Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
31.07.2021

Галоўчанка: кожны рэгіён павінен забяспечыць якасны рост эканомікі

Кожны рэгіён краіны павінен забяспечыць якасны рост эканомікі. На гэтым зрабіў акцэнт прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка сёння на пасяджэнні Гомельскага аблвыканкама па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці ў студзені - чэрвені 2021 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння пад кіраўніцтвам кіраўніка дзяржавы наша краіна дастойна процістаіць усім выклікам, з якімі мы сутыкаемся. Гэта і пандэмія, і санкцыі, і палітычны і эканамічны націск калектыўнага Захаду", - звярнуў увагу Раман Галоўчанка. Пры гэтым сітуацыя ў краіне спакойная, стабільная, кіруемая, падкрэсліў ён. "Захавана сацыяльная стабільнасць у грамадстве, забяспечваецца планамерны і нават большы за нашы планы рост заработнай платы. Сістэмна, адрасна і эфектыўна працуюць усе сацыяльныя службы краіны", - адзначыў прэм'ер-міністр.

"Для таго каб у такіх умовах не проста выстаяць, а забяспечыць развіццё краіны ў адпаведнасці з намечанымі планамі, патрэбны якасны рост эканомікі. Гэта задача кожнага рэгіёна, з якога і складаецца рост эканомікі краіны. Гэта пытанне асноўнае на парадку дня. Гэта залог бяспекі і стабільнасці нашай дзяржавы. З усім астатнім мы справімся", - сказаў кіраўнік беларускага ўрада.

Раман Галоўчанка ўпэўнены: на месцах патрэбны самакрытычны погляд на рэчы, рэальная ацэнка абстаноўкі. Важна выявіць тое, што перашкаджае, у тым ліку і ў нарматыўна-прававой базе.

Прэм'ер-міністр прывёў лічбы: у Гомельскай вобласці пражываюць 13,5 працэнта чалавек, якія заняты ў эканоміцы дзяржавы, тут фарміруюцца практычна 20 працэнтаў аб'ёмаў прамысловай вытворчасці краіны, 12 працэнтаў агульнай выручкі. "За мінулы год Гомельская вобласць палепшыла пазіцыі па ўзроўні ВРП на аднаго занятага ў эканоміцы, але нямала і праблем", - канстатаваў ён. Раман Галоўчанка адзначыў: частка з іх была агучана на пасяджэнні аблвыканкама, на іншых мерапрыемствах, аднак важна вызначыць, якія сістэмныя, кропкавыя, кадравыя, нарматыўныя рашэнні будуць прымацца.

У ліку актуальных Раман Галоўчанка назваў пытанне вытворчасці прадукцыі сельгасарганізацый вобласці.

Важнейшы інструмент выканання мэтавага плана - інвестыцыі. Кіраўнік беларускага ўрада звярнуў увагу ўдзельнікаў пасяджэння: больш за палавіну інвестыцыйных рэсурсаў прадпрыемствы рэгіёна накіроўваюць на будаўніча-мантажныя работы, а не на машыны, станкі, абсталяванне.

Раман Галоўчанка нагадаў задачу, якую паставіў кіраўнік дзяржавы па стварэнні за пяцігодку па адной-дзвюх новых буйных вытворчасцях у абласцях і па адным-двух новых малых, сярэдніх, але патэнцыяльна важных прадпрыемствах у раёнах. "Валакіціць гэта пытанне нельга", - акцэнтаваў увагу ён. Прэм'ер-міністр даручыў аблвыканкаму сумесна з міністэрствамі, канцэрнамі да 1 лістапада вызначыцца па ўсіх праектах па рэгіёне - па месцах іх размяшчэння, крыніцах фінансавання, графіках, адказных.

Сярод прыярытэтных пытанняў - фінансава-гаспадарчая дзейнасць. Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, важна ўдзяліць увагу пратэрмінаванай крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасцям: "Гэта ўласныя сродкі арганізацый, тая самая крыніца інвестыцый, якіх не хапае".

У пастаянным полі зроку павінны быць таксама пытанні зніжэння колькасці стратных прадпрыемстваў. "Задача мясцовай улады - аператыўна прыняць меры па фінансавым аздараўленні такіх арганізацый. Неабходна па кожнай з іх мець дакладны план выхаду на эфектыўную работу", - паставіў задачу прэм'ер-міністр. Ён звярнуў увагу і на некаторыя трывожныя тэндэнцыі па экспартнай дзейнасці рэгіёна.

"Эканоміка, якая стабільна працуе, - гэта гарантыя паляпшэння якасці жыцця кожнага і ў цэлым база забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Разуменне гэтага, дакладная і зладжаная работа кожнага на сваім месцы, усёй вертыкалі ўлады - залог далейшага развіцця нашай дзяржавы", - упэўнены Раман Галоўчанка. На яго думку, ключавое пытанне - у меры адказнасці, усведамленні важнасці той работы, якую кожны выконвае на сваім месцы.

"Прынцыповасць, аналітыка, выкрыццё (негатыўных. - Заўвага БЕЛТА) тэндэнцый, апераджальнае прыняцце мер - гэта тыя напрамкі, на якія трэба звярнуць увагу ў арганізацыі работы вобласці", - рэзюмаваў прэм'ер-міністр.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.