Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што міжнародная сітуацыя застаецца няпростай і, паводле яго слоў, справа не толькі ў пандэміі. Пастаянна ўзнікаюць новыя выклікі і пагрозы, звязаныя ў тым ліку з эканамічнай бяспекай. Беларусь вымушана рэагаваць на іх, падкрэсліў Прэзідэнт.
"Зноў палыхнула на прасторы былога Савецкага Саюза. На гэты раз у Нагорным Карабаху. Завершаны там гарачы канфлікт паміж нашымі блізкімі партнёрамі - Арменіяй і Азербайджанам - цяпер, відаць, будзе разгортвацца ў дыпламатычнай плоскасці, - выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка. - Пасля таго як Расія пачала сябе актыўна там паводзіць (будзем гаварыць адкрыта, Турцыя таксама не была ўбаку, проста ў асобных СМІ гэта не вельмі падаецца), на Захадзе занепакоіліся сустаршыні так званай Мінскай групы (АБСЕ. - Заўвага БЕЛТА). Акрамя Расіі, там Францыя і ЗША. Яны гатовы ўжо разглядаць нешта, як будзе потым і чаму там адны міратворцы Расіі".
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што да сапраўднага міру ў Нагорным Карабаху - каб пасля вайны людзям далі асталявацца на пакінутых імі землях, а нацыянальныя меншасці адчувалі сябе ў бяспецы - яшчэ далёка. Ён таксама заўважыў, што да гэтага часу не спыніліся войны на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, дзе ў Беларусі таксама ёсць эканамічныя інтарэсы. Выклікаюць хваляванне пратэсныя настроі ў нашым еўрапейскім доме, якія ўзмацняюцца на фоне абмежавальных мер у барацьбе з каранавірусам і тэрарыстычных атак ісламістаў. "Хоць вы ведаеце, Францыя, Германія, іншыя краіны - вы ж паклікалі гэтых ісламістаў да сябе. Вы ж адкрылі граніцы і іх паклікалі: "Прыходзьце!". Зразумела, рабочай сілы не хапала. І чаму вы цяпер крычыце гвалтам? Вы іх паклікалі, ведалі іх культуру, адзінства, веру. Дык паважайце іх, калі паклікалі. Таму справа не ў ісламістах, а ў тых кіраўніках, якія сёння кіруюць гэтымі цывілізаванымі дзяржавамі ў Еўропе", - сказаў Прэзідэнт.
Нявызначанасць у міжнародную абстаноўку ўносяць і праведзеныя ў ЗША прэзідэнцкія выбары, якія пакуль не праяснілі будучую палітыку Вашынгтона, дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Аднак самае важнае для нас цяпер - гэта абстаноўка вакол Беларусі. Пасля завяршэння выбарчай кампаніі наша краіна, сама таго не жадаючы, ператварылася ў арэну процістаяння чужых інтарэсаў. Выступаючы па ўсёй краіне, я папярэджваў актыў, што мы можам ператварыцца ў тэатр ваенных дзеянняў, пачнецца не наша вайна. І там, у гэтай вайне, нашых інтарэсаў не будзе. Пакуль ідзе процістаянне. І наша краіна сёння практычна стала аб'ектам непрыкрытай агрэсіі, пакуль не гарачай вайны. Але і ў гэтых умовах мы, як і раней, нацэлены на ўмацаванне ўзаемавыгадных сувязей з усімі сваімі замежнымі партнёрамі", - заявіў кіраўнік дзяржавы.