Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ваўкавыскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
03.10.2020

Выступленне Качанавай на адкрыцці чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання

Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Качанавай Н.І. на адкрыцці чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ЗАЛОГ ПАСПЯХОВАЙ БУДУЧЫНІ БЕЛАРУСІ - У ПАСТУПАЛЬНЫМ І ДЫНАМІЧНЫМ РАЗВІЦЦІ КРАІНЫ Паважаныя члены Савета Рэспублікі! Паважаныя запрошаныя! Сёння пачынае работу чацвёртая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. У міжсесіённы перыяд ключавой падзеяй сталі выбары кіраўніка дзяржавы. Электаральная кампанія праходзіла ў няпростых умовах. Мы сталі сведкамі непрыкрытага знешняга націску на нашу краіну і нагнятання нездаровай грамадскай абстаноўкі ўнутранымі дэструктыўнымі сіламі. Народ зрабіў свой выбар у падтрымку дзеючага Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. На карысць стабільнасці, міру, спакою, праводзімай у краіне палітыкі, у цэнтры якой чалавек. Разам з тым прадаўжаецца беспрэцэдэнтная інфармацыйная атака на Беларусь з боку заходніх дзяржаў. Распаўсюджваецца непраўдзівая і недакладная інфармацыя аб краіне. Адкрытыя фэйкі і домыслы маюць на мэце падарваць згоду ў грамадстве, пасеяць недавер'е да ўлады і сфарміраваць пратэсны рух. Мы, члены Савета Рэспублікі, рашуча асуджаем грубае і бесцырымоннае ўмяшанне Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны і іншых замежных краін ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь. Намі прыняты заявы, у якіх падкрэслена, што беларускі народ самастойна будзе вырашаць лёс сваёй краіны, прадоўжыць працаваць над эвалюцыйным развіццём эканомікі, палітычнай сістэмы, сацыяльнай і гуманітарнай сфер. І для гэтага ў рэспубліцы ёсць добрая форма народаўладдзя, аб якой сказаў Прэзідэнт на сустрэчы з палітычным актывам нашай краіны, - Усебеларускі народны сход. Менавіта на гэтай пляцоўцы, з удзелам прадстаўнікоў усяго беларускага грамадства, у фармаце адкрытага дыялогу, будуць выкрышталізаваны актуальныя напрамкі ўдасканалення дзяржаўнага і грамадскага ладу ў рамках канстытуцыйнай рэформы. Яна прадвызначыць развіццё краіны на дзесяцігоддзі наперад. Акрамя таго, удзельнікі гэтага маштабнага мерапрыемства вызначаць стратэгічныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы на бліжэйшую пяцігодку. Сярод задач, якія патрабуюць вырашэння ў сярэднетэрміновай перспектыве, - уваходжанне краіны ў шосты тэхналагічны ўклад. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, далейшае эканамічнае развіццё Беларусі будзе грунтавацца на ўласнай энергетыцы, экалагічнай і канкурэнтаздольнай вытворчасці, найвышэйшай, на ўзроўні сусветных стандартаў, якасці беларускай прадукцыі. Да вырашэння гэтых і іншых актуальных задач я прашу падключыцца ўсіх членаў Савета Рэспублікі. Упэўнена, што беларускі народ здольны самастойна, без націску звонку знайсці адказы на ўсе хвалюючыя яго пытанні. Асабліва ў год 75-годдзя Перамогі мы павінны выразна разумець, што мір і спакой, чым заўсёды ганарылася наша краіна, павінны быць захаваны. І ўлада забяспечыць парадак і бяспеку, абароніць чалавека і яго права на мірнае і дастойнае жыццё. Паважаныя калегі! Парадак дня бягучай сесіі вельмі насычаны. Плануецца работа над больш як 30 законапраектамі ў розных сферах дзейнасці дзяржавы і грамадства. На працягу сесіі трэба разгледзець праекты Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Асаблівы акцэнт у іх зроблены на гуманізацыі адміністрацыйнай адказнасці, узмацненні прафілактычнага складніка і выключэнні норм, якія выйшлі з ужытку і незапатрабаваны. Трэба адзначыць, што ў праекты ўключаны ў тым ліку навацыі, прапанаваныя членамі Савета Рэспублікі. Просьба ўдзяліць гэтым знакавым дакументам самую пільную ўвагу ў працэсе іх разгляду. