Галоўная / Навiны / Навiны раёна
24.09.2021

Урачыстая лінейка, прысвечаная памяці Сцяпана Струга, адбылася ў НПК дзіцячы сад сярэдняя школа п. Юбілейны

17 верасня ў аграгарадку Юбілейны на фасадзе навучальна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад – сярэдняя школа п. Юбілейны з’явілася мемарыяльная дошка імя Сцяпана Струга. З гэтай нагоды там адбылася ўрачыстая лінейка, прысвечаная Дню народнага адзінства.

У пачатку кастрычніка 1939 года пачалася падрыхтоўка да выбараў у Народны сход. Важным момантам у выбарчай кампаніі было вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Народнага сходу. З гэтай адказнай задачай часовыя ўпраўленні і сялянскія камітэты паспяхова справіліся. Сярод кандыдатаў быў селянін-бядняк, жыхар вескі Маісеевічы Сцяпан Струг. 22 кастрычніка ён быў абраны дэпутатам.

Намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Таццяна Крэўская ў сваім выступленні на лінейцы адзначыла:

— Мы ганарымся, што наш зямляк, найстарэйшы дэпутат Сцяпан Францавіч Струг, 28 кастрычніка 1939 года ў Беластоцкім тэатры адкрыў Народны сход, які на працягу трох дзён вырашаў важнейшыя пытанні далейшага лёсу працоўных Заходняй Беларусі.

Ганаровае права адкрыцця мемарыяльнай дошкі было прадастаўлена дырэктару КСУП “Няверавічы” Казіміру Вараб’ю і дырэктару НПК Дзянісу Белавусу.

— Ад імя кіраўніцтва нашага прадпрыемства і ад усіх працоўных у нашай гаспадарцы хачу павіншаваць вас з гэтым дзяржаўным святам — Днём народнага адзінства. І хачу вас папрасіць, каб гістарычную памяць пра тую важную падзею і пра сённяшні дзень вы захоўвалі скрозь гады, — звярнуўся да гасцей і вучняў намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы КСУП «Няверавічы» Іван Маржала.

Таксама ў рамках акцыі “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь” вучні, якім споўнілася 14 гадоў, атрымалі традыцыйны падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі — кнігу. З нагоды свята вучні школы падрыхтавалі сюрпрыз для гасцей — танец з нацыянальнай беларускай сімволікай.









Па матэрыялах сайта раённай газеты "Наш час".