Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
05.05.2021

СМІ павінны больш пісаць аб праблемах, якія ўлада ведае і вырашае - Лісковіч

СМІ павінны больш пісаць аб праблемах, якія ўлада ведае і вырашае. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч.
 
"СМІ адыгрываюць і будуць адыгрываць ключавую ролю ў аб'ектыўнай своечасовай падачы матэрыялу, што дае магчымасць сфарміраваць у чалавека меркаванне аб той ці іншай падзеі", - сказаў Віктар Лісковіч.

Паводле яго слоў, у апошнія гады беларускія СМІ зведалі сур'ёзнае развіццё. "СМІ растуць, змагаюцца за свайго чытача. Сёння ўсё шырэй яны прысутнічаюць у сацыяльных сетках. Мы абавязаны гаварыць з людзьмі на іх мове. У Instаgram - у адным выглядзе падаваць матэрыял, у Facebook - у іншым. Важна аператыўнасць. Навіна жыве ў электронных крыніцах каля трох гадзін. Усе змагаюцца за хуткасць - даведацца і перадаць. Але самае галоўнае - праўдзівасць інфармацыі. Нават любы негатыў трэба падаваць праз прызму таго, як трэба змяніць сітуацыю, каб не дапускаць гэтых памылак у далейшым", - адзначыў сенатар.

Віктар Лісковіч падкрэсліў, што ў друкаваных СМІ павінна быць больш аналітычных матэрыялаў. "Мы сёння мала пішам у газетах аб тых праблемах, якія ўлада ведае і вырашае. Калі б усё гэта паказвалі нашым чытачам, па-першае, яны былі б больш інфармаванымі, разумелі б, што над іх праблемамі працуюць. І яшчэ момант - гэта не стварала б пэўную колькасць зваротаў у розныя органы ўлады па тым ці іншым пытанні, якое іх хвалюе. Яны знаходзілі б адказы адразу", - сказаў ён.

Сенатар нагадаў, што заўтра пройдзе ўзнагароджанне пераможцаў XVII Нацыянальнага конкурсу "Залатая Літара". "У гэтым годзе на конкурс было пададзена 335 заявак у 25 намінацыях. Шырока прадстаўлены рэгіянальныя СМІ - пададзена 270 заявак. У гэтым годзе на конкурс прадстаўлены вельмі моцныя работы. Журы вельмі цяжка было прыняць рашэнне. І, вядома ж, пераможа мацнейшы. Але галоўнае не перамога - галоўнае ўдзел. Нават той, хто прайграў, атрымлівае дадатковыя бонусы, таму што ён удзельнічаў, развіваўся і гэта яго падштурхне працаваць яшчэ лепш", - рэзюмаваў Віктар Лісковіч.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.