Аб знамянальнай даце кіраўніку дзяржавы 13 жніўня ў Рагачоўскім раёне нагадаў генеральны канструктар навукова-тэхнічнага цэнтра камбайнабудавання ААТ "Гомсельмаш" Сяргей Федаровіч, дэманструючы чарговую навінку прадпрыемства. "Ён адлічвае, калі мы пачалі рэвалюцыю ў камбайнабудаванні. 25 гадоў таму 24 жніўня мы з ім на полі вырашалі, быць камбайну беларускаму ці не быць. І мы, я помню, прыстасоўвалі энергасродак "Палессе" (кормаўборачны) - вешалі гэту жняярку, выводзілі трубы, каб збожжа сабраць", - успамінаў тады Аляксандр Лукашэнка.
Прынятае чвэрць стагоддзя таму рашэнне было цяжкім. Гучалі меркаванні адмовіцца ад вытворчасці ўласнай уборачнай тэхнікі і закупляць яе, напрыклад, у Германіі. Цяпер жа ў Беларусі ёсць цэлая лінейка такой тэхнікі сусветнага ўзроўню, якія ўжо канкурыруюць з тымі ж нямецкімі.
Прэзідэнт прапанаваў падумаць над тым, каб сустрэцца недзе ў полі і "аслупаваць" гэту дату.
Людям есці не было чаго. А без хлеба як?
І вось, менш як праз два тыдні, кіраўнік дзяржавы зноў у полі. "Мерапрыемства некалькі сімвалічнае. Але прысвечана вельмі важнаму этапу ў развіцці нашай дзяржавы. Нават не сельскай гаспадаркі. Мы добра памятаем, калі людзям не было чаго есці, людзей трэба было накарміць. А без хлеба як? Здарылася так, што нейкі хлеб у полі быў, а ўбіраць яго не было чым. І вось тады прымаліся сур'ёзныя рашэнні ў плане таго, чым убіраць хлеб", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На прадстаўленай увазе Прэзідэнта лінейцы тэхнікі былі як ультрасучасныя навінкі ад "Гомсельмаша", так і мадэль тако самага першага камбайна - КЗР-10 "Палессе-Ротар". "Трэба яго ўжо выводзіць з абароту і ставіць на пастамент - у музей. З гэтага ўсё пачыналася. А так паглядзіш - прыгожы, і не скажаш, што ён старадаўні", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт затрымаўся на некалькі хвілін каля гэтага камбайна, успомніў, як усё пачыналася: "Чвэрць стагоддзя мінула. Я зыходзіў з таго, што нечым трэба ўбіраць. Але не гэта галоўнае. Галоўнае, што мы пачыналі рабіць свае збожжаўборачныя камбайны. І калі вы не маглі тады нічога лепшага хутка зрабіць, спыніліся на гэтым".
Марыў аб тым, што пачнём рабіць свае камбайны. І мара здзейснілася
Аляксандр Лукашэнка адзначыў: тым не менш, першы камбайн атрымаўся нядрэнным і бюджэтным, што было асабліва важна для гаспадарак у тыя гады. "Страт не было. Для мяне гэта было самае галоўнае, што камбайн ідзе, убірае збожжа. Ён у рэшце рэшт быў нават не горшы за нямецкія ГДРаўскія камбайны (вытворчасці Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, што існавала ў Цэнтральнай Еўропе ў 1949-1990 гады. - Заўвага БЕЛТА). Я на іх працаваў у свой час і ўбачыў, што ён (беларускі камбайн. - Заўвага БЕЛТА) убірае не горш. Таму было прынята такое рашэнне. Я разумеў, што мы навучымся гэта рабіць. Трэба было пачынаць", - сказаў ён.
"Усё можам зрабіць, асабліва цяпер. Свет узаемазалежны. Сёння не ўмееш рабіць - заўтра навучышся: недзе купіў, нешта скапіраваў, палепшыў... - падкрэсліў беларускі лідар. - Галоўнае, я марыў аб тым, што мы пачнём рабіць свае камбайны. Вось - мара здзейснілася".
Галоўнае - не баяцца брацца за справу. Акцэнт на імпартазамяшчэнні
Прэзідэнт упэўнены, што галоўнае - не баяцца брацца за справу і не думаць, што нешта не атрымаецца. Перш за ўсё ў пытаннях імпартазамяшчэння. І яскравы таго прыклад - айчынныя камбайны, большая частка якіх пастаўляецца на экспарт. "Калі прымалі рашэнне, наогул катастрофа была. Прынялі рашэнне - стварылі камбайн. Гэта яны здзейснілі подзвіг, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - "Гомсельмаш" стаў іншым, і людзі іншыя - на галаву вышэй. Па ўсім свеце пастаўляем тэхніку. І ў абаронцы давялося шмат чаго рабіць. Але гэта не лягчэй".
Раней у гэтым месяцы ў Рагачоўскім раёне Прэзідэнту прадэманстравалі ў рабоце новы самаходны збожжаўборачны камбайн GH810 (КЗС-3321). А на гэты раз паказалі ў тым ліку машыну з сістэмай аўтаматычнага ваджэння, дзе прыменена тэхналогія інтэлектуальнага зроку: камеры і сучасная аўтаматыка даюць магчымасць камбайнеру практычна не адцягваць увагу на ваджэнне і сачыць толькі за якасцю ўборкі.
