Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
01.03.2021

Сергяенка аб змяненні крымінальнага заканадаўства: гэта вельмі важна і для дзяржавы, і для людзей

Законапраект, накіраваны на ўдасканаленне кодэксаў аб крымінальнай адказнасці, абмяркоўваўся сёння на пасяджэнні спецыяльнай рабочай групы. Яе дзейнасць выйшла на фінальную стадыю, работа над дакументам перад яго ўнясеннем у парламент амаль завершана, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як расказаў на пасяджэнні рабочай групы кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, падрыхтаваны законапраект адпавядае бягучай абстаноўцы ў краіне, накіраваны на забеспячэнне сістэмнасці, збалансаванасці крымінальнага заканадаўства і прадугледжвае аптымізацыю механізмаў узаемадзеяння паміж праваахоўнымі органамі.

Ён нагадаў, што работа па падрыхтоўцы законапраекта вялася па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Спачатку было ўдасканалена адміністрацыйнае заканадаўства, у выніку чаго прыняты абноўлены Кодэкс аб адміністрацыйнай адказнасці, які ўступіць у сілу з 1 сакавіка гэтага года.

А наступным этапам стала ўдасканаленне крымінальнага заканадаўства - крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага і крымінальна-выканаўчага кодэксаў. У гэтай дзейнасці прымалі ўдзел і спецыялісты розных ведамстваў, юрысты, дэпутаты парламента. "Гэта работа падыходзіць да завяршэння", - канстатаваў Ігар Сергяенка.

"Хацелася б адзначыць, што гэта работа вельмі важная як для дзяржавы, так і для простых людзей. Паколькі ў новым законе мае значэнне кожная літара, коска. Ад яго норм у канчатковым выніку залежыць лёс і жыццё канкрэтнага чалавека", - падкрэсліў ён.

Паводле яго слоў, важным патрабаваннем пры падрыхтоўцы паправак з'яўляецца эфектыўнасць прымянення на практыцы. "Мы не павінны ўносіць тыя змяненні, якія будуць загадзя невыканальныя, - звярнуў увагу кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Крымінальны закон павінен адпавядаць рэальнай абстаноўцы ў краіне і ў свеце. Павінна ўлічвацца і сусветная практыка. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы на шостым Усебеларускім народным сходзе, людзі павінны ўбачыць адпаведны закон і ўразумець для сябе, якія будуць наступствы за яго невыкананне".

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.