Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
02.08.2021

Лукашэнка: захад раздражнёны тым, што беларусы аказаліся мацнейшымі за тэхналогіі каляровых рэвалюцый

Захад раздражнёны тым, што беларусы аказаліся мацнейшымі за тэхналогіі каляровых рэвалюцый. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з актывам мясцовай вертыкалі па актуальных пытаннях грамадска-палітычнай абстаноўкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння Беларусь трымае ўдар ва ўсіх сферах жыцця: палітычнай, дыпламатычнай, інфармацыйнай, грамадскай, на ўзроўні ваенных пагроз, у сферы гістарычнай палітыкі. "Нехта вельмі хоча, каб беларусы назаўсёды страцілі сваю ідэнтычнасць і завяршылі шлях як нацыя, растварыліся ў глабальным свеце. Па розных прычынах. Адны заходнія партнёры шукаюць у нас "свае" гістарычныя тэрыторыі. Іншыя бачаць плацдарм для новага кідка на ўсход", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Але пры любых інтарэсах знешніх ігракоў развязаная імі бітва - гэта бітва за каштоўнасці, заявіў Аляксандр Лукашэнка. "Нашы каштоўнасці не ўпісваюцца ў сістэму глабалісцкага светаўладкавання, таму што супярэчаць і перашкаджаюць мэтам тых, хто ў гэтай сістэме мае намер дамінаваць. У адрозненне ад нас, беларусаў, як і большасці народаў свету. Бо што не падабаецца на самай справе, я нават сказаў бы, раздражняе, - тое, што беларусы з'яўляюцца захавальнікамі міру, хрысціянскіх традыцый і, скажам адкрыта, здаровага кансерватызму. Што мы з'яўляемся ўзорам міжнацыянальнага, міжканфесійнага і сацыяльнага адзінства - усяго таго, што робіць нас, як і любую іншую дзяржаву, суверэннымі, незалежнымі. І асабліва іх раздражняе тое, што мы аказаліся мацнейшымі за тэхналогіі так званых каляровых рэвалюцый", - упэўнены Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларусы выстаялі, зведаўшы на сабе ўздзеянне сямі або нават васьмі этапаў каляровай рэвалюцыі. "Усё, што мы прайшлі, - гэта не спантанныя атакі, а паслядоўная і скаардынаваная палітыка Захаду", - звярнуў ён увагу.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што такім чынам Беларусь аказала пэўную паслугу аўтарам гэтых тэхналогій. "Цяпер, выпрабаваўшы гэта на прыкладзе Беларусі, яны дапрацуюць свае канцэпцыі, тэорыі і практыкі. Яны зразумелі, што пры пэўных умовах, напрыклад як у Беларусі, іх план не спрацоўвае. Значыць, трэба нешта дабаўляць", - растлумачыў прэзідэнт.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.