Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
07.09.2021

Каранік: прамыя лініі ахопліваюць свой спектр пытанняў і застаюцца эфектыўным спосабам іх вырашэння

Прамыя лініі ахопліваюць свой спектр пытанняў і застаюцца эфектыўным інструментам аператыўнага вырашэння праблем. Такое меркаванне сёння журналістам выказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння Уладзімір Каранік правёў прамую лінію ў Свіслацкім райвыканкаме. Званкі на яе паступалі не толькі са Свіслацкага, але і іншых раёнаў вобласці. У цэлым зваротаў было няшмат.

"Структура іх на працягу апошняга часу не змяняецца - гэта пытанні, якія датычацца структуры ЖКГ, арганізацыі медыцынскай дапамогі, стану дарог", - адзначыў Уладзімір Каранік. Паводле яго слоў, агульная невялікая колькасць зваротаў сведчыць, што многія праблемныя пытанні здымаюцца на месцах.

"Дыялог паміж людзьмі і органамі дзяржкіравання заўсёды быў у зоне пільнай увагі. Апошнім часам фармат такіх стасункаў пашырыўся - з'явіліся дыялогавыя пляцоўкі, нефармальныя сустрэчы, семінары. Але пры гэтым важнасць прамых ліній і асабістых прыёмаў не зніжаецца. Яны ахопліваюць свой спектр пытанняў, якія хвалююць людзей, даючы магчымасць часта вырашыць праблемную сітуацыю аператыўна, без цяганіны", - звярнуў увагу Уладзімір Каранік. Пры гэтым, адзначыў ён, часам здараецца падмена паняццяў. Некаторыя думаюць, што зварот на прамую лінію можа, напрыклад, адмяніць рашэнне суда. У гэтым выпадку вельмі важна карэктна растлумачыць, што ўсе рашэнні прымаюцца выключна ў рамках заканадаўства.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.