25.08.2021
Лукашэнка: у вырашэнні афганскага пытання павінен быць задзейнічаны і патэнцыял ШАС
У вырашэнні афганскага пытання павінен быць задзейнічаны і патэнцыял Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва як адной з самых уплывовых структур у Азіі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў ходзе пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, якая прысвечана сітуацыі ў Афганістане, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Практычна ўсе члены ШАС сканцэнтраваны вакол Афганістана. І там іх глабальныя інтарэсы. Прынамсі, Кітая і Расіі, Індыі, Пакістана, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Неабходна ўзмацніць узаемадзеянне па лініі АДКБ і ШАС, выкарыстоўваючы для гэтага саміты дзвюх арганізацый, запланаваныя на 16-17 верасня бягучага года ў Душанбэ".
Ён выказаў меркаванне, што, прапрацаваўшы гэта пытанне, магчыма было б правесці і сумеснае пасяджэнне па праблематыцы афганскага ўрэгулявання: "Захочуць члены ШАС ісці ў рэчышчы абмяркоўваемага сёння пытання - добра. Не захочуць - мы сваю пазіцыю абазначым і прапануем. А ім ужо вырашаць. Думаю, што тут мы можам вельмі сур'ёзна рушыць наперад".
"Не лічыцца з пазіцыяй АДКБ-ШАС будзе немагчыма. Пазіцыя ШАС-АДКБ нават будзе важнейшай, чым пазіцыя заходняй кааліцыі", - упэўнены беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка на заканчэнне свайго выступлення падкрэсліў, што пры ўсіх недахопах у АДКБ, у арганізацыі распрацаваны ўсе неабходныя планы, падпісаны дакументы, а таму для прыняцця і рэалізацыі рашэнняў інструментаў дастаткова. "Калі недастаткова, ёсць яшчэ тры тыдні для таго, каб да Душанбэ іх выпрацаваць", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Па матэрыялах сайта БЕЛТА.