Раней Беларусь пачала рэалізацыю працэдуры прыпынення дзеяння пагаднення аб рэадмісіі з ЕС. Міністр адзначыў, што гэта было вельмі важным пагадненне для абодвух бакоў. "Але з улікам таго, што пасля вядомых падзей мінулага года Еўрасаюз пайшоў на шэраг крокаў і спыніў фінансаванне канкрэтных праектаў у рамках гэтага пагаднення, то які сэнс нам удзельнічаць у гэтым пагадненні? Мы тыя грошы, якія планаваліся на добраўпарадкаванне пагранічнай інфраструктуры, рэалізацыю нейкіх іншых праектаў, звязаных з мабільнасцю, павінны будзем накіроўваць на ліквідацыю тых наступстваў, якія могуць мець месца ў Беларусі ў сувязі з уведзенымі санкцыямі. Інакш кажучы, гэтыя грошы пойдуць на канкрэтных людзей, на народ, - сказаў Уладзімір Макей. - Навошта мы павінны стрымліваць нейкіх збеглых мігрантаў, якія хочуць трапіць на той жа Захад у пошуках лепшага жыцця толькі таму, што некалі вядомыя краіны прынялі рашэнне правесці там каляровыя рэвалюцыі".
"Мы не збіраемся адымаць грошы ў народа і кідаць іх на непатрэбныя праекты, спрабуючы абараніць Захад, у той час як супраць нас прымаюцца адпаведныя санкцыйныя дзеянні", - падкрэсліў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Адказваючы на пытанне БЕЛТА аб змесце і працягласці працэдуры прыпынення дзеяння пагаднення аб рэадмісіі з ЕС, міністр удакладніў: "Гэта толькі працэдурныя моманты. Таму што ў свой час, калі мы заключалі з Еўрасаюзам пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, гэтыя пагадненні заключаліся ў пакеце, і яны падлягалі ратыфікацыі парламентам і зацвярджэнню на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Таму мы павінны адпаведна ўнесці ў парламент законапраект (па лініі МУС) аб прыпыненні дзеяння гэтага пагаднення".
Што датычыцца тэрмінаў прыняцця канчатковага рашэння, то Уладзімір Макей упэўнены, што гэта адбудзецца ў бліжэйшы час. "Пытанне ўжо запушчана. Цяпер праходзяць працэдуры міжведамаснага ўзгаднення. Сёння аб гэтым таксама дакладвалася на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. Думаю, у самы бліжэйшы час на працягу кароткага перыяду рашэнне будзе прынята. Абсалютна поўная згода наконт гэтага ёсць", - сказаў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Ён таксама адказаў на пытанне, ці пакідае Беларусь для сябе своеасаблівую фортачку, гаворачы менавіта аб прыпыненні дзеяння пагаднення, а не яго разрыве, каб у выпадку нармалізацыі адносін вярнуцца да ўдзелу ў ім. "Мы заўсёды пакідаем фортачку ў першую чаргу не для сябе, а для нашых заходніх партнёраў. Мы лічым, што нельга разбураць за сабой ўсё і ўся, пакідаць выпаленую зямлю, як гэта спрабуюць рабіць нашы еўрапейскія партнёры. Мы заўсёды былі і будзем настроены на спакойны, канструктыўны лад. І мы зацікаўлены, каб усе пытанні вырашаліся неканфліктным дыпламатычным шляхам, а не такім чынам і спосабам, як гэта спрабуюць рабіць сёння нашы партнёры", - заявіў міністр.