Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
30.03.2021

У Беларусі плануюць прадаставіць наймальнікам права звальняць за заклікі да забастовак - Рахманаў

Савет бяспекі прапануе прадаставіць наймальнікам права звальняць за заклікі да забастовак. Аб гэтым у праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" расказаў намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандр Рахманаў, паведамляе БЕЛТА.

"Даволі распаўсюджаная на сёння тэматыка так званых незаконных забастовак. У выпадку з падзеямі другога паўгоддзя 2020 года ні аб якой працоўнай спрэчцы размова не ішла. Прымаліся меры для таго, каб расхістаць калектыў, прыпыніць або наогул спыніць работу прадпрыемства. І, як мы бачым, у далейшым падзяліць рынкі, у тым ліку замежныя, на якіх прадукцыя нашых айчынных прадпрыемстваў карыстаецца попытам, - сказаў Аляксандр Рахманаў. - Мы прадугледзелі і прапануем дадатковыя падставы да скасавання кантрактаў па ініцыятыве наймальніка з людзьмі, якія такой дэструктыўнай дзейнасцю займаюцца".

Таксама ён адзначыў, што ніякай рэабілітацыі або гераізацыі нацызму ў Беларусі быць не павінна. "Прыняцце законапраекта аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму - гэта не толькі крок да таго, каб прапісаць парадак дзейнасці розных дзяржаўных грамадскіх інстытутаў у гэтым напрамку, але таксама наша паслядоўная, катэгарычная пазіцыя па такім пытанні, у тым ліку на міжнароднай арэне", - падкрэсліў намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.