"Для нас галоўнае - зрабіць так, каб не пацярпеў беларускі народ, - падкрэсліў беларускі лідар. - Задача ўрада - прадугледзець дзейсныя меры для кампенсацыі страт і захавання рабочых месцаў". Прэзідэнт запатрабаваў далажыць аб тым, як будуць абаронены айчынныя прадпрыемствы, за кошт чаго забяспечана імпартазамяшчэнне і як будзе прастымуляваны ўнутраны попыт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што продажы на еўрапейскі рынак айчыннай прадукцыі ніколі не былі вялікімі, асабліва ў тых прадпрыемстваў, супраць якіх уведзены санкцыі: БелАЗ, МАЗ і гэтак далей. "Мы закуплялі там некаторыя камплектуючыя. Толькі ў Еўрапейскім саюзе вырабляюць гэтыя камплектуючыя? Не. Яны вырабляюцца і на прасторах былога Савецкага Саюза, у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, іншых краінах. Трэба проста варушыцца і пераарыентавацца", - лічыць Прэзідэнт.
Што датычыцца асобных еўрапейскіх вытворцаў, якія пастаўляюць сваю прадукцыю на беларускі рынак, то Прэзідэнт нагадаў пра ўжо існуючы вопыт абмежавання продажаў асобных кампаній у нашай краіне.
"Мы ведаем, хто ў ЗША, Германіі і іншых, асабліва еўрапейскіх, краінах выступіў супраць паставак камплектуючых і асноўных вузлоў для нашых прадпрыемстваў. Мы іх ведаем. У нас ёсць вопыт. Помніце, "Шкода", "Нівея" і гэтак далей? Мы ім сказалі: дзякуй, да пабачэння. Першае: на беларускі рынак - ні кроку, другое: праз Беларусь - таксама ні кроку, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Гэтак жа трэба рабіць і з немцамі. Няхай цераз Фінляндыю ў Кітай і Расію пастаўляюць сваю прадукцыю. Або цераз Украіну (там добрыя дарогі) няхай едуць і пастаўляюць туды".
"Інакш кажучы, трэба прыняць усе меры, каб яны адчулі, што такое Беларусь. І, перш, чым брацца за эканамічную зброю, думалі", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Ураду і Нацыянальнаму банку неабходна ўважліва паглядзець на заходнія кампаніі, якія вядуць свой бізнес у нашай краіне. Тыя з іх, хто адказна ставіцца, разумее нас - калі ласка, будзем з вамі супрацоўнічаць. Але калі нехта нас не разумее і разгарнуў барацьбу супраць беларускай дзяржавы, вы ведаеце, як да іх адносіцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.