Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
19.10.2021

Лукашэнка: калектыўны Захад нацэліўся на змену ўлады ў Беларусі

Калектыўны Захад нацэліўся на змену ўлады ў Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, прымаючы кадравыя рашэнні ў сістэме дзяржаўнай бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Хачу звярнуць увагу: сітуацыя застаецца напружанай, і нам супакойвацца яна не дае. Вам лепш за іншых вядома, што няўдалая спроба дзяржаўнага перавароту не змяніла планаў праціўніка. Калектыўны Захад прадаўжае ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны, нацэліўшыся на змену ўлады, а самае небяспечнае для нас - знішчэнне незалежнасці нашай дзяржавы. Гэта мы павінны памятаць. Разумець і адчуваць кожны дзень і кожную гадзіну, асабліва вы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Задзейнічаюцца санкцыі. Фінансуюцца пратэсты, экстрэмізм, тэрарызм. Падбіраюцца і рыхтуюцца баевікі. Мы гэта не проста ведаем, мы з гэтым працуем", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сучасных умовах на супрацоўнікаў КДБ ускладаецца задача па забеспячэнні стабільнай сацыяльна-палітычнай абстаноўкі, абароне краіны ад знешняга дэструктыўнага ўздзеяння.

"Першачарговымі задачамі сёння з'яўляюцца нарошчванне намаганняў па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам, процідзеянне антыканстытуцыйным праявам. Прынцыповае значэнне мае кантроль абстаноўкі ў працоўных калектывах прадпрыемстваў, органаў улады. Для гэтага мы стварылі адпаведныя інстытуты", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да афіцэраў і генералаў, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускія чэкісты ўнеслі важкі ўклад у абарону краіны і людзей ад маштабных знешніх і ўнутраных пагроз.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.