Вітаючы дыпламатаў, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сустрэча праходзіць адразу пасля святкавання свяшчэннай для кожнага беларуса даты - Дня Перамогі - і напярэдадні 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. "Самай крывавай у гісторыі чалавецтва бойні, якая прынесла невычэрпныя бедствы ўсім народам Савецкага Саюза", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі загінуў кожны трэці яе жыхар, па большай частцы - мірнае насельніцтва. "Па сутнасці, гэта было мэтанакіраванае, жорсткае і бесчалавечнае знішчэнне людзей, сапраўдны генацыд. Мы гэта памятаем і ў майскія дні кожны год славім герояў, смуткуем аб шматмільённых бязвінных ахвярах", - заявіў ён.
Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў: сёння сітуацыя ў свеце далёкая ад спакойнай. Барацьбу за геапалітычны ўплыў, перадзел сфер інтарэсаў у эканоміцы абвастрыла пандэмія каранавіруса, якая яшчэ больш узмацніла супярэчнасці.
"Мы не можам гэта ігнараваць, гэтак жа, як і вы, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Не стамлюся паўтараць, што толькі сам беларускі народ мае права вырашаць, якой павінна быць яго будучыня".
Прэзідэнт нагадаў: у лютым у Мінску прайшоў Усебеларускі народны сход. У яго рабоце прынялі ўдзел больш як 2,5 тыс. дэлегатаў - прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства, людзі розных прафесій і палітычных поглядаў. "Рашэнні гэтага прадстаўнічага форуму адназначна пацвердзілі падтрымку дзяржаўнага курсу на далейшае развіццё сацыяльнай дзяржавы з высокатэхналагічнай эканомікай. Пры гэтым народнае веча паказала таксама запатрабаванне грамадства - прынамсі, часткі нашага грамадства - на пэўныя перамены, у тым ліку ў грамадска-палітычным жыцці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларусы падтрымалі аб'яўлены працэс канстытуцыйнай рэформы, які, паводле яго слоў, ідзе адкрыта, з шырокім абмеркаваннем. "Праўда, гэта не ўсім падабаецца за мяжой, - заўважыў ён. - Але нават у такіх няпростых умовах Беларусь застаецца прыхільнай да канструктыўнага ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне. Мы заўсёды настроены на дыялог. Але ён павінен быць паважлівым, сумленным і раўнапраўным".
"Вельмі спадзяюся, што вы прапануеце цікавыя ідэі для развіцця супрацоўніцтва, узбагаціце нас станоўчым вопытам сваіх краін", - дадаў беларускі лідар.