Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
09.08.2021

Лукашэнка: лета было гарачым, але ніхто не здымаў галоўны абавязак - працаваць і даваць вынік

Нягледзячы на тое, што лета было гарачым ва ўсіх адносінах, ніхто не здымаў галоўны абавязак - працаваць і даваць вынік. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе ў Гродзенскім аблвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нягледзячы на тое, што лета было гарачым ва ўсіх адносінах, ніхто з нас не здымаў галоўны наш абавязак - працаваць і даваць вынік. Вы цудоўна ведаеце, чулі ў тым ліку ад мяне аб тым, што адбываецца вакол Беларусі. Задачы пастаўлены, сістэма выбудавана ў Беларусі, а вось як яна рэалізуецца, на прыкладзе Гродзенскай вобласці мы ўбачым на гэтай нарадзе", - заявіў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што нарада прысвечана негатыўным з'явам як у рэгіёне, так і краіне ў цэлым. "Магчыма, ёсць нейкія праблемы. Мы іх павінны бачыць і абазначыць загадзя. Яны звязаны з тым няспынным націскам на Беларусь, перш за ўсё з пункту гледжання эканомікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Адзінае, аб чым я заўсёды прашу наша кіраўніцтва, вертыкаль улады, урад, эканамічныя службы: займіцеся эканомікай, дайце вынік у эканоміцы. З усімі астатнімі пытаннямі, а яны не лягчэйшыя, мы справімся, - падкрэсліў беларускі лідар. - Кіраўніцтва вобласці на месцы. Ёсць элемент ваенны, які ў асобе Юрыя Хаджымуратавіча (памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, які раней узначальваў МУС. - Заўвага БЕЛТА) прайшоў цяжкія часы. У самым пекле. Ёсць чалавек малады, арганізаваны, які ведае, што рабіць, і, як я бачу, робіць. Таму ні ў якім выпадку не трэба расслабляцца. І ўсё ў нас атрымаецца".

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік у пачатку нарады далажыў аб ходзе ўборачнай кампаніі ў рэгіёне, развіцці сельскай гаспадаркі і аграпрамысловага комплексу. У прыватнасці, адзначаецца рост экспарту, што сведчыць аб запатрабаванасці прадукцыі на знешніх рынках.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.