"Да 25 жніўня неабходна далажыць кіраўніку дзяржавы аб гатоўнасці ўстаноў адукацыі да пачатку заняткаў. Да гэтага часу павінны быць завершаны ўсе работы па мадэрнізацыі, рамонце і добраўпарадкаванні тэрыторый, абнаўленні абсталявання, падпісанні адпаведных сертыфікатаў гатоўнасці", - сказаў Ігар Петрышэнка.
Асобна віцэ-прэм'ер папрасіў далажыць аб выкананні эпідэміялагічнага рэжыму пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ў цяперашніх умовах, у тым ліку аб тым, ці дастаткова ў школах дэзынфіцыруючых сродкаў. "Гэтыя пытанні павінны быць у цэнтры ўвагі і камісій пры прыёмцы ўстаноў адукацыі да пачатку навучальнага года", - даручыў ён.
Абмяркоўвалася таксама арганізацыя харчавання вучняў. "Парадак у гэтым пытанні ва ўсіх установах адукацыі пакуль не дасягнуты. І Камітэт дзяржаўнага кантролю, і Генеральная пракуратура выяўляюць у некаторых установах праблемы, якія сталі, на жаль, чамусьці ўжо традыцыйнымі: парушэнні патрабаванняў заканадаўства ў сферы закупак, фінансавай і касавай дысцыпліны, санітарна-эпідэміялагічных норм. У новым навучальным годзе такое недапушчальна", - адзначыў Ігар Петрышэнка.
На нарадзе закранулі пытанні гатоўнасці спартыўных пляцовак у школах, аб аснашчэнні спартыўным інвентаром і абсталяваннем, своечасовым выданні і дастаўцы падручнікаў, укамплектаванасці ўстаноў адукацыі кадрамі, у першую чаргу выхавальнікамі, педагогамі-псіхолагамі, сацыяльнымі педагогамі.
У гэтым годзе ў навучальныя ўстановы накіраваны 4722 маладыя спецыялісты. Ігар Петрышэнка папрасіў звярнуць увагу на стварэнне ўмоў для іх работы.
"Не павінны заставацца без увагі пытанні арганізацыі работы школьных базараў і кірмашоў, забеспячэння даступнасці, якасці і разнастайнасці асартыменту школьнага адзення і абутку, школьна-пісьмовых прылад і канцылярскіх тавараў", - падкрэсліў ён.
Ігар Петрышэнка таксама звярнуўся да бацькоў: "Давайце зберажом нашых дзяцей ад неабдуманых крокаў і ўчынкаў. Моладзь мае права мець сваё меркаванне. Але менавіта сваё, не навязанае звонку нейкімі сіламі, якія ўцягваюць наша маладое пакаленне ў псеўдапалітычныя гульні і ператвараюць яго ў марыянетку дэструктыўных элементаў. Каму, як не вам, хто ведае сваіх дзяцей лепш, чым хтосьці, растлумачыць ім усю дзікасць і неправамернасць таго, што адбываецца. Звярніце цяпер яшчэ больш увагі на сваіх дзяцей, родных і блізкіх, дапамажыце ім сваёй мудрай парадай і не дайце стаць на злачынны шлях".
"Дзяржава стварае для моладзі ўсе неабходныя ўмовы для атрымання якаснай адукацыі і самарэалізацыі. Для таго, каб маладыя людзі сталі сапраўднымі патрыётамі краіны і самі вызначалі і свой лёс, і лёс дзяржавы", - дадаў ён.
Паводле інфармацыі прэс-службы ўрада, ва ўсіх рэгіёнах краіны будзе арганізавана работа больш як 350 школьных базараў (кірмашоў).
Кошт камплекта адзення дзелавога стылю для школьнікаў 1-4 класаў складзе ад Br70 да Br231, 5-9 класаў - ад Br72 да Br283, 10-11 класаў - ад Br80 да Br303. Кошт набору школьна-пісьмовых прылад і канцылярскіх тавараў складае ад Br25 да Br120.
Малазабяспечаным сем'ям будзе аказана падтрымка ў выглядзе сацыяльных дапамог на набыццё адзення, абутку, школьных прылад. Дапамогу атрымаюць сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, сем'і, у якіх бацькі (адзін з іх) з'яўляюцца непрацаздольнымі. Для шматдзетных сем'яў плата за падручнікі зніжаецца на 50 працэнтаў. У рэгіёнах і Мінску аб'яўлены дабрачынныя акцыі "Ад сэрца да сэрца", "Збяром партфель першакласніку", "Падары радасць дзецям", "У школу з добрым сэрцам" і інш.
У новым навучальным годзе будуць працаваць 2952 дзіцячыя сады, 2990 школ і 50 ВНУ. Плануецца, што дзіцячыя сады будуць наведваць 435,5 тыс. выхаванцаў, у школы пойдуць 1 млн 55 тыс. дзяцей, у тым ліку 114 тыс. першакласнікаў.