Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
23.11.2020

Савет Рэспублікі адобрыў папраўкі ў пенсійныя законы

Сенатары на пасяджэнні чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання адобрылі законапраект "Аб змяненні законаў па пытаннях пенсійнага забеспячэння і дзяржаўнага сацыяльнага страхавання", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Нормы законаў прыводзяцца ў адпаведнасць з палажэннямі ўказаў, прынятых у гэтым годзе. Акрамя таго, у праекце змешчаны прапановы па карэкціроўцы закона "Аб індывідуальным (персаніфікаваным) уліку ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання". Падрыхтоўка змяненняў у гэты закон прадугледжана планам падрыхтоўкі законапраектаў на бягучы год.

У прыватнасці, у законапраекце знайшлі адлюстраванне палажэнні ўказа нумар 171. Ён прадаставіў дадатковыя пенсійныя гарантыі сацыяльна слабаабароненым катэгорыям: маці з чатырма дзецьмі, інвалідам, бацькам дзяцей-інвалідаў. Так, паводле слоў міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч, прадугледжана павелічэнне перыяду, які можа ўключацца ў агульны стаж у сувязі з доглядам дзяцей ва ўзросце да трох гадоў. Гэта норма закранае амаль 70 тыс. жанчын.

"На гэты час максімальны перыяд складае дзевяць гадоў. З 1 студзеня 2021 года жанчынам, якія маюць чацвёра і больш дзяцей, у агульны стаж можа быць улічана дадаткова яшчэ тры гады, калі яны не працавалі і даглядалі малалетніх дзяцей. Гэта значыць усяго 12 гадоў. Гэта норма будзе распаўсюджвацца не толькі на тых жанчын, якія ўпершыню звяртаюцца за назначэннем пенсій, але і тых, якім пенсія ўжо назначана. Акрамя таго, для маці з чатырма дзецьмі страхавы стаж для назначэння пенсіі па ўзросце зніжаецца да 10 гадоў. Патрабаванні да агульнага стажу застаюцца ранейшымі - 20 гадоў", - адзначыла міністр.

Шэраг норм накіраваны на аблягчэнне інвалідам доступу да працоўнай пенсіі па ўзросце. "Маючы даўгачасныя праблемы са здароўем, адпрацаваць 18-20 гадоў не заўсёды магчыма. Таму асобам, якія знаходзіліся на інваліднасці першай або другой групы не менш за 10 гадоў, патрэбны страхавы стаж зніжаецца на шэсць месяцаў за кожны поўны год знаходжання на інваліднасці. Калі знаходжанне на інваліднасці складае 21 год і больш, для працоўнай пенсіі па ўзросце будзе дастаткова мець пяць гадоў страхавога стажу", - падкрэсліла Ірына Касцевіч. Змяненні таксама закранаюць і пенсіі бацькоў дзяцей-інвалідаў.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.