Галоўная / Навiны / Навiны раёна
01.05.2020

Ваўкавыскі раён. Зарплата ў тэрмін і рост колькасці вакансій

Пра сітуацыю на рынку працы, занятасць і даходы насельніцтва гутарым са старшынёй Ваўкавыскага райвыканкама Міхаілам Сіцько.

— Міхаіл Міхайлавіч, як бы вы ахарактарызавалі сітуацыю на рынку працы? Якая назіраецца тэндэнцыя ў Ваўкавыскім раёне?

— На пачатак года на ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама знаходзілася 106 беспрацоўных, а вакансій заяўлена 919. Такім чынам, на аднаго беспрацоўнага прыпадае каля дзевяці прапаноў. Узровень беспрацоўя складае 0,3 %. Сітуацыя на рынку працы не выходзіла за рамкі прагнозных паказчыкаў, а напружанасць мела тэндэнцыю да зніжэння. Калі на 1 студзеня 2019 года каэфіцыент напружанасці складаў 0,3 %, дык на пачатак гэтага года — 0,1 %.

Такая тэндэнцыя на рынку працы раёна захоўваецца і на сённяшні дзень.

— Якія спецыялісты патрэбны цяпер арганізацыям і прадпрыемствам?

— Згодна з банкам дадзеных, на сённяшні дзень найбольш запатрабаваны наступныя работнікі: у ахове здароўя — урачы і медсёстры, у сельскай гаспадарцы — трактарысты, ветэрынарныя ўрачы, жывёлаводы, у будаўніцтве — муляры, тынкоўшчыкі, маляры, а таксама ва ўсіх сферах неабходны кіроўцы аўтамабіляў.

— У Ваўкавыскім раёне, як і ўвогуле ў краіне, прапаноў ад наймальнікаў даволі шмат. Як службы раёна працуюць па запаўненні вакансій?

— Летась мы паспрыялі працаўладкаванню 1 828 грамадзян, большасць з якіх — беспрацоўныя. Планавыя паказчыкі выкананы. Асаблівая ўвага звяртаецца на тых, хто мае дадатковыя сацыяльныя гарантыі. Такую катэгорыю беспрацоўных наймальнікі прымаюць на работу ў першачарговым парадку ў лік устаноўленай броні. За 2019 год амаль сто чалавек працаўладкавана такім чынам. Яшчэ шэсць чалавек працаўладкаваны па праграме «Адаптацыя беспрацоўных інвалідаў да працоўнай дзейнасці». Гэта больш, чым планавалася. Значную ролю адыгрывае перападрыхтоўка спецыялістаў, каб павысіць канкурэнтаздольнасць грамадзян на рынку працы. Летась было накіравана на вучобу 50 чалавек, з іх 30 пад заказ наймальніка. Двое беспрацоўных былі пераселены на новае месца жыхарства. На новыя рабочыя месцы працаўладкавана 60 чалавек, з іх траціна — у новыя арганізацыі.

— Скажыце, якія яшчэ формы работы спрыяюць занятасці беспрацоўных?

— Выдзяленне субсідый на арганізацыю сваёй справы, грамадскія работы, часовая занятасць моладзі ў вольны ад вучобы час, правядзенне кірмашоў вакансій — гэта таксама меры па садзейнічанню занятасці грамадзян, якія сёння актыўна выкарыстоўваюцца.

— На занятасць і рынак працы ў значнай ступені ўплывае заработная плата. Як ідуць справы з выплатай і памерамі зарплаты?

— Сапраўды, зарплата з'яўляецца асноўным даходам насельніцтва. Па выніках 2019 года намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў раёне вырасла на 13,3 % у параўнанні з папярэднім годам і склала 882,60 рубля. Найбольшы рост зарплат назіраецца па арганізацыях рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў падпарадкавання.

Варта адзначыць, што пратэрмінаванай запазычанасці па выплаце заработнай платы сярод прадпрыемставаў і арганізацый раёна, якія падаюць статыстычную справаздачу, на 1 студзеня гэтага года і за ўвесь папярэдні год не было: уся зарплата выплачвалася ў адпаведныя тэрміны.

Па матэрыялах сайта газеты "Звязда".