Дзеці — наша будучыня, і каб яны раслі сапраўднымі беларусамі, важна, каб мелі магчымасць чытаць, слухаць менавіта беларускую мову з ранняга дзяцінства. Вось ужо другі год у ДУА “Яслі-сад № 12 г. Ваўкавыска” функцыяніруе група з беларускай мовай навучання, у якой я працую выхавальнікам разам з Ганнай Леанідаўнай Гусак.
Пачынаць працу ў беларускамоўнай групе было боязна. Але падтрымка адміністрацыі і разуменне з боку бацькоў гэтыя страхі хутка развеялі. Мы імкнёмся зрабіць працэс авалодання беларускай мовай лёгкім, цікавым і прадуктыўным.
Кожную раніцу сустракаем дзетак цудоўнымі словамі, што прыйшлі да нас ад дзядоў. Наша задача — зрабіць заняткі вясёлымі, цікавымі, каб дзеці чакалі іх. Дапамагаюць у гэтым вершы, лічылкі, дражнілкі, загадкі — усё тое, што маленькія лёгка запамінаюць. Усё гэта актыўна выкарыстоўваем і на прагулках падчас назіранняў за жывой і нежывой прыродай. У нашым педагагічным багажы цэлы вянок гульняў — іх дзеці любяць асабліва. А яшчэ яны з асалодай працуюць у “Чытанках-маляванках” па беларускіх казках — апошнія развіваюць уважлівасць і эмацыянальнасць, выхоўваюць у дзяцей любоў да роднага слова, вучаць іх марыць і абуджаюць творчыя здольнасці.
Каб напоўніць нашу бібліятэчку літаратурай на беларускай мове, мы прапанавалі бацькам прыняць удзел у праекце “Казка як эфектыўны сродак развіцця дзяцей ранняга ўзросту”, прадуктам якога сталі развіваючыя кнігі да беларускіх народных казак. У наступным праекце “Мая сям’я” мы павіншавалі родных і блізкіх выхаванцаў з Днём сям’і і ў падарунак уручылі ім каляндарыкі з сямейнымі фотаздымкамі.
Зладжаная сістэма работы дазваляе паспяхова фарміраваць уяўленні дзяцей пра сімвалы беларускай дзяржавы, народныя і дзяржаўныя святы, выхоўваць гонар за сваю краіну, беларускі народ.
За мінулы год шмат атрымалася зрабіць, але самае галоўнае, што дзеткі ўжо загаварылі па-беларуску. Людзі, якія з дзяцінства свабодна валодаюць некалькімі мовамі, маюць больш гнуткае мысленне, вышэйшую канцэнтрацыю ўвагі, больш развітыя агульныя моўныя здольнасці. Бацькі выхаванцаў прыслухоўваюцца да нашых меркаванняў і прапаноў, з’яўляюцца частымі наведвальнікамі нашай закладкі на сайце дашкольнай установы, дзе мы размяшчаем разнастайную інфармацыю пра жыццё ў групе і дзіцячым садзе, кансультацыі і памяткі, матэрыялы ў дапамогу ў навучанні на беларускай мове.
Перыяд развіцця дзіцяці ад 3 да 7 гадоў з’яўляецца найбольш спрыяльным для фарміравання ўяўленняў аб родным краі, станоўчых адносін да яго, далучэння дзяцей да беларускай народнай культуры. Давайце ж разам раскрываць дзецям багацце і непаўторнасць роднага краю, яго гісторыю, дапамагаць усвядоміць сябе неад’емнай часткай гэтай прыгожай зямлі, цудоўнага народа!
Вераніка КАВАЛЬЧУК, выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА “Яслі-сад № 12 г. Ваўкавыска”
Па матэрыялах сайта раённай газеты "Наш час".