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы цяпер пачата маштабная заканатворчая работа па ўдасканаленні Крымінальнага, Крымінальна-працэсуальнага і Крымінальна-выканаўчага кодэксаў. Упэўнена, што члены Савета Рэспублікі прымуць у ёй самы актыўны ўдзел і ўнясуць аргументаваныя прапановы, накіраваныя на ўдасканаленне механізма рэалізацыі крымінальна-прававой палітыкі дзяржавы. Аднымі з важнейшых на гэтай сесіі будуць законапраекты аб рэспубліканскім бюджэце і бюджэце Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на 2021 год. Асноўныя патрабаванні да гэтых дакументаў вызначаны Прэзідэнтам нашай краіны. Бюджэт павінен быць арыентаваны перш за ўсё на развіццё. Гэта асабліва актуальна ў кантэксце актывізацыі работы па прыцягненні ў эканоміку краіны замежных і ўнутраных інвестыцый. Паспяховы старт новай пяцігодкі шмат у чым залежыць ад збалансаванасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, эфектыўнасці бюджэтных расходаў. Таму нам неабходна з асаблівай уважлівасцю падысці да разгляду законапраекта аб бюджэце. Для павышэння якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі, забеспячэння аховы здароўя насельніцтва плануюцца змяненні ў законы ў сферы аховы здароўя. Законапраект "Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі" накіраваны на максімальную інтэграцыю ў грамадскае жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Упершыню на заканадаўчым узроўні будуць урэгуляваны пытанні абароны персанальных даных. Павышэнню інвестыцыйнай прывабнасці і спрашчэнню парадку правядзення мытных аперацый будзе садзейнічаць законапраект "Аб мытным рэгуляванні ў Рэспубліцы Беларусь". Паважаныя калегі! Важнейшым прыярытэтам нашай дзейнасці з'яўляецца работа з насельніцтвам і зваротамі грамадзян. Такі напрамак на гэтым этапе развіцця краіны набывае асаблівую актуальнасць. У міжсесіённы перыяд членамі Савета Рэспублікі разгледжана больш за тысячу зваротаў, а за дзевяць месяцаў бягучага года - больш за тры тысячы. Апошнім часам паступае вялікая колькасць зваротаў, у якіх грамадзяне падтрымліваюць Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку і праводзімы ім курс дзяржаўнай палітыкі. Па-ранейшаму нямала слоў удзячнасці ў пісьмах адрасавана членам Савета Рэспублікі за дапамогу ў вырашэнні канкрэтных пытанняў. Напрыклад, грамадзяне выказалі ўдзячнасць Сяргею Міхайлавічу Сіўцу і Алегу Алегавічу Румо. Пры гэтым, як паказвае практыка, члены Савета Рэспублікі часта аказваюцца апошняй інстанцыяй, дзе людзям рэальна дапамагаюць у вырашэнні іх праблем. А яны ж павінны вырашацца органамі ўлады і дэпутатамі на месцах. Як вы думаеце, няўжо для прадаўжэння аўтобусных зносін у Пружанскім раёне неабходна было ўмяшанне Савета Рэспублікі? Хіба мясцовым уладам гэта не па сілах? На жаль, такіх прыкладаў нямала. Хачу нагадаць, што мясцовыя Саветы дэпутатаў - гэта сувязнае звяно паміж уладай і народам. Паўнамоцтваў у іх дастаткова. Аднак дэпутаты карыстаюцца імі часам нясмела. Сацыяльныя сеткі не заўсёды задзейнічаюцца для стасункаў з людзьмі. Менавіта таму на сучасным этапе надзвычай важна прадоўжыць удасканаленне форм і метадаў работы мясцовых Саветаў дэпутатаў з насельніцтвам. Дэпутатам усіх узроўняў