20.09.2021
Лукашэнка: мы заўсёды будзем прыхільныя да цеснай дружбы з малдаванамі
Беларусь заўсёды будзе прыхільная да дружалюбных адносін з Малдовай. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Малдовы ў Беларусі Віктарам Сарачанам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт адзначыў, што Віктар Сарачан завяршае сваю дыпламатычную місію ў Беларусі і падзякаваў яму за работу. "Вы былі добрым паслом сваёй краіны, павінен шчыра гэта сказаць. І вельмі спадзяюся, што наступны пасол горшы не будзе. Вы не проста падтрымлівалі дружалюбныя адносіны нашых краін (што наогул уваходзіць у абавязкі пасла, калі ён хоча быць сапраўдным паслом), вы, наадварот, і ў асабістым плане, і ў дзяржаўным плане заўсёды імкнуліся і душой і сэрцам, каб беларусы былі побач", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"Вы павінны ведаць, што мы будзем заўсёды прыхільныя да цеснай дружбы беларусаў і малдаван. Мы вельмі хочам, каб Малдова заставалася дружалюбнай суверэннай, незалежнай дзяржавай і паступова вырашала свае праблемы", - сказаў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, праблемы таго ці іншага характару ёсць у любой дзяржавы, і ў Малдовы пасля распаду Савецкага Саюза іх хапала. Але ў апошнія гады нямала зроблена, каб Малдова дакладна вызначылася, дзе яе інтарэсы і ў якім напрамку рухацца, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "І ў гэтым плане Ігар Дадон нямала зрабіў, трэба аддаць яму належнае. Прыйшла новая ўлада, да кіраўніцтва ў краіне прыйшлі новыя людзі, але я ўпэўнены, яны вымушаны будуць (калі нехта там думае па-свойму і, як я гавару, у адваротным напрамку) праводзіць палітыку ў інтарэсах Малдовы. Малдова - інтарэсы кіраўніцтва павінны быць перш за ўсё там".
Беларускі лідар прызнаўся, што заўсёды з любоўю ставіўся да малдаўскай зямлі, якую лічыць жамчужынай Еўропы і цудоўным кутком планеты. "І я бачу развіццё Малдовы як суверэннай і незалежнай дзяржавы. У гэтым уся цікавасць народа. Не думаю, што знойдзецца палітык, які праводзіў бы іншую палітыку, народ проста не дазволіць праводзіць палітыку на згортванне суверэнітэту і незалежнасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Няхай гэта і невялікі народ, але з вельмі вялікімі палітычнымі амбіцыямі на незалежнасць сваёй дзяржавы, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - І ў гэтым плане мы заўсёды будзем на вашым баку. Ну а шчасце трэба шукаць там, дзе яно ляжыць, калі яно недзе схавана. Але я ўпэўнены, што яно там, недзе ў раёне Кішынёва".
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў ролю пасла ў развіцці гандлёва-эканамічных адносін: "Вельмі шмат для нашых эканамічных патэнцыялаў было зроблена. І тавараабарот значны - дай бог з іншымі невялікімі постсавецкімі рэспублікамі быў бы такі тавараабарот, як з Малдовай. Гэта аснова".
"Мы вельмі вялікія аб'ёмы спажываем вашай прадукцыі, асабліва крытычнага імпарту. Мы так і будзем рабіць, не збіраемся адыходзіць ад гэтай палітыкі, калі гэта выгадна Малдове. Мы экспартуем тое, што вам трэба, асабліва машыны, механізмы, аўтамабілі, трактары, тралейбусы, - усё, што вы прасілі", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Тавараабмен Беларусі і Малдовы за студзень-ліпень 2021 года вырас да $123 млн, што на 15 працэнтаў вышэй за ўзровень аналагічнага перыяду мінулага года. Экспарт айчынных тавараў перасягнуў $86 млн (рост амаль на 31 працэнт), імпарт склаў каля $37 млн. Беларусь пастаўляла ў Малдову ў асноўным нафтапрадукты, трактары, тралейбусы, шкловалакно, малочныя прадукты, лекавыя сродкі. Імпартаваліся пераважна вінаградныя віны і моцныя спіртныя напіткі, кукуруза, фрукты і агародніна, дываны і падлогавыя пакрыцці.
У Малдове дзейнічаюць больш за 60 прадстаўніцтваў, суб'ектаў тавараправоднай сеткі і дыстрыб'ютараў беларускіх прадпрыемстваў, тры зборачныя вытворчасці, на якіх вырабляюць тралейбусы "Белкамунмаш", трактары Смаргонскага агрэгатнага завода і Бабруйскага завода трактарных дэталей і агрэгатаў. У Беларусі працуюць 23 прадпрыемствы з малдаўскім капіталам, у тым ліку 7 сумесных і 16 замежных арганізацый.
Па матэрыялах сайта БЕЛТА.