Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння Беларусь трымае ўдар ва ўсіх сферах жыцця: палітычнай, дыпламатычнай, інфармацыйнай, грамадскай, на ўзроўні ваенных пагроз, у сферы гістарычнай палітыкі. "Нехта вельмі хоча, каб беларусы назаўсёды страцілі сваю ідэнтычнасць і завяршылі шлях як нацыя, растварыліся ў глабальным свеце. Па розных прычынах. Адны заходнія партнёры шукаюць у нас "свае" гістарычныя тэрыторыі. Іншыя бачаць плацдарм для новага кідка на ўсход", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Але пры любых інтарэсах знешніх ігракоў развязаная імі бітва - гэта бітва за каштоўнасці, заявіў Аляксандр Лукашэнка. "Нашы каштоўнасці не ўпісваюцца ў сістэму глабалісцкага светаўладкавання, таму што супярэчаць і перашкаджаюць мэтам тых, хто ў гэтай сістэме мае намер дамінаваць. У адрозненне ад нас, беларусаў, як і большасці народаў свету. Бо што не падабаецца на самай справе, я нават сказаў бы, раздражняе, - тое, што беларусы з'яўляюцца захавальнікамі міру, хрысціянскіх традыцый і, скажам адкрыта, здаровага кансерватызму. Што мы з'яўляемся ўзорам міжнацыянальнага, міжканфесійнага і сацыяльнага адзінства - усяго таго, што робіць нас, як і любую іншую дзяржаву, суверэннымі, незалежнымі. І асабліва іх раздражняе тое, што мы аказаліся мацнейшымі за тэхналогіі так званых каляровых рэвалюцый", - упэўнены Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларусы выстаялі, зведаўшы на сабе ўздзеянне сямі або нават васьмі этапаў каляровай рэвалюцыі. "Усё, што мы прайшлі, - гэта не спантанныя атакі, а паслядоўная і скаардынаваная палітыка Захаду", - звярнуў ён увагу.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што такім чынам Беларусь аказала пэўную паслугу аўтарам гэтых тэхналогій. "Цяпер, выпрабаваўшы гэта на прыкладзе Беларусі, яны дапрацуюць свае канцэпцыі, тэорыі і практыкі. Яны зразумелі, што пры пэўных умовах, напрыклад як у Беларусі, іх план не спрацоўвае. Значыць, трэба нешта дабаўляць", - растлумачыў прэзідэнт.