Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
18.03.2021

Заканадаўства аб мясцовым кіраванні трэба ўдасканальваць - прадстаўнік Канстытуцыйнай камісіі

Заканадаўства аб мясцовым кіраванні і самакіраванні мае патрэбу ва ўдасканаленні. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА прадстаўнік Канстытуцыйнай камісіі, старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.

“Цяперашняя Канстытуцыя - грунтоўна складзены дакумент, але ён ужо мае патрэбу ў некаторых змяненнях. Ад жыхароў рэгіёна, на дыялогавых пляцоўках паступалі прапановы па змяненнях у Асноўны закон. Трэба разгледзець іх больш дэталёва, - сказаў старшыня Пружанскага райсавета. - На мой погляд, трэба закрануць тэму мясцовага кіравання і самакіравання, у прыватнасці статус і ролю дэпутатаў сельскіх Саветаў”.

Мікалай Кудравец звярнуў увагу на тое, што старшыня сельскага Савета і выканкама - адзін і той жа чалавек. Гучаць прапановы аб скасаванні сельсаветаў, аб тым, каб перадаць іх функцыі сельвыканкамам, якія могуць быць перайменаваны ў адміністрацыі. “Хацелася б, каб гэта пазіцыя знайшла сваё адлюстраванне ў асноўным законе. У вёсцы ёсць праблема: з-за ўрбанізацыі іншым часам складана сфарміраваць склад дэпутатаў. Я больш удзяліў бы ўвагі рабоце старастаў - першых памочнікаў старшынь сельсаветаў. Інстытут старастаў трэба было б развіваць, падтрымліваць гэтых людзей матэрыяльна. Вядома, ёсць нямала актыўных людзей, якія разам з аднавяскоўцамі гатовы рабіць вялікія справы на сваёй зямлі. Аднак матэрыяльны стымул павінен быць”, - упэўнены Мікалай Кудравец.

На яго погляд, гэтыя пытанні трэба вырашыць і прапісаць канстытуцыйна, каб потым адлюстраваць у законе аб мясцовым кіраванні і самакіраванні.

Па матэрыялах сайта БЕЛТА.