Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
30.11.2020

Касцевіч расказала аб павышэнні пенсій, дэкрэтным водпуску і сямейным капітале

Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч у эфіры тэлеканала АНТ расказала аб павышэнні пенсій, дэкрэтным водпуску і сямейным капітале, паведамляе БЕЛТА.

"У нас было другое павышэнне пенсій, гэта значыць з 1 ліпеня ў нас было павышэнне на 6 працэнтаў і з 1 снежня - зноў на 6 працэнтаў. Але я хачу адзначыць, што на працягу года ў нас чатыры разы павышаўся бюджэт пражытачнага мінімуму. А з бюджэтам пражытачнага мінімуму завязаны так званыя ўзроставыя надбаўкі да пенсіі, якія выплачваюцца пенсіянерам 75 гадоў і старэйшым. У выніку мы выходзім на сярэднюю пенсію па ўзросце для непрацуючых пенсіянераў у памеры Br513, калі параўнаць са снежнем мінулага года, то тэмп росту - 12 працэнтаў. У 2020 годзе ў нас будзе зрасходавана на выплату пенсій больш за Br13 млрд. Многа гэта ці мала? Калі супаставіць з ВУП, гэта амаль 9 працэнтаў", - адзначыла міністр.

Гаворачы аб новаўвядзеннях з 1 студзеня 2021 года, кіраўнік ведамства нагадала, што зменіцца максімальны перыяд залічэння стажу па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. "Гэта той стаж, які ўлічваецца пры назначэнні пенсіі. У бягучым годзе гэта было 9 гадоў, а з 1 студзеня - 12 гадоў. Важная яшчэ адна мера, гэта што датычыцца мам, якія нарадзілі чатырох і больш дзетак, гэта страхавы стаж. У наступным годзе страхавы стаж для таго, каб увайсці ў пенсійную сістэму, будзе 18 гадоў, з 2025 года - ужо 20 гадоў. Для мам, якія нарадзілі чатырох дзетак, страхавы стаж будзе 10 гадоў, а калі нехта адзін з бацькоў выхоўваў не менш за 20 гадоў інваліда з нараджэння першай групы, то з 1 студзеня 2021 года пенсія для іх павялічваецца ў два разы", - паведаміла яна.

У Беларусі водпуск па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, на думку Ірыны Касцевіч, з'яўляецца "самай значнай і высокай ільготай, а таксама гарантыяй дзяржавы ў параўнанні з іншымі краінамі". "Пры гэтым гэта не проста тры гады, а аплатныя тры гады. Наколькі правільна скарачаць дэкрэтны водпуск, скажу так, мы прааналізавалі, як сёння карыстаюцца названай гарантыяй нашы мамы. Дык вось дзеткі ад года да трох, а іх 68 тыс., на пастаяннай аснове наведваюць дзіцячы сад, а мам, якія выйшлі на поўную занятасць, - крыху больш за 6 тыс. У такім выпадку дзяржава двойчы льгатуе і падтрымлівае гэтых мам", - адзначыла яна. Міністр лічыць, што калі ў краіне будзе адкрыта дастатковая колькасць ясельных груп, мамы самі актыўна пойдуць на работу. "Што датычыцца сямігадзіннага рабочага дня для шматдзетных мам, гэта была прапанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Мы прапанавалі гэта як альтэрнатыву, гэта значыць або адзін дзень у тыдзень, або ўзамен сям'я можа выбраць скарочаны сямігадзінны рабочы дзень. Будзем уносіць такую прапанову ў наступным годзе і абмяркоўваць з дэпутатамі", - расказала кіраўнік ведамства.

Міністр таксама паведаміла, што за час работы праграмы "Сямейны капітал" у Беларусі было адкрыта больш за 91 тыс. дэпазітных рахункаў на агульную суму Br2,3 млрд.

"З 1 студзеня на 5,4 працэнта павялічваецца базавая стаўка. Базавая стаўка - гэта асноўны элемент у тарыфнай сістэме, якая фарміруе заработную плату ў бюджэтных арганізацыях. Але мы на гэтым не спыніліся. Ёсць асобная катэгорыя работнікаў бюджэтнай сферы, гэта памочнікі выхавальнікаў, выхавальнікі, сацработнікі і іншыя, работа якіх сёння даволі нізка аплачваецца. Таму мы робім яшчэ адзін крок, і з 1 студзеня 2021 года павялічваецца памер стымулюючых выплат для гэтай катэгорыі грамадзян", - расказала Ірына Касцевіч.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.