неабходна максімальна выкарыстоўваць магчымасці інтэрнэт-прасторы. Таксама трэба актывізаваць, а магчыма і перафармаціраваць дзейнасць органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Гэтыя пытанні застануцца ў цэнтры ўвагі Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання і Прэзідыума Савета Рэспублікі. Дарэчы, зусім нядаўна з выездам на месца мы вывучылі дзейнасць органаў мясцовага самакіравання пярвічнага ўзроўню на прыкладзе Смілавіцкага сельскага Савета дэпутатаў. Па выніках падрыхтаваны канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні работы названых органаў у галіне сацыяльнай абароны насельніцтва, забеспячэння занятасці, павышэння якасці жыцця людзей, добраўпарадкавання тэрыторый і іншых сферах. Прынята рашэнне праводзіць выязныя пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі не радзей як два разы ў месяц. Паважаныя члены Савета Рэспублікі! Літаральна некалькі дзён таму завяршыў сваю работу VII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі на тэму "Гістарычная спадчына Вялікай Перамогі як аснова развіцця сацыяльна-эканамічных і духоўных сувязей народаў Беларусі і Расіі". Мы яшчэ раз пераканаліся ў тым, што агульнасць пройдзенага гістарычнага шляху, перажытыя разам эпахальныя падзеі з'яўляюцца важным кансалідуючым фактарам, які садзейнічае з'яднанасці і ўмацаванню адзінства беларусаў і расіян. У мэтах далейшага збліжэння нашых народаў, забеспячэння стабільнасці і бяспекі дзяржаў надзвычай важна максімальна выкарыстоўваць багаты і разнапланавы патэнцыял супрацоўніцтва. Гэта асабліва актуальна ў сучасным свеце, калі гістарычныя факты, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, усё часцей скажаюцца і фальсіфікуюцца. У сувязі з гэтым падрастаючаму пакаленню вельмі складана разабрацца ў дакладнасці той ці іншай інфармацыі, зрабіць правільныя вывады. Таму нам неабходна ўдзяляць вялікую ўвагу адстойванню гістарычнай праўды і яе дакладнаму асвятленню. Па выніках форуму яго ўдзельнікі пацвердзілі намеры дзвюх краін процідзейнічаць спробам перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны. Асаблівую ўвагу акцэнтавалі на важнасці захавання міру і бяспекі, а таксама на неабходнасці патрыятычнага выхавання моладзі. У рамках форуму падрыхтавана каля 70 пагадненняў аб супрацоўніцтве і камерцыйных кантрактаў на суму звыш $700 млн. Усё гэта стварае вялікі задзел для далейшага ўмацавання сувязей паміж рэгіёнамі дзвюх краін. У бліжэйшы час мы прадоўжым наша ўзаемадзеянне з замежнымі калегамі ў рамках Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў - удзельніц СНД, Парламенцкай асамблеі АДКБ, Міжпарламенцкага саюза. Відавочна, што гэтыя пляцоўкі неабходна шырэй выкарыстоўваць для аб'ектыўнага інфармавання аб сітуацыі ў Беларусі, пашырэння парламенцкімі метадамі знешнепалітычных і знешнеэканамічных інтарэсаў дзяржавы. Мы не раз пераконваліся ў эфектыўнасці парламенцкай дыпламатыі, таму ў цяперашніх умовах яе значэнне надзвычайна ўзрастае. Нам, парламентарыям, трэба максімальна поўна выкарыстоўваць яе патэнцыял. Паважаныя члены Савета Рэспублікі! Для вырашэння задач, што стаяць перад намі, па ўмацаванні суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, павышэнні дабрабыту яе грамадзян работа парламентарыяў павінна быць максімальна прадметнай, канкрэтнай і эфектыўнай. Галоўнымі складнікамі яе поспеху будуць з'яўляцца высокі прафесіяналізм і актыўная грамадзянская пазіцыя кожнага з нас. Жадаю ўсім плённай работы. Дзякую вам за ўвагу! Па матэрыялах сайта БЕЛТА.