Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
25.10.2021

"Каб не перавышалі прымальны для насельніцтва ўзровень". Лукашэнка паставіў задачу па стрымліванні росту цэн

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў паставіў задачу па стрымліванні росту цэн, каб яны не перавышалі прымальны для насельніцтва ўзровень, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Асобны акцэнт на нарадзе кіраўнік дзяржавы зрабіў на задачы па стрымліванні росту цэн. "Мы падыходзім да зімовага перыяду, і, акрамя проціэпідэмічных пытанняў, стаіць задача стрымлівання росту цэн, каб яны не перавышалі прымальны для насельніцтва ўзровень. Асабліва гэта датычыцца кошту прадуктаў харчавання", - удакладніў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што пытанне росту цэн вельмі значнае для насельніцтва. "Пытанне пытанняў. Ёсць каму гэтым займацца. Займайцеся. Каб не было потым нейкіх непрыемных размоў на гэту тэму", - звярнуўся да прысутных Прэзідэнт.

"Нараўне з прыняццем антыінфляцыйных мер павінен быць наведзены парадак там, дзе пачынаецца эканоміка галіны, што забяспечвае харчовую бяспеку. Тыя тэндэнцыі, якія я бачу ў агракомплексе, часам насцярожваюць. Хоць дзяржава падставіла плячо па ўсіх напрамках, дзе толькі патрабавалася гэта падтрымка і дзе яе прасілі" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ўборка ўраджаю ўжо ў цэлым завершана. Застаецца яшчэ нарыхтоўка кукурузы на зерне, і Прэзідэнт запатрабаваў актывізаваць гэту работу, завяршыўшы яе ў бліжэйшы час, пакуль нядрэннае надвор'е. "Я бачу, што мы атрымліваем добрыя дадатковыя мільёны, тысячы тон збожжа, якіх нам не хапае. І па выніках года мы можам выйсці на вытворчасць усіх відаў збожжа звыш 9 млн т. Вядома, гэта не 10 млн т мінулагодніх, але 9 млн т - гэта цалкам прымальны аб'ём, які забяспечыць поўнасцю патрэбнасці нашай дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Асобна Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як ідуць справы з закладкай стабілізацыйных фондаў: "Вось тут я вас, кіраўнікоў усіх узроўняў, катэгарычна папярэджваю: гэтыя стабілізацыйныя фонды мы з савецкіх часоў выкарыстоўваем як рэзерв для згладжвання скачкоў цэн і стабільнага насычэння спажывецкага рынку ў міжсезонны перыяд. Гэта значыць капуста, бульба, буракі, морква і іншае - тое, што мы закладваем у сховішчы, - гэта для таго, каб забяспечыць нашых людзей у асенне-зімовы перыяд, пакуль не з'явіцца новы ўраджай. Зрабіце так, каб гэтых прадуктаў хапіла".

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў лістападзе яшчэ адбудзецца грунтоўная размова аб гатоўнасці да зімова-стойлавага перыяду і запаўняльнасці агароднінасховішчаў.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.