Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на працягу паўгода над праектамі Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях працавала міжведамасная экспертная камісія пад кіраўніцтвам намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольгі Чупрыс.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ўслед за кодэксамі неабходна перагледзець ведамасныя інструкцыі і іншыя акты падзаконнага ўзроўню, зняўшы з іх лішнія бюракратычныя патрабаванні. Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на неабходнасці хуткага правядзення такой работы. "Мы павінны з вамі дамовіцца, у якія тэрміны гэта зрабіць. Вельмі хацелася б, каб з новага года пачаў працаваць новы кодэкс і былі прыведзены ў парадак падзаконныя акты", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што змяненне норм заканадаўства ў далейшым прадоўжыцца па аналогіі з тым, як гэта адбывалася з кодэксамі аб адміністрацыйных правапарушэннях. У прыватнасці, такая работа будзе праведзена ў сферы крымінальнага заканадаўства.
"Прайшло нямала часу, жыццё памянялася. Новыя і дзеючыя законы павінны адпавядаць рытму, спосабу жыцця грамадзян і функцыянаванню дзяржавы. Таму надышоў час узяцца за гэту цяжкую, карпатлівую, часам нелюбімую работу (помню гэта з часоў сваёй парламенцкай дзейнасці), - адзначыў Прэзідэнт. - Не трэба ў выніку рэформ паламаць усё дашчэнту і разлічваць, што затым, на абломках мы нешта пабудуем. Трэба ісці так, як мы фарміравалі гэтыя кодэксы (аб адміністрацыйнай адказнасці) - ад жыцця, улічваючы тое, што ўжо зроблена".
"Забароны і абмежаванні павінны застацца толькі там, дзе яны аб'ектыўна неабходны: калі ёсць рызыка прычынення шкоды жыццю і здароўю грамадзян, узнікнення надзвычайных сітуацый", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.
"Не трэба чапляцца да людзей па дробязях, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Навошта штрафаваць пажылую жанчыну, якая ля дарогі прадае, напрыклад, вядро яблыкаў ці бульбы з уласнага агарода? Лепш будзе, калі мы ўсюды (хоць цяжка сказаць, дзе іх толькі няма) арганізуем міні-рынкі, паставім прылаўкі каля вёсак або ў людных месцах. А ў астатнім - нам проста не трэба перашкаджаць людзям жыць і працаваць".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што такая работа ў краіне ўжо вядзецца, яна пачалася тры гады таму ў рамках лібералізацыі бізнес-клімату. "Яна не павінна спыняцца. Гэта прамое даручэнне, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Пастаянна трэба думаць, як працаваць з людзьмі. Прававыя нормы павінны дапамагаць, а не перашкаджаць жыць".
У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў бальную сістэму, прапанаваную ДАІ. "Можа, яна і нядрэнная. У многіх краінах прыжылася. Але калі мы вывучылі грамадскую думку, то гэтай сістэме ў Беларусі пакуль няма даверу", - сказаў ён.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, каб у канчатковым выглядзе ў кодэксах у поўнай меры ўлічылі інтарэсы як дзяржавы, так і простых грамадзян. "Асобныя шурпатасці можна скарэкціраваць пры дапрацоўцы ў Палаце прадстаўнікоў, дзе парламентарыі яшчэ ўнясуць сваю лепту. Аднак па асноўных, канцэптуальных палажэннях праектаў мы павінны вызначыцца сёння", - падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта тэма ўжо абмяркоўвалася ў снежні 2019 года і тады быў выяўлены шэраг сістэмных недахопаў. "Я прыводзіў ужо канкрэтныя лічбы. Толькі за пяць гадоў у нас зарэгістравана ледзь ці не 16 млн парушэнняў, за якія да адказнасці прыцягнуты больш як 3 млн чалавек. Такі стан спраў стаў вынікам неналежнай правапрымяняльнай практыкі асобных ведамстваў і залішняй рэпрэсіўнасці адміністрацыйнага заканадаўства", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Для таго каб змяніць сітуацыю Прэзідэнт даваў адпаведныя даручэнні, у тым ліку наконт павелічэння скораснага рэжыму, аптымізацыі размяшчэння сродкаў фота- і відэафіксацыі, узмацнення прафілактычнай работы з насельніцтвам. Ён нагадаў, што ў падрыхтоўцы двух новых кодэксаў былі задзейнічаны дзяржорганы ўсіх узроўняў улады, дэпутацкі і судзейсці корпус, вучоныя і юрыдычная грамадскасць. Міжведамасная камісія вывучыла праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі, і выпрацавала аптымальныя прававыя мадэлі іх вырашэння.
"Перакананы, што толькі такім чынам могуць быць падрыхтаваны сапраўды справядлівыя і вельмі патрэбныя грамадству законы. Гэты вопыт трэба ўзяць на ўзбраенне і новаму складу ўрада", - лічыць Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама абазначыў асноўныя пытанні для ўдзельнікаў нарады. "Па-першае, якія асноўныя змяненні прадугледжаны праектамі кодэксаў? Ці ў поўнай меры ў іх рэалізаваны ўстаноўкі Прэзідэнта? Ці ўлічаны прапановы, якія паступілі ад грамадзян? - звярнуўся ён да прысутных. - Па-другое, наколькі мы перакроілі адміністрацыйны працэс? І ці трэба было гэта рабіць? Цікава пачуць, як нормы кодэксаў будуць прымяняць суды. Па-трэцяе, якім чынам будзе выбудавана прафілактычная работа з насельніцтвам па лініі органаў унутраных спраў? Гэта важны складнік. Бо, па сутнасці, міліцыя заўсёды была і будзе бліжэй за ўсё да людзей".