і раблю. Канстытуцыю, як я сказаў, у СІЗА і на вуліцы не напішаш. Гэта вельмі складаны дакумент, які павінны стварыць спецыялісты. Але спецыялістам патрэбны заказ ад нашага грамадства, а заказ - гэта тыя праблемы, якія мы ўзнімаем знізу. І такім чынам мы ўключаем мільёны людзей не толькі ў абмеркаванне Канстытуцыі, але і яе фарміраванне", - заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што Канстытуцыя будзе такой, як вырашыць народ: "Ніякай фальсіфікацыі. Якую Канстытуцыю прыме народ, такім будуць і наша жыццё, і наша ўлада". Па матэрыялах сайта БЕЛТА.