Пётр Міклашэвіч праінфармаваў, што Канстытуцыйны суд за 2020 год праверыў 44 законы, прынятыя Нацыянальным сходам, да іх падпісання Прэзідэнтам, і ў цэлым прызнаў іх усе адпаведнымі Канстытуцыі. Разам з тым у некаторых законах былі выяўлены дэфекты прававога рэгулявання, абумоўленыя наяўнасцю прабелаў, прававой нявызначанасці, у сувязі з чым заканадаўцу рэкамендавана ўстараніць іх пры далейшым удасканаленні заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносін. "Таксама ў рашэннях Канстытуцыйны суд указваў правапрымяняльнікам, каб не скажаўся канстытуцыйна-прававы сэнс норм законаў і каб гэта не прыводзіла да ўшчамлення законных правоў і свабод грамадзян", - адзначыў старшыня КС.
"Канстытуцыйны суд лічыць, што заканадаўцу неабходна ў прымаемых законах адэкватна адлюстроўваць бягучыя грамадскія адносіны, абапірацца на падтрымку шырокіх слаёў насельніцтва пры ўстанаўленні змянення прававога рэгулявання ў важных сферах жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы. У гэтых мэтах мэтазгодна ў практыцы заканатворчай дзейнасці сістэмна выкарыстоўваць інстытуты прагназавання, грамадскага абмеркавання і грамадскіх экспертыз, агульнанацыянальных і рэгіянальных дыялогаў па праектах нарматыўных прававых актаў", - гаворыцца ў пасланні КС.
Асаблівая ўвага ў дакуменце ўдзелена тэматыцы прававога рэгулявання ў сувязі з развіццём інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, лічбавізацыяй грамадскіх адносін. Фарміраванне новых палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай і прававой рэальнасці абумоўлівае абнаўленне і трансфармацыю права, перакананы ў КС. "Гэта патрабуе дактрынальнага асэнсавання і эфектыўнага заканадаўчага рэгулявання. У новых умовах сістэма права павінна гарантаваць бяспеку рэалізацыі правоў і свабод чалавека, стабільнасць і дынамізм у канстытуцыйным развіцці, захаванне і ўмацаванне нацыянальных фундаментальных каштоўнасцей беларускага грамадства і дзяржавы", - падкрэсліў Пётр Міклашэвіч, зачытваючы пасланне.
Прыярытэтным напрамкам ён назваў комплекснае і сістэмнае прававое забеспячэнне лічбавай эканомікі для стварэння максімальна спрыяльных умоў і стымулявання дзелавой актыўнасці. "Канстытуцыйны суд адзначае, што для лічбавай эканомікі патрабуюцца развіццё нарматыўнай прававой базы, стварэнне прававых рэгулятараў новага пакалення, якія забяспечваюць лічбавую трансфармацыю эканамічных працэсаў. У гэтых мэтах неабходна ўдасканаленне заканадаўчага рэгулявання, лічбавых праваадносін, інстытутаў права ўласнасці, карпаратыўнага права, аграрнага права, камерцыйнага права, замацаванне лічбавых правоў і раскрыццё іх зместу ў Грамадзянскім кодэксе", - адзначыў старшыня КС.
У сувязі з узнікненнем новых форм занятасці, развіцця разнастайных паслуг КС лічыць, што заканадаўцам "неабходна выпрацоўваць прававыя механізмы, якія забяспечваюць сучасныя стандарты сацыяльнай абароны i сацыяльнага страхавання" для работнікаў усіх форм занятасці.
Канстытуцыйны суд таксама звярнуў увагу парламента на неабходнасць своечасовага заканадаўчага рэгулявання новых грамадскіх адносін, што ўзнікаюць у сувязі з лічбавізацыяй, і новых механізмаў рэалізацыі правоў і свабод, якія валодаюць віртуальным выражэннем. "Мадэрнізацыя канстытуцыйна-прававога статусу асобы патрабуе развіцця прававога рэгулявання з улікам таго, што агульнаправавы прынцып свабоды асобы цяпер уключае добраахвотную інфармаваную згоду чалавека на ўзаемадзеянне з інфармацыйна-інтэлектуальнымі сістэмамі і абавязак дзяржавы забяспечыць бяспеку такога ўзаемадзеяння", - гаворыцца ў пасланні КС.
Закранаецца ў дакуменце і неабходнасць пошуку балансу публічных і прыватных інтарэсаў, дзеянняў улады і свабоды асобы на розных узроўнях іх праяўлення. Для гэтага, на думку КС, патрэбна своечасовае заканадаўчае рэгуляванне новых форм і спосабаў грамадзянскага ўдзелу ў кіраванні справамі грамадства і дзяржавы.
У пасланні асабліва падкрэсліваецца роля Канстытуцыі як прававога фундаменту дэмакратычнага ўладкавання грамадства і дзяржавы. "Эвалюцыйнае канстытуцыйнае развіццё на аснове фундаментальных канстытуцыйных ідэалаў і каштоўнасцей забяспечвае пераадоленне новых пагроз, вяршэнства права і канстытуцыйнага правапарадку. Канстытуцыйны суд лічыць, што ў грамадскай свядомасці неабходна ўмацоўваць разуменне таго, што павага, свядомае і добраахвотнае выкананне Канстытуцыі і законаў сваёй краіны з'яўляюцца асновай адзінства і кансалідацыі грамадства, стабільнага і дынамічнага развіцця Беларусі", - агучыў Пётр Міклашэвіч пасланне КС.