Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
04.05.2021

Тэрмін выдачы пропускаў у пагранзону і пагранпаласу на Радаўніцу скароцяць - ДПК

Тэрмін выдачы пропускаў у пагранзону і пагранпаласу на Радаўніцу скароцяць. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце.

У выхадныя з 8 па 11 мая для наведвання могілак, размешчаных у пагранічнай паласе, грамадзянам Беларусі і замежным грамадзянам неабходна мець пры сабе пропуск, які выдаецца органамі пагранічнай службы.

Замежным грамадзянам, акрамя таго, неабходна мець пропуск для ўезду ў пагранічную зону, за выключэннем выпадкаў транзітнага праезду (транзіту) праз пагранзону па самым кароткім маршруце руху па аўтамабільных дарогах агульнага прызначэння, чыгунках і водных шляхах. Для афармлення пропускаў на права знаходжання ў пагранічнай зоне замежным грамадзянам неабходна звярнуцца з заявай у Дзяржпагранкамітэт або ў любы тэрытарыяльны орган пагранічнай службы. Пры сабе неабходна мець пашпарт і даведку аб месцы пахавання сваякоў.

Для афармлення пропускаў на права знаходжання ў пагранічнай паласе неабходна звярнуцца з заявай у той тэрытарыяльны орган пагранічнай службы, на ўчастку якога плануецца наведванне пагранічнай паласы. Пры сабе неабходна мець пашпарт. У гэтым выпадку выдача пропуску будзе ажыццяўляцца ў дзень звароту. Ва ўсіх астатніх выпадках (запрашэнне, выклік на вучобу, пуцёўкі ў санаторна-курортныя або аздараўленчыя арганізацыі, размешчаныя ў пагранічнай зоне, і гэтак далей) тэрмін выдачы пропуску займае да 5 дзён згодна з заканадаўствам.

"Інфармуем таксама, што атрымаць пропуск у пагранічную зону і паласу можна з дапамогай паслугі электроннай падачы заяў. Для гэтага неабходна зарэгістравацца на Адзіным партале электронных паслуг, - адзначылі ў ДПК. - Дадатковую інфармацыю аб парадку наведвання пагранічнай зоны і пагранічнай паласы можна атрымаць на інтэрнэт-портале Дзяржпагранкамітэта ў раздзеле "Пагранічная зона, паласа", а таксама звярнуўшыся ў тэрытарыяльныя органы пагранслужбы або па тэлефоне ў Дзяржпагранкамітэце 8 (017) 329-18-70.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.