Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
25.09.2021

На дзяржаву спадзявайся, але і сам старайся. Як і навошта беларусам прапануюць збіраць на дадатковую пенсію

Работнікам у Беларусі прапануюць новы выгадны механізм для добраахвотнага накапляльнага страхавання пенсій. Як паведамлялася БЕЛТА, адпаведны праект указа абмяркоўваўся напярэдадні на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. "Мы павышаем пенсіі пры кожнай фінансавай магчымасці, добра разумеючы, што для большасці пажылых грамадзян гэта асноўная крыніца даходу. У Беларусі больш за 2,5 млн пенсіянераў (прыкладна 510 тыс. - працуючыя). Пенсійныя выплаты перавышаюць Br15 млрд і складаюць 30 працэнтаў агульных расходаў бюджэту краіны", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Зразумела, што дзяржава гарантуе пенсійныя выплаты ў рамках існуючай салідарнай пенсійнай сістэмы - гэта калі з падаткаў працуючых цяпер людзей выплачваюцца пенсіі бягучаму пакаленню пенсіянераў. Так, у верасні сярэдняя пенсія па ўзросце складае Br545. Многа гэта ці мала, кожны ацэньвае для сябе, але атрымліваць больш, напэўна, хацелася б кожнаму. І тут дапамагчы можа накапляльная сістэма - калі, знаходзячыся ў працаздольным узросце, чалавек рэгулярна ажыцяўляе дадатковыя адлічэнні, клапоцячыся пра будучую дадатковую пенсію. "Тое, што аб дастойным даходзе ў старасці трэба клапаціцца загадзя, праз дадатковую добраахвотную пенсійную праграму, - такія пытанні ўзнімаліся на VI Усебеларускім народным сходзе. Прапановы па падыходах да вырашэння гэтай праблемы падрыхтаваны", - адзначыў на нарадзе Аляксандр Лукашэнка. Як ідуць справы ў гэтым пытанні цяпер? Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч расказала, што ў Беларусі людзі карыстаюцца пераважна салідарнай пенсійнай сістэмай. Аднак ёсць і тыя, хто ўжо ўдзельнічае ў праграмах добраахвотнага накапляльнага страхавання пенсій. "Але яно не атрымала такога належнага развіцця, як у іншых краінах, у якасці дадатковага кампанента ў пенсійнай сістэме. Толькі каля 5 працэнтаў занятых у эканоміцы пайшлі на добраахвотнае страхаванне", - сказала яна. Як правіла, людзі не самі ініцыююць удзел у добраахвотным пенсійным страхаванні, гэта робяць наймальнікі, уключаючы такую магчымасць у сацпакет. Ірына Касцевіч падкрэсліла: салідарная пенсійная сістэма ў краіне захоўваецца. Па ёй толькі ў бягучым годзе каля Br15 млрд будзе накіравана на выплату пенсій, дзяржава захоўвае свае гарантыі па пенсійным забеспячэнні. "Наша задача - каб кожны грамадзянін спадзяваўся не толькі на дзяржаўную падтрымку ў выглядзе дзяржаўнай пенсіі па старасці, якую мы, як належыць у адпаведнасці з заканадаўствам, будзем выплачваць у поўным аб'ёме ва ўстаноўленыя тэрміны. Кожны чалавек павінен быць зацікаўлены ў павышэнні свайго ўзроўню і якасці жыцця ў старасці. Таму і прапануецца новы механізм па добраахвотным накапляльным страхаванні", - растлумачыла міністр. У чым сутнасць запланаваных новаўвядзенняў? Што датычыцца пенсійных узносаў, то цяпер усе наёмныя работнікі ў Беларусі выплачваюць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва толькі 1 працэнт ад сваёй зарплаты з належных 29 працэнтаў. Астатнія 28 працэнтаў за яго выплачвае наймальнік. Праект указа прадугледжвае, што цяпер работнікам прапануюць добраахвотна выплачваць дадатковы ўзнос (акрамя абавязковага цяпер узносу памерам 1 працэнт) на накапляльную пенсію ў памеры да 10 працэнтаў заработку. Дакладны памер кожны выбірае самастойна, але ён не можа перавышаць 10 працэнтаў. Пры гэтым работадавец ужо ў абавязковым парадку павінен будзе дабавіць да гэтых працэнтаў яшчэ да 3 працэнтаў. Механізм наступны: калі чалавек выбірае ўзнос 1 працэнт, 2 працэнты або 3 працэнты, то наймальнік дабаўляе такі ж працэнт. Калі выбірае 4 працэнты і вышэй (але не больш за 10 працэнтаў), то наймальнік усё роўна дабаўляе толькі 3 працэнты. Атрымліваецца, што максімальны працэнт ад заработку, які можна будзе накіраваць на накапленне дадатковай пенсіі, складзе 13 працэнтаў. Пры гэтым нагрузка на наймальнікаў не павялічыцца. Выплачваць працэнты работнікам яны будуць са сродкаў, прадугледжаных на абавязковы ўзнос у бюджэт ФСАН, які складае 28 працэнтаў. Напрыклад, 3 працэнты пойдзе на добраахвотнае пенсійнае страхаванне работніка і 25 працэнтаў - у ФСАН. Праект указа, які ўключае ўсе гэтыя нормы, падтрыманы на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. "Думаю, у бліжэйшы час ён будзе падпісаны", - расказала Ірына Касцевіч. Новыя магчымасці ў Мінпрацы называюць дадатковым фінансавым бонусам, стымулам, які падштурхне развіццё добраахвотнага пенсійнага страхавання. Пры гэтым за чалавекам захоўваюцца ўсе пенсійныя гарантыі з боку дзяржавы. "Для чалавека ніякіх страт, а толькі плюсы. Таму што, ідучы ў добраахвотную пенсійную страхавую сістэму, ён фарміруе свой дадатковы даход на старасць", - лічыць міністр. Ці не з'есць накапленні інфляцыя і ці не знікнуць грошы? Журналісты пацікавіліся, як сродкі накапляльнай пенсійнай сістэмы будуць абаронены ад абясцэньвання. Ірына Касцевіч прызнала, што пэўныя рызыкі існуюць. Таму ў Мінпрацы і не разлічваюць, што сістэмай добраахвотнага пенсійнага страхавання скарыстаюцца ўсе работнікі. "Мы бачым, што, хутчэй за ўсё, цікавасць будзе ў тых людзей, у каго засталося недзе 10 гадоў да пенсіі. Гэта значыць тыя, у каго ўжо ёсць арыенціры, разуменне таго, што праз нейкі кароткі прамежак табе трэба задумацца аб сваім новым узроўні жыцця", - адзначыла яна. Паводле слоў міністра, важна, што адкладзеная па гэтай сістэме сума будзе атрымлівацца ў спадчыну і капіталізавацца, гэта значыць грошы будуць не проста накоплівацца, а працаваць на эканоміку, укладвацца ў інвестыцыйныя праекты з высокай даходнасцю. Больш прадметна аб умовах прапануемай праграмы можна будзе меркаваць пасля падпісання і апублікавання норм прэзідэнцкага ўказа. Па матэрыялах сайта БЕЛТА.