"Поезд Перамогі" будзе курсіраваць па БЧ з 11 па 28 чэрвеня гэтага года. Як удакладнілі ў БЧ, з 11 па 13 чэрвеня экспазіцыя будзе ў Мінску, 14-15 чэрвеня яе змогуць наведаць жыхары Оршы, 16-17 чэрвеня - Віцебска, 18 чэрвеня поезд зробіць прыпынак у Полацку, 19-20 чэрвеня экспазіцыя будзе даступна для прагляду ў Гродне. У Брэсце "Поезд Перамогі" будзе з 21 па 24 чэрвеня, у Гомелі можна будзе пабываць у музеі 25-26 чэрвеня, а завершыцца паказ у Магілёве 27-28 чэрвеня - у дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
"Поезд Перамогі" - гэта маштабны гісторыка-асветны праект, заснаваны ў Расіі камандай творчай майстэрні "Неўскі баталіст" сумесна з медыягрупай "Чырвоны квадрат" пры падтрымцы Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расіі, ААТ "Расійскія чыгункі" і грамадскай арганізацыі "Валанцёры Перамогі" ў рамках святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і правядзення Года памяці і славы ў Расіі. У першы рэйс поезд адправіўся з Беларускага вакзала Масквы ў кастрычніку 2020 года. За час работы музей наведалі ўжо амаль 92,5 тыс. чалавек з 38 гарадоў Расіі.
Гэты праект уяўляе сабой унікальную інтэрактыўную экспазіцыю, заснаваную на эфекце прысутнасці, якая створана на базе вагонаў перасовачнага выставачна-лекцыйнага комплексу. Састаў "Поезд Перамогі" ўключае 12 вагонаў, дзевяць з якіх экспазіцыйныя. Адзін з іх прысвечаны подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці - удзельнікам гераічнай абароны, салдатам і камандзірам Чырвонай Арміі, а таксама жанчынам і дзецям - членам сем'яў ваеннаслужачых, якія прынялі першы ўдар нямецкіх войскаў на сябе.
"Праект "Поезд Перамогі" - гэта ўнікальная ў сваім родзе экспазіцыя, якая складаецца з дзевяці вагонаў, кожны з якіх прысвечаны пэўнаму перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Гэты праект стварала вялікая каманда людзей. Праект імерсіўны, унікальны тым, што наведвальнікі аказваюцца ўнутры поезда, маючы магчымасць дакрануцца да прадметаў, пачуць аўдыярасказ. Тут паказана жыццё Савецкага Саюза і яго грамадзян, адлюстравана вайна праз прызму чыгункі, - расказала каардынатар каманды "Неўскі баталіст" Маргарыта Папова. - У экспазіцыі наведвальнікі сустракаюць мноства медыяэкранаў, больш за 100 фігур герояў, інтэр'еры вагонаў, незвычайныя лакацыі, якія не адносяцца да чыгункі, - усё гэта адноўлена ў натуральную велічыню".
У аснове - трохмерныя панарамы: жывапісныя палотны, макеты і шмат прадметнага плана на адлегласці выцягнутай рукі. Маршрут па "Поезде Перамогі" - гэта пераход ад аднаго эпізоду да іншага. Перадваенныя гады - Вялікая Айчынная - Перамога. На сёння ў музеях свету няма такой колькасці шматфігурных кампазіцый у скульптуры, дадалі ў БЧ.
"Экспазіцыя ўнікальная і сваім мультымедыйным суправаджэннем. Акрамя таго, у ёй выкарыстоўваюцца аб'ёмны гук, тэатральнае асвятленне, механічныя спецэфекты, датчыкі прысутнасці, галаграмы, панарамы баёў у віртуальнай рэальнасці, кіназдымка гістарычных рэканструкцый, трохмерная камп'ютарная графіка з мадэлямі ваеннай тэхнікі. Для кожнай зоны экспазіцыі спецыяльна напісана свая музыка", - адзначылі ў прэс-цэнтры БЧ.
Праект "Поезд Перамогі" з'яўляецца сацыяльным як у Расіі, так і ў Беларусі. Час работы экспазіцыі з 10.00 да 20.00. Перапынак з 14.00 да 15.00. Экспазіцыя рэкамендавана да наведвання дарослымі і дзецьмі з 12 гадоў. У адным вагоне "Поезда Перамогі" адначасова могуць знаходзіцца не больш за 10 наведвальнікаў, час праслухоўвання аўдыягіда складае 5 хвілін, агульны час экскурсіі - 45 хвілін.