Кіраўнік дзяржавы сказаў, што на форуме будуць абмяркоўвацца перш за ўсё прапановы кіраўніцтва краіны, заснаваныя на ідэях, якія выказвалі людзі на дыялогавых пляцоўках, а не нейкія альтэрнатыўныя прапановы апанентаў дзеючай улады.
"Усё пазнаецца ў параўнанні. Не я прыдумаў, і не вы. Гэта аксіёма. Давайце параўнаем. Што хоча сіла, што процістаіць нам, выгадаваная і вывучаная за мяжой? Якая іх праграма? Я хачу вам проста нагадаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прывёў некаторыя палажэнні з праграмы праціўнікаў дзеючай улады. У эканоміцы гэта павальная прыватызацыя, неадкладная ліквідацыя слабых прадпрыемстваў, забарона продажу расійскім кампаніям аб'ектаў беларускай інфраструктуры, распрадажа зямель сельскагаспадарчага прызначэння. У палітыцы - выхад з Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, аднаўленне мытнага і пагранічнага кантролю на граніцы з Расіяй, забарона прарасійскіх фондаў і арганізацый, выкананне ўсіх крытэрыяў членства ў ЕС. У ваеннай сферы - выхад з АДКБ і з адзінай з Расіяй сістэмы проціпаветранай і проціракетнай абароны. У інфармацыйнай сферы - забарона на трансляцыю грамадска-палітычных праграм і праграм навін расійскіх тэлеканалаў, поўная свабода для заходніх СМІ. У гуманітарнай - платныя адукацыя і медыцына, павальнае ўвядзенне беларускай мовы, аднаўленне беларускай аўтакефальнай царквы як альтэрнатывы Беларускаму экзархату РПЦ.
"Цяпер я прадстаўлю наш пункт гледжання, каб беларускі народ падумаў і вызначыўся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Галоўны арыенцір - гэта чаканні, імкненні, магчымасці развіцця сучаснага чалавека. Паколькі якія б мы ні ставілі мэты, галоўным рэсурсам у іх дасягненні застаюцца людзі - таленавітыя і працавітыя, адданыя сваёй зямлі. На кожным з беларусаў ляжыць адказнасць за лёс краіны. І галоўнае - ва ўсіх ёсць роўныя, спрыяльныя стартавыя ўмовы для таго, каб стаць паспяховым і мяняць жыццё ў Беларусі да лепшага. У гэтым сутнасць справядлівасці, запатрабаванне на якую ў свеце, як бачым, толькі расце. У гэтым сэнс нашай мадэлі сацыяльна арыентаванай дзяржавы, якая даказала сваю жыццяздольнасць, нягледзячы на сусветныя санкцыі і палітычны націск", - сказаў Прэзідэнт.
Ён зрабіў акцэнт на выніках развіцця Беларусі за гады суверэнітэту, падкрэсліўшы, што краіна дасягнула поспехаў у розных галінах. Напрыклад, за апошнія пяць гадоў Беларусь замацавалася ў статусе самастойнага іграка на міжнароднай арэне і надзейнага ўдзельніка інтэграцыйных аб'яднанняў. Краіна стабільна займае высокія месцы ў рэйтынгу індэкса чалавечага развіцця. Айчынная ахова здароўя дэманструе эфектыўную работу нават ва ўмовах пандэміі. Традыцыйныя галіны - машынабудаванне, хімічная прамысловасць, сельская гаспадарка - працуюць бесперабойна. Фарміруюцца касмічная, атамная, біяхімічная галіны эканомікі. Значна ўмацаваны лагістычны патэнцыял, населеныя пункты звязаны сучаснымі транспартнымі магістралямі, рэалізавана ў поўным аб'ёме праграма жыллёвага будаўніцтва. "Бясспрэчным брэндам краіны стаў дасягнуты намі высокі ўзровень камфорту і бяспекі", - канстатаваў Прэзідэнт.