Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
03.09.2021

Праграма да 2025 года змяшчае алгарытм трансфармацыі тэрыторый краіны ў моцныя рэгіёны - Мінэканомікі

Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады змяшчае алгарытм трансфармацыі тэрыторый краіны ў моцныя рэгіёны. Аб гэтым заявіла намеснік міністра эканомікі Анжаліка Нікіціна на чарговым пасяджэнні пастаянна дзеючага семінара пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.

"Па-першае, мы маем намер перазагрузіць патэнцыял гарадоў з насельніцтвам большым за 80 тыс. У кожным такім рэгіёне запланавана стварэнне 2-3 новых прадпрыемстваў, якія не маюць аналагаў у краіне. Па-другое, садзейнічаць эканамічнаму і інавацыйнаму прагрэсу ў рэгіёнах будзе развіццё 13 спецыялізаваных кластараў. Па-трэцяе, прадугледжваецца прымяняць новыя падыходы для тэрыторый з прэферэнцыйнымі рэжымамі. Акцэнт - на індывідуальную работу з інвестарам: каб кожны мог падабраць для сябе зручны і прывабны набор ільгот і прэферэнцый. Па-чацвёртае, трэба падцягнуць тэрыторыі, пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС. Тут плануем развіваць турызм, традыцыйныя рамёствы, рэкрэацыйныя паркі. Гэта тыя напрамкі, якія могуць забяспечыць работай насельніцтва на месцах ужо цяпер", - расказала Анжаліка Нікіціна.

Удзельнікі семінара абмеркавалі прыярытэты эканамічнай палітыкі ў інавацыйных сферах дзейнасці Беларусі і Расіі ў кантэксце фарміравання адзінай эканамічнай прасторы, пытанні рэалізацыі інвестыцыйнай палітыкі, узаемадзеяння дзвюх краін у сферы імпартазамяшчэння, а таксама асноўныя напрамкі і перспектывы прыгранічнага і міжрэгіянальнага эканамічнага супрацоўніцтва.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.