Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
08.09.2021

Латвія адмовіла Беларусі ў прававой дапамозе па крымінальнай справе аб генацыдзе

У Генпракуратуру Беларусі паступіў адказ з Латвіі аб адмове ў прававой дапамозе па крымінальнай справе аб генацыдзе, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на ўпраўленне ўзаемадзеяння са СМІ і рэдакцыйнай дзейнасці нагляднага ведамства.

"Генеральная пракуратура Латвійскай Рэспублікі з беспадстаўнай спасылкай на арт.17 Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Латвійскай Рэспублікай аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах ад 21 лютага 1994 года адмовіла ў задавальненні запыту Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь аб прававой дапамозе па крымінальнай справе аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенныя гады", - гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.

Нагляднае ведамства Беларусі ў чэрвені 2021 года паведаміла ў кампетэнтную ўстанову Латвіі, што следства па справе накіравана на ўстанаўленне фактаў удзелу нацыстаў і іх памагатых з ліку членаў Латышскіх легіёнаў СС у знішчэнні насельніцтва БССР на працягу ўсяго перыяду акупацыі рэспублікі.

"У хадайніцтве паведамлялася, што гэтыя памагатыя нацызму добраахвотна ўступалі ў рады ваенна-паліцэйскіх і ваенізаваных фарміраванняў. Яны ўсведамлялі свае задачы ў рэалізацыі планаў па знішчэнні мірных жыхароў на тэрыторыях, акупіраваных нямецкімі войскамі, у тым ліку ў БССР, а таксама ў выкананні злачынных загадаў камандавання ваенных і паліцэйскіх падраздзяленняў фашысцкай Германіі", - адзначылі ў Генпракуратуры.

Латвійскі бок інфармавалі, што ў Латвіі і за яе межамі пражывае каля 400 былых латышскіх легіянераў СС, якія маюць дачыненне да ўчынення ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці ў гады Другой сусветнай вайны.

З хадайніцтвам быў перададзены і спіс з прозвішчамі і імёнамі 22 былых членаў Латышскага легіёна СС, 15-й латышскай дывізіі Вафен-СС, 24-га тэрытарыяльнага стралковага корпуса.

"Замест садзейнічання ў выкрыцці ваенных злачынцаў латвійскія ўлады ў адказ на просьбу аб правядзенні працэсуальных дзеянняў адносна маючых дачыненне да карных аперацый па знішчэнні мірнага насельніцтва БССР латышскімі легіянерамі СС паведамілі, што "выкананне запыту немінуча нанесла б урон суверэнітэту Латвійскай Рэспублікі, паставіла б пад пагрозу правы яе грамадзян, стварыла б рызыкі дзяржаўнай бяспецы Латвіі", - адзначылі ў наглядным ведамстве.

У Генпракуратуры таксама падкрэслілі: агульнавядома, што прадстаўнікі латвійскіх дзяржаўных органаў не скрываюць свае сувязі з нацысцкімі злачынцамі. Напрыклад, міністр замежных спраў гэтай краіны Эдгарс Рынкевічс у час афіцыйнага візіту ў Канаду паразмаўляў з членамі канадскага аддзялення арганізацыі "Ястрабы Даўгавы" (арганізавана ветэранамі Латышскага СС), у тым ліку з легіянерам Лаймондасам Озалсам.

"Такая пазіцыя палітычнай эліты Латвіі сведчыць аб адкрытым дапамаганні ў хаванні ваенных злачынцаў, элементарным адмаўленні каштоўнасці чалавечага жыцця, ухіленні ад рэалізацыі прынцыпу непазбежнасці адказнасці і ігнараванні міжнародных абавязацельстваў", - канстатавалі ў Генпракуратуры.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.