04.08.2021
Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам Маці 153 беларускі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 ліпеня падпісаў указ нумар 298 аб узнагароджанні ордэнам Маці. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
За нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей узнагароды ўдастоены прадстаўніцы розных сфер дзейнасці. У іх ліку работніцы прадпрыемстваў прамысловага і фінансавага сектараў, аграпрамысловага комплексу, будаўнічай галіны, арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гандлю і сувязі, устаноў адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, культуры, рэлігійных аб'яднанняў, індывідуальныя прадпрымальнікі і хатнія гаспадыні.
Сярод узнагароджаных палявод прадпрыемства "Снітава-Агра" Іванаўскага раёна Наталля Бандарук, аператар машыннага даення прадпрыемства "Жарабковічы" Ляхавіцкага раёна Таццяна Халопіца, урач-фтызіятр Багушэвіцкай абласной туберкулёзнай бальніцы Маргарыта Малішэўская, птушкавод бройлернага цэха Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Вікторыя Туркова, настаўнік Цярэшкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Гомельскага раёна Вольга Рахматава, інжынер Гродзенскага камбіната будаўнічых матэрыялаў Алеся Апунік, культарганізатар Войткавіцкага Дома культуры Алена Сабалевіч , кандуктар Магілёўскага філіяла Аўтобусны парк нумар 1 "Магілёўаблаўтатранса" Наталля Лісава, кантралёр матэрыялаў, металаў, паўфабрыкатаў і вырабаў ЗАТ "Атлант" Вольга Баль, архітэктар УП "Інстытут "Белпрамбудпраект" Ганна Рамановіч.
Усяго ордэнам Маці ўзнагароджаны 153 жыхаркі Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Магілёўскай абласцей і Мінска.
Па матэрыялах сайта БЕЛТА.