Аляксандру Лукашэнку таксама падарылі зменшаную копію таго самага першага айчыннага збожжаўборачнага камбайна.
У цэлым за 25 гадоў айчыннаму збожжаўборачнаму машынабудаваню ўдалося шмат чаго дасягнуць. На сённяшні дзень выпускаюцца 11 мадэлей тэхнікі ў 75 мадыфікацыях. Яшчэ 7 новых мадэлей у бліжэйшы час будуць запушчаны ў вытворчасць.
Паводле слоў генеральнага дырэктара "Гомсельмаша" Аляксандра Новікава, калі ў мінулым годзе холдынг выпусціў крыху больш за 1,8 тыс. самаходных машын, то за гэта першае паўгоддзе - амаль 1 тыс. адзінак тэхнікі. "Плануем да заканчэння года выпусціць 2 170 машын. У нас ужо практычна да сярэдзіны наступнага года сфарміраваны пакет заказаў", - праінфармаваў ён Прэзідэнта.
Аляксандр Новікаў расказаў кіраўніку дзяржавы аб перспектывах развіцця прадпрыемства, удасканаленні існуючых мадэлей камбайнаў і распрацоўцы новых.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваім патрабаванні актыўней займацца імпартазамяшчэннем, хоць менавіта на "Гомсельмашы" ў гэтым напрамку зроблена нямала: за апошнія пяць гадоў імпартаёмістасць вытворчасці скарочана ў два разы.
"Гэта трэба рабіць. А то мы жалеза зробім, а разумныя вузлы - гідраўліка, электроніка - купляем на Захадзе. Трэба самім гэта рабіць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
На полі гаспадаркі "Астрошыцы" кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з узорамі збожжаўборачных камбайнаў, іншай сельгастэхнікі і імпартазамяшчальнай прадукцыі (камплектуючых вырабаў да збожжаўборачных камбайнаў вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў). Тут былі таксама прадэманстраваны пасяўныя агрэгаты ААТ "Лідаграпраммаш", які ўваходзіць у холдынг "Гомсельмаш", і холдынга "АМКАДОР".
Лыжка дзёгцю ў бочцы мёду
Аляксандр Лукашэнка не змог абмінуць і негатыўныя моманты, адзначыўшы факты безгаспадарчага стаўлення да тэхнікі і ўраджаю ў час уборачнай кампаніі. "Мы ўмеем усё рабіць, але гэта бязладнасць, недысцыплінаванасць, нестараннасць - гэта катастрофа. З гэтым трэба заканчваць", - строга папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама звярнуў увагу чыноўнікаў на пытанні навядзення парадку ў некаторых сельгасарганізацыях, работу па вывядзенні пакуль адстаючых прадпрыемстваў на належны ўзровень. У гэтым плане ёсць сур'ёзныя недапрацоўкі, упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама цікавіўся некаторымі аспектамі ходу ўборачнай кампаніі, перш за ўсё ў Мінскай вобласці.
Не дзеля піяру, а дзеля эксперыменту: кавуны, бульба, травы, рапс і самае чыстае малако
Сёння ў час рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка згадаў і аб сваім прысядзібным участку, на якім ён не проста вырошчвае тыя ці іншыя культуры, а эксперыментуе - асабіста правярае напрацоўкі беларускіх вучоных.
"Кавуны - гэта не таму, што піяр нейкі. Гэта эксперыменты. Я пачынаў з аднаго галандскага сорту. Учора мы збіралі 5 розных сартоў. Мне раней прынеслі, на кухню паставілі кавалачкі, пяць сартоў гэтых кавуноў. Я вызначыў два лепшыя. Беларускі ўжо нядрэнны. І некалі, калі пачаў гэтым займацца, сказаў: прыйдзе час, мы будзем гэта вырошчваць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Дарэчы, традыцыйна, згодна з распараджэннем Прэзідэнта, ураджай салодкай ягады ідзе на частаванне - у дзіцячыя дамы і пажылым людзям.
"Сёння наогул нічым не адрозніваецца наш кавун ад таго, што мне Эмамалі Шарыпавіч Рахмон прыслаў (Прэзідэнт Таджыкістана. - Заўвага БЕЛТА). І спецыялісты гавораць, што гэта нават карысней для нас", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што дакладна такі ж падыход у яго і ў адносінах да іншых культур, напрыклад, новых сартоў бульбы. "Потым збіраю ўраджай і гляджу вынік. Бульба, якую нашы вучоныя робяць, - насенне (суперэліту я высяваю) - яна нават на смак іншая. Па-першае, яна чыстая - першы раз высяваецца, яшчэ не набрала ўсякай заразы, па тэхналогіі правільна вырошчваецца. І вось такім чынам я назіраю, што вучоныя даюць вытворцам. Гэтак жа рапс, травы...", - расказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама адзначыў, што на яго невялікай ферме самае лепшае малако: "Вядома, там 13 кароў. Яна ж не велізарная. Але гэта самае чыстае малако". Аляксандр Лукашэнка расказаў, што калі людзі просяць, то частка атрыманага малака перадаецца ў тым ліку мясцовым вясковым жыхарам.
"Інакш кажучы, я эксперыментую, гляджу, што трэба. Таму што карміць людзей - гэта пытанне нумар адзін", - рэзюмаваў беларускі лідар.